Вы тут

Весела і відовішчна: Брэст адсвяткаваў Дзень горада


Здаецца, зусім нядаўна мы ўрачыста і відовішчна адзначалі тысячагадовы юбілей горада, а ўжо 1003-і дзень нараджэння пагрукаўся ў дзверы. Варта сказаць, што кожны год у праграму святкавання дадаецца порцыя навацый. Сёлета, напрыклад, такой разыначкай стаў фестываль моды і стылю «LookБуг». Былі і іншыя крэатыўныя цікавосткі.


Як заўсёды, пачаткам святкаванняў стала ўшаноўванне памяці вызваліцеляў Брэста. Менавіта да дня вызвалення — 28 ліпеня — прымеркаваны Дзень горада. Дата асаблівая: у гэты дзень з вызваленнем Брэста канчаткова свабоднай стала ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі. Значыць, ёсць нагода для асаблівай пашаны воінаў-вызваліцеляў, якая і была аддадзена вянкамі, кветкамі каля памятных месцаў.

Афіцыйнае адкрыццё прайшло на Савецкай каля помніка Тысячагоддзя Брэста. Сюды прыйшлі не толькі сотні гараджан, але і шматлікія госці. Напрыклад, члены дэлегацый гарадоў-пабрацімаў Самары, Каўрова, Разані, Астрахані, Калінінграда, Петразаводска, С.-Пецярбурга і іншых. Былі госці і з Германіі, Латвіі, Славакіі, Польшчы.

Урачыстасць аб'явіў адкрытай старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук і пажадаў усім вясёлых, запамінальных святкаванняў. Настрой падхапіў улюбёнец гараджан — Брэсцкі духавы аркестр. Тут жа, на Савецкай, людзі актыўна падтрымалі артыстаў спевамі, танцамі. Такім чынам, Дзень горада загучаў разнастайнымі мелодыямі і галасамі.

Тым часам на пляцоўцы побач з Лядовым палацам збіраліся гараджане. Ішлі з сябрамі, сем'ямі. Тут чакалі анансаваны арганізатарамі канцэрт расійскага гурта «DaBro». Але пакуль музыканты, як і большасць гасцей, знаёміліся з горадам, наведвалі Брэсцкую крэпасць, удзельнікі свята не сумавалі. Дыджэі «Радыё Брэст» змаглі добра-такі завесці-развесяліць публіку. Было шмат конкурсаў, забаўлянак, міні-дыскатэк. Выступалі беларускія артысты.

Побач працаваў дзіцячы гарадок. Мноства імправізаваных кафэ прапаноўвалі самую розную смакату. Гандлёвыя пункты прывезлі процьму сувенірнай прадукцыі. А самым, бадай, эфектным момантам гэтай часткі праграмы было віртуознае прызямленне парашутыстаў. Справа ў тым, што над пляцоўкай, дзе тусілі тысячы людзей, кружыў самалёт, які перыядычна пакідалі адважныя парашутысты і прызямляліся   на пляцоўку, дзе, здавалася, нават метра свабоднага не было. Майстры парашутнага спорту кружыліся, рабілі віражы менавіта ў пошуку. Як толькі месца заўважалася, парашутыст рабіў імклівы манеўр і прызямляўся пад шчырыя апладысменты публікі. Гэта было па-сапраўднаму захапляльна. Гледачы сталі сведкамі высокага майстэрства тых, каго адзін мой калега не без падстаў назваў нябеснымі коннікамі.

Канцэрт братоў Івана і Міхаіла Засідкевічаў, удзельнікаў групы «DaBro» разагрэтая публіка ўспрыняла «на ўра». Музыканты спявалі, шмат рухаліся па сцэне пад шчодрую падтрымку гледачоў. Давялося пачуць дзве зусім палярныя ацэнкі прыезджых артыстаў. Маладзёжная кампанія дзялілася ўзнёслымі водгукамі, а вось сямейная пара сярэдніх гадоў агучыла і маё ўражанне, што многія брэсцкія артысты выступілі б зусім не горш. У любым выпадку было прыемна, калі музыканты пад заслону канцэрта пажадалі брастаўчанам любіць і шанаваць свой чысты і прыгожы горад.

Канцэрт, як ужо было сказана, не абмяжоўваўся выступленнем групы «DaBro» — многім вельмі спадабалася выступленне Мухтара Хардаева з Кабардзіна-Балкарыі, лаўрэата прэміі «Шансон года».

Дарэчы, на гэтай жа пляцоўцы за некалькі гадзін да канцэрта прайшла знакавая падзея — першы фестываль моды і стылю «LookБуг-2022». Першы, таму што адкрыты адлік, фэст дамовіліся зрабіць традыцыйным.

Са сцэны паказалі сорак калекцый адзення 38 прадпрыемстваў, з іх — 28 брэсцкіх. Сем калекцый прывёз канцэрн «Беллегпрам». Прафесійныя мадэлі дэманстравалі аўтэнтычныя льняныя калекцыі, смелыя варыяцыі дзелавога касцюма, цікавы варыянт школьнай формы. Наогул, было шмат прыгажосці як на сцэне, так і ў гандлёвых павільёнах, што разгарнуліся побач. Многія ўзоры вырабаў фірмы-вытворцы прапаноўвалі на продаж. Купіць абноўку на гэтым паказе моды было цалкам магчыма. А кіраўнік канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна сказала, што фестываль будзе працягвацца, развівацца, напаўняцца новым зместам. Так што па моду кожнае лета можна будзе смела накіроўвацца ў Брэст.

Варта сказаць, што вельмі цікавымі атрымаліся паказальныя выступленні ратавальнікаў з падраздзяленняў МНС. Яны паказалі сваё майстэрства на зямлі, на вадзе і ў паветры. Асабліва задаволенымі гэтай часткай праграмы аказаліся юныя гледачы. Як і абяцалі арганізатары, апафеозам свята стаў шыкоўны феерверк.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.