Вы тут

Шакшука, саламянае сонца і добры настрой


Абласны кірмаш устаноў адукацыі Віцебшчыны штогод збірае школы, установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдня-спецыяльнай адукацыі на пляцоўцы ля Палаца спорту. Сёлета нават праліўны дождж не мог збіць агульны святочны настрой — выстава-продаж была прымеркаваная да Дня настаўніка.


Па словах старшыні дэпутацкага корпуса вобласці Уладзіміра Цярэнцьева, гледзячы на багаты асартымент прадстаўленых сельскагаспадарчых вырабаў, «Дажынкі» трэба праводзіць і сярод устаноў адукацыі. Цікава, што новенькага на гэты раз падрыхтуюць навучэнцы і педагогі. Заўсёды на восеньскім кірмашы шматлюдна, і сёння кожны знайшоў сабе нешта па душы.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хама запэўнены, што правядзенне такіх мерапрыемстваў — у першую чаргу паказчык высокага ўзроўню работы ўстаноў адукацыі. А яшчэ — гэта добрая пляцоўка для прафарыентацыйнай работы, дзе моладзь, гледзячы на дасягненні студэнтаў па-за межамі навучальнага працэсу, можа абраць для сябе будучую прафесію.

Было ў гэты першы кастрычніцкі дзень месца для аматараў песень і танцаў, смачнага і самаробнага. Яркімі фарбамі і звонкімі песнямі ў школьныя падворкі запрашала Прыдзвінскія гасцёўня — тут педагогі Віцебскага раёна прапаноўвалі свежае печыва і духмяную гарбату, майстар-класы па разьбе па дрэве. У душэўнай гасцёўні арганізавалі і сваю канцэртную пляцоўку, дзе гасцям і жыхарам горада на Дзвіне дарылі добры настрой творчыя калектывы раёна.

Майстры вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа запрашалі ўсіх жадаючых на ўрокі па роспісу па тканіне, стварэнню сваімі рукамі сувеніраў. Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання запрашаў на майстар-клас па пранічным роспісе, а педагогі — на шакшуку, прыгатаваную на адкрытым агні. Дарэчы, гэта незвычайная па назве страва — арабская яечніца — была адаптаваная пад нашу, беларускую кухню. Кулінарная вынаходніцтва прадстаўляе сабой тоўсты блін, на які зверху кладуць абжараны бекон і гародніну, дадаюць яйка. У нейкім сэнсе аршанскія гаспадыні цікава адаптавалі замежную страву пад нашу мачанку — мясцовае імпартазамяшчэнне.

Прываблівалі прыгажосцю каляровыя палаткі з творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: гліняныя свістулькі і гарлачыкі, абярэгі з тканіны і пано са скуры, драўляныя ажурныя талеркі і кубачкі — калі не з мэтай набыць, то паглядзець спыняўся кожны. Каля адной спынілася і я, у якую гасцінна запрашала Ларыса Жыльцова ў каларытным беларускім строі. Майстар на працягу доўгіх гадоў вядзе аб’яднанне па інтарэсах «Залатая саломка» у гімназіі нумар 4 горада Віцебска, няспынна, з 1978 года перадае гэтае народнае рамяство маладому пакаленню. Па словах Ларысы Уладзіміраўны, яшчэ пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта інстытута яна моцна закахалася ў саломапляценне, і ўжо больш за 40 гадоў нясе гэтую любоў да народнай творчасці, жыве і дыхае сваім заняткам і перадае гэта сваім навучэнцам. Іх, дарэчы, больш за 100 чалавек, многія работы дзяцей — саламяныя конікі і павукі, карціны і лялькі — рэгулярна займаюць прызавыя месцы на конкурсах міжнароднага ўзроўню.

Цэлую неверагодна рознабаковаю і ўнікальную экспазіцыю развярнуў аддзел па адукацыі Аршанскага райвыканкама: тут былі прадстаўлены і распісаныя драўляныя дошкі для кухні, і жаночыя ўпрыгожванні, і кампазіцыі з сухіх кветак. Дарэчы, апошнія — канверты з нятленнымі краскамі — каштавалі ўсяго 6-8 рублёў, і людзі з ахвотай набывалі для сваіх блізкіх гэтыя яркія кампліменты для дажджлівай восені.

Мёд і вырабы з воску прыцягвалі, нібы магнітам. Салодкія пачастункі з Сенненскага раёна прывёз і вясковец Мікалай. На сённяшні дзень у яго 30 пчаліных домікаў, на століку — вераніца баначак з бурштынавымі прыроднымі лекамі — ліпавым і грачышным. Мужчына пераняў занятак пчалярствам у свайго бацькі, сёння з ахвотай займаецца медавытворчасцю і сам. Але, прызнаецца, што з-за асноўнай работы часу на буйную рэалізацыю мёду не хапае і з усмешкай называе сябе «пчаляром выхаднога дня». А яшчэ, дзеліцца сакрэтам мужчына, народным спосабам нельга адрозніць якасны мёд ад дрэннага — гэта можна вызначыць толькі ў лабараторных умовах. Побач са шклянкамі — маленькія флакончыкі з праполісам, які, дарэчы, вельмі карыстаецца попытам у пакупнікоў. Пакаштаваць не толькі чыстага мядку, але і розных варыяцый з яго, запрашаў падворак пасекі Дыбалей, што пад Улай. Тут гаспадар Ігар прапаноўваў і крэм-мёд, і нават свечкі цікавых формаў з натуральнага пчалінага воску.

Нельга не адзначыць, што выбар садавіны і агародніны ад аграрных каледжаў быў шырокі: «Брыз», «Уладар», «Палац» — вядомыя гатункі бульбы ўсяго па 80 капеек за кілаграм. Але спыняемся ля вінаграду, які, напэўна, прывабліваў увагу аматараў садаводства больш за ўсё. Сіні, барвовы, белы, «Рэмба», «Гаральд», «Каталонія» — важкія гронкі буйных пладоў заварожвалі. Набыць у гаспадыні з Оршы Алены Мікалаеўны можна было не толькі «гатовы прадукт» — па 10 рублёў за кілаграм — але і саджанцы. Жанчына даўно вырошчвае на аршанскіх плантацыях вінаград розных гатункаў, і, гледзячы на прыгажосць і памер каляровых гронак, гэта заслугоўвае павагі.

Да самага абеду не змаўкалі на святочнай пляцоўцы гукі музыкі, не знікалі пахі дзеруноў і другіх кулінарных вынаходніцтваў. Кожны набыў сабе не толькі натуральныя сельскагаспадарчыя прысмакі, кветкі і саджанцы, але і прыемныя эмоцыі, якіх, пэўна, хопіць да наступнага «Восеньскага карагода».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: «Віцебскія весткі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.