Вы тут

Яны і мы. Калі гаспадары становяцца гасцямі


Кажуць, у Беларусі павялічылася колькасць мядзведзяў. Людзі здымаюць іх на відэа, выкладваюць выявы і аповеды ў сацыяльныя сеткі. Таўстапятыя асабліва і не баяцца — адна з відавочцаў расказвала, што, едучы на аўтамабілі недзе паблізу Бярэзінскага запаведніка, спыніліся і чакалі, пакуль мішка павольна сыдзе з дарогі... Зрэшты, мяне асабіста такое паведамленне асабліва не здзівіла. Гадоў дваццаць таму, калі былі на выязной прыёмнай у Лёзненскім раёне, месцічы як пра звычайную справу расказвалі, як мядзведзі штогод добра-ткі псуюць пасевы аўса — што не з'ядуць, дык вытапчуць, качаючыся ад задавальненння. Некаторыя гаспадаркі тады асобна каля лесу кавалкі засейвалі «некандыцыяй» — мішкам на абед...


А ўвогуле, гэта вельмі добра, што чырванакніжных драпежнікаў у нас становіцца больш. Значыць, не ўсё так дрэнна на гэтай тэрыторыі з намі, з чалавекамі, калі жывёліны селяцца побач, майструюць жыллё, выводзяць і гадуюць дзяцей. Не такія мы ўжо і пачвары ў іх вачах, атрымліваецца...

Хоць... Пішу гэта і разумею, што ўсё зусім не так. Проста нас, пачвар, у тых месцах, дзе жывёліны селяцца, стала менш. Мы перакачавалі ў гарады і вялікія паселішчы, пакінуўшы ім большую прастору для выжывання. Мы прыязджаем бліжэй толькі на лета, а гэта ўжо іхняя тэрыторыя. І ці варта абурацца і дзівіцца, што дзікі парылі бульбу, зайцы пагрызлі капусту, а дразды, пра якіх раней у вёсках і не чулі, падзяўблі ўсе вішні — толькі костачкі на зямлі засталіся? Не яны на нашай — ужо мы на іхняй тэрыторыі. Яны тут гаспадары, а мы так, госці. Самі вінаватыя, што пакідалі бацькоўскія хаты, перайменаваўшы іх у дачы. Яны прыйшлі і занялі наша месца. Калі б не гудзенне трымераў, ад якога з ранку да цямна калоціцца ўсё наваколле, яны б ужо сядзелі на нашых ганках і заглядалі ў вокны. Зрэшты, праз пару гадоў і гэта іх наўрад ці будзе палохаць. Калі раней па скошанай траве хадзілі проста за касцамі толькі прывучаныя да ўсялякіх выбрыкаў чалавека буслы, дык сёлета давялося бачыць, як амаль з-пад лёскі трымера выскачыў тхор. Не, не ўцякаючы — ловячы мыш, якую заўважыў на пакошаным месцы. А што яму рабіць застаецца? Курэй ды куранят у вёсцы амаль няма, бо жывуць тут не вяскоўцы — дачнікі.

Сёлета заўважылі, што зусім, абсалютна зусім зніклі з вёскі спадарожнікі чалавека і ягонага смецця галкі, вароны ды сарокі. Раней яны гняздзіліся проста ў дварах, на вялікіх старых дрэвах, і ад іх гвалту, асабліва гэтай парой, калі ўжо вырасталі птушаняты, немагчыма было часам выйсці ў двор. А ў паветры лёталі маленькія лёгкія пёркі, і ў дзяцей нават забава была: хто наловіць больш... Цяпер ні каркання, ні сарочага стракатання нідзе ні разу не чуваць, хіба ў горадзе ўбачыш белабоку па дарозе на тралейбусны прыпынак. Зіркне бліскучым цёмным вокам — нібы прывітанне перадае ад сваіх пра-пра..., што калісьці скакалі па бялюткім снезе каля вясковай хаты, дзёўбаючы яркія кроплі крыві ад заколатага перад Калядамі парсюка...

