Вы тут

На любы густ і кашалёк. Што прадставіў «Асенні салон з Белгазпрамбанкам»


Што значыць быць маладым мастаком у Беларусі?.. Можна доўга весці размову пра прафесійную адукацыю, творчыя магчымасці і разважаць пра запатрабаванасць. Але калі паспрабаваць усё гэта злучыць у адным пункце, то атрымаецца прыкладна так: гэта значыць, мець магчымасць прадставіць свае творы на «Асеннім салоне з Белгазпрамбанкам», які сёлета адбываецца восьмы раз. 


 

У Палацы мастацтва зноў аншлаг. Звычайна ў першы дзень працы «Салонаў» здараецца ажыятаж: абазнаныя наведвальнікі ведаюць, што ў дзень адкрыцця экспазіцыю можна агледзець бясплатна, пры гэтым яшчэ атрымаць сваю частку эмоцый, адчуўшы дух багемнага жыцця. Найперш праз сустрэчу з творчай элітай і той самай моладзю, для якой гэта сапраўды свята. Бо творы, перш чым трапіць у экспазіцыю, праходзілі праз мастацкі адбор. Сёлета прапаноў было каля 800, а ў выніку выстаўлена больш чым 500 твораў. Маладыя мастакі, якія сабраліся на ўрачыстасць, пасля ахвотна пазіравалі разам са сваімі работамі і з цікавасцю прыглядаліся да іншых. Свята гэта хоць і агульнае для іх усіх, але глядацкае галасаванне ніхто не адмяняў. Па папярэдніх гадах ужо зразумела, што нават пры працы прафесійнага журы, глядакі прыз ці не самы паказальны і ўплывае на здольнасць стаць зоркай для шырокай публікі. Гэта значыць — імя на слуху, больш магчымасцяў выстаўляцца далей, і, натуральна, прадаваць свае работы. Напрыклад, усё гэта адбылося для Алесі Скорабагатай, якая неаднойчы перамагала ў глядацкім галасаванні. Яе творы зноў прыцягваюць гледачоў (і не трэба дзівіцца кошту — бо зорка). І калі нетаропка аглядаць выстаўку, то шэраг імёнаў будзе вядомым дзякуючы папярэднім «Салонам», і тады ў думках будзеш вяртацца да таго, што бачыў раней і думаць, як мяняецца мастак з цягам часу. Такая магчымасць ёсць дзякуючы таму, што выстаўляцца на «Асенніх салонах з Белгазпрамбанкам» могуць аўтары да 40 гадоў. Нават старшыня Саюза мастакоў Беларусі Глеб Отчык прадстаўлены са сваёй карцінай. Гэтая выстаўка ўсіх раўняе перад публкай. 

 

Чым, уласна, адрозніваецца «Асенні салон з Белгазпрадманкам» ад шмат якіх вялікіх выставак? Усё, што прадстаўлена, можна набыць. Ну, ці амаль усё. Таму ёсць творы на любы густ ад традыцыйнага зразумелага жывапісу з заспакаяльнымі пейзажамі і нацюрмортаў з кветкамі, фігуратыўнага мастацтва, якое звычайна падабаецца публіцы. Тут цікавыя і складаныя работы беларускіх маладых графікаў, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптура і мастацкія аб’екты, ёсць відэаарт, фотаработы. Але чаго варта чакаць ад маладых аўтараў — дык нейкай задзірыстасці, непрычасанасці, энергетыкі ды напору. Падаецца, што аўтары (ці куратары выстаўкі) вельмі стараліся зрабіць экспазіцыю такой, каб не адштурхнуць гледача, а наадварот прыцягнуць і разняволіць. Часам можа здавацца, што аўтар з табой нібыта гуляе — праз колеры і форму. Ці праз знаёмыя рэчы: паглядзіце пераасэнсаваную вышыванку альбо кеды, якія нібыта самі ляцяць наперад. А часам будзеце думаць, што вас правакуюць задумацца пра тое, што ёсць выяўленчае мастацтва сёння: напрыклад, праз надпіс «Глядзі глыбей». Альбо наогул нерэальную для выстаўкі заяву: «Я ненавіджу мастацтва»... Справакаваць спрэчкі і развагі пра стан і будучыню мастацкай супольнасці Беларусі (бо гэтая моладзь вырасце і будзе вызначаць узровень творчай думкі) насамрэч здольныя ўсе творы, якія прадстаўлены. Хочаш — не хочаш, а задумаешся пра гэта. У творах могуць быць дрэвы, дамы, сабачкі ці кветкі — тое, што захочацца мець дома, каб ствараць для сябе пэўную атмасферу. Але пільна аглядаючы выстаўку, вы будзеце ўсё ж шукаць думку: што галоўнае для нашых маладых мастакоў? Я для сябе знайшла адказ: чалавек. Дзеля якога яны ствараюць (маючы на ўвазе продаж) і пра якога пішуць партрэты, адлюстроўваюць фігуры ў нечаканым выглядзе, ствараючы вобраз свайго сучасніка. І нават калі бачыш серыю Дар’і Карпавай «Залатая бульба», то разумееш: гэта пра нас, тых, для каго гэта стратэгічны прадукт ужо не першае стагоддзе (і тады зразумелы выбар падачы і тэхнікі).

Усё гэта да таго, што наша сучаснае мастацтва (а моладзь яго прадстаўляе ў першую чаргу) насамрэч адлюстроўвае жыццё краіны. І гэтыя 246 аўтараў з самых розных рэгіёнаў Беларусі, чые творы размяціліся пад дахам Палаца мастацтва да 2 кастрычніка, насамрэч малююць і ўвасабляюць нашу будучыню. Таму запамінаем іх імёны, і даведваемся пра іх больш — прах QR-коды, што змешчаныя ля работ. Каб потым не здзіўляцца, коштам, якія красуюцца ля твораў. Але, што праўда, на «Асеннім салоне з Белгазпрамбанкам» можна знайсці работы не толькі на любы густ, але і на любы кашалёк. 

 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з афіцыйнай старонкі праекта у facebook і аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.