Вы тут

Віцебск прыняў эстафету абласнога патрыятычнага марафону «Адзіны»


Напярэдадні Дня народнага адзінства Віцебск прыняў эстафету абласнога патрыятычнага марафону «Адзіны», які з 1 да 17 верасня прайшоў у 21-м раёне паўночнага рэгіёна.


Акцыя стартавала ў Пастаўскім раёне. Удзельнікі марафону на працягу 17 дзён перадавалі з раёна ў раён сцяг Рэспублікі Беларусь, а яшчэ — ручнікі з адметным для пэўнага раёна арнаментам.

Напярэдадні Дня народнага адзінства, які ў паўночным рэгіёне адсвяткавалі разам з абласным фестывалем-кірмашом працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022», Віцебск прыняў сцяг і ручнік ад Віцебскага раёна. Дарэчы, пачэснага права перадаць дзяржаўны сімвал былі ўдастоены людзі розных прафесій, якія дасягнулі поспехаў у сваёй галіне. Прадстаўнік Віцебскага раёна Дзмітрый Іваноў — яркая фігура ў аграрнай сферы не толькі мясцовага, але і абласнога маштабу. Сёлета малады вадзіцель агракомплексу «Янавічы» ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» першым на Віцебшчыне перавёз звыш 5 тысяч тон зерня, высокія вынікі на ўборачнай Дзмітрый Уладзіміравіч паказвае штогод, але падчас леташняга жніва ён устанавіў асабісты рэкорд. Сімвалічна, што напярэдадні галоўнага свята аграрыяў менавіта Іваноў перадаў патрыятычную эстафету гораду, бо хлеб і сельская гаспадарка з'яўляюцца галоўнай аб'яднаўчай сілай. Прыняў сцяг першы сакратар гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Артур Вітоль. Перадфінальныя акорды абласнога марафону «Адзіны» адгучалі на пляцоўцы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

«Сёння народнае адзінства — гэта незалежнасць нашай краіны, магчымасць рэалізаваць свае планы і быць карысным для грамадства. Прыемна бачыць, што моладзь з'яўляецца ініцыятарам такога марафону і прымае ў ім актыўны ўдзел па ўсёй вобласці. Маючы сёння такі перспектыўны рэзерв, які сфарміраваны на Віцебшчыне, можна смела гаварыць аб светлай будучыні, бо вы жадаеце і можаце зрабіць нашу Беларусь лепшай», — адзначыў у віншавальным слове старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч.

У сонечны перадсвяточны дзень на пляцоўцы ВДМУ было ажыўлена: прысутнічалі ганаровыя госці, кіраўніцтва горада, актыў паўночнага рэгіёна, прадстаўнікі арганізацый, студэнты. Але больш за ўсіх прыцягвалі ўвагу дзяўчаты-красуні — жаноцкае ўвасабленне кожнага раёна вобласці, якія трымалі на руках рэгіянальныя ручнікі. Іх перадалі актывістам саюза моладзі, а яны прывезлі сімвалы патрыятычнай эстафеты ў горад Глыбокае, які сёлета быў сталіцай абласных Дажынак.

«Незалежнасць нашай дзяржавы дасталася нам нялёгка, і толькі ў адзінстве мы можам захаваць свой суверэнітэт і высокія дасягненні ў розных сферах. Свята 17 верасня не толькі пра адзінства нас, беларусаў, але і пра ўзаемапавагу і паразуменне з усімі народамі сусвету, якія пражываюць у Беларусі. Няхай над нашай краінай заўсёды будзе мір!» — заключыў старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.