Затое новых крылатых жыхароў — якіх толькі няма! Апроч ужо згаданых шэрых драздоў, якія да такой ступені асмялелі, што сёлета, як ластаўкі, звілі гняздо ў застрэшку капліцы, з'явіліся яшчэ і іх чорныя сваякі. Здалёк падобныя на шпакоў, але ўсе бліскуча-чорныя, бы галавешкі, з аранжавымі дзюбамі і гэткай самай акантоўкай вакол вачэй, яны аказаліся яшчэ больш ахвочыя да садовых ягад, чым іх шэрыя браты. Сёлета клубніцы ад гэтай навалачы ў пер'ях накрылі зялёнай адмысловай сеткай — ягады відаць, а не дастаць. Бачылі б вы, з якім разгубленым выглядам яны вакол той сеткі хадзілі...

На старой яблыні, на самых высокіх галінках, гушкаюцца і нешта па-свойму крычаць блакітнакрылыя сойкі. Панчанка калісьці пісаў, звяртаючыся да гэтай птушкі: «Кожным летам ад тлуму і зморы я // Уцякаю ў твае лясы». Цяпер «лясы» насцярожанай птушкі — гэта нашы старыя сады, у якіх увосень, калі заканчваецца дачны сезон, мяккім рудаватым дываном, пакуль не прыедзе хто на выхадныя, ляжаць нікім не пазбіраныя і нікому не патрэбныя яблыкі...

Дзікую прыроду гарадскія дзеці, што прыязджаюць разам з бабуляй на дачу на лета, вывучаюць, не выходзячы з двара. (Праўда, у іх няма ніякіх шанцаў убачыць, як ужывую выглядае карова, бо кароў у вёсцы няма ніводнай.) Убачыўшы на плоце якую невядомую птушку, радасна яе фатаграфуюць і імчаць глядзець, што за яна. Інтэрнэт у нас цягне не заўсёды, і тут вельмі дапамагае... Беларуская савецкая энцыклапедыя, выдадзеная ў пачатку 1980-х, якая доўга стаяла і пылела на кніжнай паліцы, а цяпер ледзь не самая папулярная ў хаце кніга. Бо там у другім, здаецца, томе, каляровыя ўкладкі з малюнкамі. Там асобна і драпежныя птушкі, і птушкі беларускіх лясоў, і палёў, і лугоў у вельмі натуральным выяўленні. Дык вось, малыя казалі, што на нашым вясковым плоце пераседзелі, касавурачыся на акно кухні, амаль усе — і лясныя, і палявыя, і лугавыя. З драпежнымі складаней — бачылі толькі каршуна ды ястраба — яны проста за агародам на ўчастку палююць на мышэй. Цяпер яны прыдумалі, што хутка прыляціць упадабаны імі ў кнізе сокал-сапсан — ну проста не можа не прыляцець. Гледзячы на тое, як дзічэе рэчка за агародамі, на якой ужо гняздуюцца дзікія качкі (а калісьці яна была спрэс у сажалках, на якіх плавалі чароды свойскіх птушак), думаеш пра тое, што і чырванакніжнага драпежніка малыя сапраўды могуць дачакацца...

Нядаўна я чытала ім ужо згаданы верш пра сойку: «Рыжаватая, чарнапёрая, // А на крылах — блакіт для красы...» І яшчэ вось гэты, з таго ж зборніка: «Акіян і космас вывучайце // З добрым сэрцам, // А яшчэ прашу: // Пакідайце і буслу, і чайцы // Больш вады і неба на душу....» Дзеці ўважліва слухалі, здаецца, разумелі.

Можа, гэта калі-небудзь дапаможа ім паразумецца з новымі гаспадарамі пакінутай намі зямлі, калі раптам захочуць на яе вярнуцца не гасцямі...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.