Вы тут

Беражыце бацькоў


Пажылыя людзі па-ранейшаму застаюцца найбольш уразлівай катэгорыяй насельніцтва, якая патрабуе павышанай увагі з боку прадстаўнікоў іншых сацыяльных груп грамадства. Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях заўсёды трымаюць пенсіянераў у полі зроку — асабліва адзінокіх або тых, хто пражывае адзін і з розных прычын не можа разлічваць на дапамогу блізкіх. З улікам узроставых асаблівасцяў пажылыя людзі не заўсёды могуць паклапаціцца аб сваёй бяспецы. Невыпадкова дадзенае пытанне бяруць на сябе ратавальнікі, падключаючы моладзь.


Агульная справа

Апошнім часам падрастаючае пакаленне стала правай рукой прапагандыстаў МНС падчас правядзення шматлікіх мерапрыемстваў па фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці. Выключэннем не стала і рэспубліканская акцыя «Моладзь за бяспеку», якая праводзіцца Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях з 3 да 14 кастрычніка. На дзяцей і падлеткаў ускладзена надзвычай важная місія — павысіць узровень ведаў грамадскасці ў галіне бяспечнай жыццядзейнасці і аказаць пасільную дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу, — перш за ўсё, гаворка ідзе пра пажылых людзей.

Маладзёжны дэсант наведвае пенсіянераў, інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дапамагае ім па гаспадарцы. Хлопцы і дзяўчаты прыбіраюць у хатах пажылых людзей, наводзяць парадак на прысядзібнай тэрыторыі, збіраюць ураджай, нарыхтоўваюць дровы... У абавязковым парадку юныя ратавальнікі правяраюць жыллё адзінокіх гаспадароў на наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Пры іх адсутнасці — устанаўліваюць гэты важны прыбор, які ў надзвычайнай сітуацыі выратуе жыццё. Разам са школьнікамі дапамагаюць пенсіянерам прадстаўнікі тэрытарыяльных падраздзяленняў Чырвонага Крыжа, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, а таксама студэнты.

У прыватнасці, днямі юныя ратавальнікі завіталі да пажылой жанчыны са Старадарожскага раёна, якая жыве адна. Алене Тарнецкай ужо не па сілах самастойна прыбраць у двары апалае лісце, не змагла яна ўскапаць і градку. Школьнікі з пастаўленай задачай справіліся хутка і весела — кампанія сабралася дружная. Дапамаглі пажылой жанчыне і сабраць ураджай. Работы хапіла ўсім. Аднак стаміцца ніхто не паспеў. Прыклаўшы мінімум намаганняў, дзеці зрабілі вялікую справу.

— Я вельмі рада, што яны заглянулі да мяне, — прызналася пенсіянерка. — Сілы і здароўе ўжо не тыя. Гэтай работы мне хапіла б да зімы, а школьнікі ўсё за некалькі гадзін зрабілі. Вось што значыць маладосць!

Алена Альфонсаўна падзякавала сваім памочнікам — запрасіла іх на гарбату і дэгустацыю сабранага ўраджаю.

Дзеці і ратавальнікі дапамагаюць пажылым людзям навесці парадак. Пры гэтым не забываюць нагадваць ім аб правілах бяспекі.

Праверыць печ і пажарны апавяшчальнік

Падчас працоўных дэсантаў моладзі да пажылых людзей апошнім прапаноўваецца ўзяць удзел у здымках ролікаў на тэму «Бабуліны рэцэпты бяспекі». Вядома, рэцэпты — гэта добра, але мэта ў іншым: гатуючы тую ці іншую страву разам з пажылым чалавекам, юныя ратавальнікі адначасова расказваюць яму аб тым, якія ўмовы павінны быць створаны для бяспечнага прыгатавання ежы. Напрыклад, гатуюць бабку са шкваркамі — згадваюць «рэцэпт» бяспечнай печы: вычышчаны ад сажы і пабелены комін, наяўнасць ахоўнага ліста перад топкай, адсутнасць на печы расколін і іншае. Такое ўзаемадзеянне дае свой эфект: пажылыя людзі не проста весела праводзяць час з маладым пакаленнем, а ў чарговы раз звяртаюць увагу на бяспечныя ўмовы ўтрымання свайго жылля.

Аб чым пенсіянерам патрэбна задумацца ў першую чаргу? У доме з пячным ацяпленнем — аб цэласнасці сваёй печы. Ніякіх расколін і сколаў — ні ў кладцы, ні ў коміне. Апошні абавязкова павінен быць атынкаваны і пабелены. Побач з топкай печы неабходна прыбіць металічны ліст памерам 50 на 70 сантыметраў.

— Яшчэ адна важная парада: у пажылых людзей у хаце, у кожным жылым пакоі, трэба ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, каб у выпадку пажару ён своечасова апавясціў гаспадароў аб небяспецы, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Гэты недарагі прыбор можа выратаваць самае каштоўнае, што ёсць у кожнага чалавека, — жыццё. Калі апавяшчальнікі ўстаноўлены, варта сачыць, каб у іх рэгулярна праводзілася замена элемента харчавання.

У старых хатах часта і электраправодка не новая. Калі ў гэтым ёсць неабходнасць, абавязкова папрасіце дапамогі ў спецыялістаў яе памяняць. Усе разеткі, сеткавыя кабелі, электрапрыборы павінны быць спраўныя. Не лішнім будзе нагадаць пажылым людзям, што на ноч усе прыборы патрэбна выключаць з разеткі.

Звяртаць сваю ўвагу пенсіянеры (гэта, дарэчы, датычыцца не толькі іх) павінны не толькі на тое, што ў доме, а і на абстаноўку па-за ім. Двор не павінен быць захламлены. Смецце, сена, салому ні ў якім разе нельга скідваць побач з гаспадарчымі пабудовамі — у выпадку ўзгарання яны ўспыхнуць, як запалкі. Калі пажылы чалавек або той, хто вырашыў яму дапамагчы, плануе пазбавіцца ад смецця, спаліўшы яго, варта памятаць, што рабіць тое неабходна выключна ў бязветранае надвор'е, прычым падалей ад будынкаў і пабудоў. Пры гэтым пад рукой павінны быць першасныя сродкі пажаратушэння. Калі ўжо распалілі агонь, то ажыццяўляйце за ім пастаянны кантроль — да поўнага спынення тлення.

Ратавальнікі рэкамендуюць зрабіць сваім пажылым бацькам, бабулям і дзядулям, проста знаёмым пенсіянерам, якія пражываюць адны, картку-напамін з тэлефонамі нумароў службаў экстраннага выкліку. Яе лепш прымацаваць каля стацыянарнага тэлефона або пакласці на стол пад шкло. Адным словам, дапамажыце пажылым людзям, асабліва адзінокім, падрыхтавацца да непрадбачаных сітуацый. І самае галоўнае, не адкладвайце дапамогу на заўтра, каб не было позна.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.