Вы тут

Чаму ў рэмантантных малін трэба абразаць усю надземную частку


У апошні час садоўнікі ўсё часцей аддаюць перавагу малінам рэмантантных сартоў. Гэтыя расліны здольныя пладаносіць са жніўня да самых замаразкаў. Аднак такія кусты маюць патрэбу ў асаблівым доглядзе.


Як адрозніць іх ад звычайных

У надземнай часткі рэмантантных малін аднагадовы цыкл развіцця: плады спеюць да восені на парастках, якія выраслі ў бягучым годзе. А звычайныя маліны пладаносяць на парастках мінулага года.

Пры вырошчванні малінніку галоўнае адрозненне ў доглядзе за рэмантантным і звычайным кустом заключаецца ў спосабе іх абразання. У першага восенню поўнасцю абразаюць усю надземную частку, а ў другога пакідаюць некалькі моцных парасткаў бягучага года, якія ў наступным сезоне дадуць ураджай.

Для чаго гэта трэба рабіць

З куста можна сабраць два ўраджаі за адзін сезон (летам і восенню). Тады парасткі не выдаляюць, а пакідаюць на зіму самыя дужыя аднагадовыя галінкі, падрэзаўшы іх верхавіны (як у звычайных малін).

Аднак спроба атрымаць двайны ўраджай выкліча агульнае аслабленне расліны, зніжэнне ўраджайнасці і пагаршэнне смакавых якасцяў пладоў. Акрамя таго, ягады, выспелыя ўлетку, стануць ежай для лічынак маліннага жука. Сума ўсіх гэтых фактараў у выніку прывядзе да таго, што расліна страціць свае рэмантантныя ўласцівасці.

Каб гэтага не адбылося, пасля заканчэння плоданашэння парасткі трэба абрэзаць пад корань, не пакідаючы пянькоў, і спаліць. Увесну галінкі зноў крануцца ў рост, і да восені на іх паспеюць буйныя і, што вельмі важна, непашкоджаныя ягады (падчас завязвання пладоў малінны жук ужо сыходзіць у месцы зімовай спячкі). Так вы атрымаеце за сезон адзін ураджай, але яго якасць і колькасць абавязкова парадуюць.

Калі лепш — увосень ці ўвесну?

Рэмантантныя маліны абразаюць двойчы за сезон. Калі вы пакінулі на кусце на зіму некалькі парасткаў, ранняй вясной (у сакавіку-красавіку) правядзіце санітарнае абразанне: выдаліце ўсе пашкоджаныя, сухія і падмёрзлыя парасткі. Калі на кусце шмат галін, пакіньце на расліне каля дзесяць моцных парасткаў. Каб маліннік не загушчаўся і не слабеў з-за дэфіцыту пажыўных рэчываў у перыяд вегетацыі перыядычна выдаляйце малады параснік. Позняй восенню (не раней за лістапад), калі з раслін ападзе лісце, зрэжце ўсю надземную частку малінавага куста каля самай глебы. Не спяшайцеся з восеньскім абразаннем: расліна павінна залажыць пупышкі аднаўлення.

Кусты маліны, пасаджаныя ў бягучым годзе, поўнасцю не выразаюць. У такіх саджанцаў парасткі толькі кароцяць да 20 сантыметраў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.