Вы тут

Цярэнцьеў: Праблемы людзей вырашаюцца аператыўна


Да старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева на прамую тэлефонную лінію звярнуліся дзесяць чалавек. Адзін з іх спыніў кіраўніка дэпутацкага корпуса паўночнага рэгіёна яшчэ ў дарозе да рабочага кабінета. Віцябчанін, які пражывае на вуліцы Праўды, папрасіў дапамогі ў добраўпарадкаванні прыдомавай тэрыторыі: каля пад'езда ўтвараецца лужына, камунальнікі своечасова не прыбіраюць апалае лісце.


Фота: Віцебскія весткі

«Гэта жывы прыклад таго, што мы працуем з насельніцтвам штодзённа, а не толькі падчас прамых ліній. Раней за тры гадзіны паступала ад 24 да 30 зваротаў, сёння гэтая лічба знізілася да 10-12. Гэта паказчык таго, што праблемы, з якімі звяртаюцца людзі, вырашаюцца аператыўна і не патрабуюць паўторных званкоў», — пракаментаваў статыстыку зваротаў Уладзімір Уладзіміравіч.

Як і заўсёды, дапытанні тычацца ЖКГ, стану дарог (асабліва ў населеных пунктах), транспарту. Жыхарка абласнога цэнтра паскардзілася на асабістую праблему, якая на працягу доўгага часу не можа вырашыцца.

Ветэрана працы, што пражывае на вуліцы Лазо, турбуе... бяроза. Крона дрэва дарасла да вокнаў на трэцім паверсе, бясконцая праблема — лісце і бярозавыя пупышкі на балконе, а яшчэ — смецце ад птушак. Да жанчыны нават прыязджала мясцовае тэлебачанне, здымала сюжэт, але сітуацыя не змянілася. Не рэагуюць і санітарныя службы. Старшыня абяцаў прапрацаваць дадзенае пытанне, і калі на дрэве не будзе птушанят, спілаваць галіны, якія перашкаджаюць.

На вуліцы Дзімітрава, 9 востра стаіць пытанне забеспячэння вадой. У двухпавярховым доме, большасць жыхароў якога — пенсіённага ўзросту, некалькі дзён таму адсутнічала не толькі гарачая, але і халодная вада. Пашкоджаныя часам трубы не вытрымліваюць напору і выходзяць са строю. Ужо праз паўгадзіны пасля звароту жыхарам на першы абыходак прывезлі тэхнічную і пітную ваду, а кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна горада Віцебска Аляксей Героеў арганізаваў работу аварыйнай брыгады. Па аналагічным пытанні звярталіся і жыхары Шумілінскага раёна — з просьбай пабудаваць у вёсцы Гаравыя воданапорную вежу, бо свідравіна з цягам часу заілілася. Вядома, будаўніцтва — справа няхуткая і нялёгкая, але свідравіну ў кароткія тэрміны было даручана пачысціць.

Калектыўны званок да старшыні дэпутацкага корпуса вобласці паступіў з Віцебскага раёна. Жыхары вёскі Старое Замасточча звярнулі ўвагу на меліярацыйную канаву, якая праходзіць праз населены пункт і не абкошваецца. Сярод пустазелля «прапісаўся» яшчэ і небяспечны для людзей баршчавік. Пытанне было перададзена на кантроль старшыні раённага Савета дэпутатаў. У Глыбоцкім раёне лесавозы разбілі грунтавую дарогу, мясцовы жыхар прасіў пусціць грэйдар, што будзе выканана мясцовымі ўладамі ў хуткім часе. Але, як паказвае практыка, з надыходам восені пытанне стану дарог стане самым актуальным падчас прамых ліній і прыёмаў грамадзян.

Жыхарка паўночнай сталіцы звярнулася з праблемай транспартных зносін. У жанчыны ў горадзе Веліжы Расійскай Федэрацыі (гэта за 86 кіламетраў ад Віцебска) жыве радня, якую складана наведаць з-за адсутнасці аўтобуснага маршруту. У красавіку грамадзянка звярталася з просьбай стварыць маршрут Віцебск — Веліж, бо дабрацца да расійскага горада іншымі шляхамі немагчыма без асабістага аўтамабіля. На гэта атрымала адказ, быццам Масква не можа падрыхтаваць дакументы для афармлення рэйсаў, а яшчэ што такі маршрут нерэнтабельны. Пытанне ўзята на кантроль.

У жыхаркі Шуміліна, якая пражывае ў панэльным трохпавярховым доме, там павышаная вільготнасць. Праз швы паміж панэльным перакрыццем столі прасочваецца дождж, вясной — вада ад снегу. Дах не рамантуецца як мае быць, калі і ёсць спробы, яны не даюць плёну.

«Шмат зваротаў цяпер з Шумілінскага раёна — значыць, трэба добра прапрацаваць гэты напрамак. Раней з пытаннямі масава звярталіся з Оршы і Полаччыны, а цяпер інфраструктура Аршаншчыны стала лепшай. Практыка паказвае, што ў раённых Саветах дэпутатаў сёння працуюць прафесіяналы, з якімі мы разам аператыўна вырашаем пытанні, што хвалююць насельніцтва», — падсумаваў Уладзімір Цярэнцьеў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.