Вы тут

У Гродне мост праз Нёман на паўгода закрыты на рамонт


Паповіцкі, ці Новы, мост завершыць тэму аднаўлення чатырох мастоў у абласным цэнтры. Сёлета пасля рамонту пачаў дзейнічаць Румлёўскі мост, у мінулым годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Усходняга моста, у 2008-м завершана маштабная рэканструкцыя Старога моста ў гістарычнай частцы горада. Падрыхтоўчыя работы і ход будаўніцтва — на кантролі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.


Вуліца Паповіча дала назву і самаму заходняму мосту ў Гродне. Праўда, на пачатку 1970-х гадоў, калі аб'ект уступіў у строй, яго называлі Новым. Але з таго часу прайшло больш за паўстагоддзя, і Новы мост часцей называюць Паповіцкім. Яго будаўніцтва цесна звязана з развіццём заходняй часткі горада.

Як расказаў Уладзімір Каранік, мост ні разу капітальна не рамантаваўся. Хаця яго абследаванне праводзіцца рэгулярна. Прычым з кожным разам сітуацыя па яго стане пагаршалася. Па выніках апошняга абследавання эксплуатацыя моста дазволена да канца снежня.

Гэта значыць, што ў любым выпадку мост з будучага года павінен закрыцца для транспартнага руху. Каб не дапусціць прастою, было прынята рашэнне аб яго аднаўленні. Такім чынам, работы будуць весціся ў асенне-зімовы і вясновы перыяд. Паведамлялася, што раней прыступіць да рамонту не было магчымасці, бо ішлі работы на Румлёўскім мосце. Закрыццё адразу двух мастоў прывяло б да транспартнага калапсу, патлумачыў старшыня аблвыканкама. Да таго ж сучасныя тэхналогіі дазваляюць выканаць увесь аб'ём работ, незалежна ад надвор'я.

Падчас дэталёвага абследавання моста па вуліцы Паповіча быў выяўлены знос некаторых канструкцый, карозія жалезных элементаў, невялікія расколіны. Для больш дакладнага «дыягназу» быў зняты верхні пласт асфальту. Стаяла пытанне: альбо поўнасцю мяняць маставыя бэлькі, альбо іх узмацніць. Першы варыянт патрабуе поўнай разборкі моста і працяглых работ па акваторыі Нёмана. Другі не такі радыкальны як па аб'ёме, так і па тэрмінах. Яго і абралі.

— Папярэднія разлікі паказалі, што мост яшчэ можна адрамантаваць без замены бэлек. Гэта значна паскорыць працэс рамонту. Такі шлях найбольш аптымальны, — зазначыў Уладзімір Каранік. — Работы на мосце пачаліся і ўступаюць у актыўную фазу. Гэта зойме пяць месяцаў, і ў маі будучага года рамонт плануецца завяршыць. Тэрмін наступнай эксплуатацыі гарантуецца на працягу 25 год. Гэта не азначае, што праз 25 гадоў мы павінны яго разабраць і пабудаваць новы. Даследаванні могуць паказаць, што яго эксплуатацыя можа быць працягнута яшчэ на 10 гадоў.

Праект уключае не толькі рамонт, але і добраўпарадкаванне і азеляненне пад'ездаў, асвятленне тэрыторыі. Праектная дакументацыя будзе выдавацца раздзеламі і адразу ўключацца ў работу з паралельным праходжаннем дзяржаўнай экспертызы.

Зразумела, што рух на мосце поўнасцю спынены. Спецыялістамі прапрацоўваюцца новыя маршруты грамадскага транспарту. Дадзены рэкамендацыі, як пераразмеркаваць патокі машын па кожным мікрараёне. Паралельна з рамонтам моста будзе прыведзены ў парадак і пуцеправод, і ўсе падыходы да моста.

Разглядаецца магчымасць арганізацыі пешага руху па пантонным мосце праз Нёман у выпадку поўнага закрыцця пуцеправода па вуліцы Паповіча. Месца для пантоннага моста ўжо вызначана. Ён можа быць устаноўлены ніжэй па цячэнні за 50 метраў ад аб'екта рамонту.

Па словах кіраўніка рэгіёна, з гэтага тыдня будуць вывучацца ўсе пытанні і прапановы гараджан па арганізацыі руху грамадскага транспарту. Уводзіцца гібкая сістэма рэагавання. Каб пашырыць магчымасці тралейбуснага дэпо, выдзелены сродкі для набыцця сямі тралейбусаў з аўтаномным ходам. Новы транспарт з'явіцца ўжо напрыканцы года, што дазволіць аператыўна мяняць маршруты.

Генеральным планам горада прадугледжана будаўніцтва яшчэ аднаго моста праз Нёман, праўда, толькі ў выглядзе праекта і без вызначэння канкрэтнага месца. Раней ішла гаворка аб пешым мосце ў раёне Пышкоў. Пытанне не знята з парадку дня, паведаміў губернатар, наадварот: пешы мост вырашылі замяніць паўнавартасным аўтамабільным. Ён павінен размясціцца паміж Старым мостам і Новым, які зараз праходзіць рэканструкцыю. Гэта будзе пяты па ліку гарадскі мост, які дазволіць разгрузіць катэджныя пасёлкі Ласосна і Баранавічы. Але ў гэтым выпадку трэба шукаць кампраміснае рашэнне, якое забяспечыла б інфраструктуру і не пашкодзіла зону адпачынку. Гэта тэма, запэўніў Уладзімір Каранік, будзе вырашацца не кулуарна, а праз грамадскае абмеркаванне. Па яго словах, цяпер у горадзе вядзецца работа па рамонце некалькіх буйных развязак, што дазволіць злучыць хуткаснай магістраллю Альшанку і Грандзічы — два мікрараёны, якія развіваюцца.

«У дарожную сетку зроблены рэкордныя капіталаўкладанні, і гэта будзе працягвацца. Бо сучасная транспартная сетка — якасць жыцця нашых грамадзян», — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.