Вы тут

Прапанаваць ідэю і атрымаць падтрымку


Прыдумаць, распрацаваць ідэю — толькі пачатак вялікай справы. Самае галоўнае і бадай ці не самае цяжкае — яе рэалізаваць. Але цяпер маладым людзям гэта зрабіць прасцей. На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі». Галоўная навацыя абноўленага дакумента парадуе тых, хто пастаянна генерыруе цікавыя ідэі. У законе ўдакладнены падыходы да аказання падтрымкі маладзёжным грамадскім арганізацыям. Згодна з ім, з дзяржаўнага бюджэту будуць выдзяляцца сродкі на рэалізацыю важных і карысных ініцыятыў ад маладых людзей. Трэба ўдакладніць, што падтрымлівацца будуць ініцыятывы не толькі маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, але і асобных груп маладых людзей.


Падрабязней пра закон расказаў адзін з яго распрацоўшчыкаў, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Павел Міхалюк. Па яго словах, яшчэ да прыняцця закона неаднаразова абмяркоўвалася, што моладзі трэба надаць пэўны стымул, больш падтрымліваць ініцыятывы і ідэі маладых. Заўжды запатрабаваныя і падтрымліваюцца праекты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Але ў краіне шмат актыўных людзей, якія не з'яўляюцца членамі БРСМ. І на іх ідэі таксама варта звяртаць увагу. «Гэтая навацыя была ўведзена, каб на заканадаўчым узроўні замацаваць, паказаць маладым беларусам, што іх ініцыятывы важныя і што іх будуць падтрымліваць», — адзначыў Павел Міхалюк.         

Каардынатарам рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў вызначаны БРСМ. А Савет Міністраў распрацоўвае механізм падтрымкі маладзёжных ініцыятыў з дзяржаўнага бюджэту. У найбліжэйшы час будуць акрэслены сумы, якія выдзяляць з дзяржаўнага бюджэту, і ўмовы. «Суб'екты маладзёжнай ініцыятывы — гэта арганізацыя або ініцыятыўная група колькасцю ад двух чалавек. І ўсе яны маюць права на рэалізацыю сваіх ідэй з дзяржаўнай падтрымкай, прэтэндаваць на дзяржаўныя гранты. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў БРСМ і чакаць рашэння», расказаў Павел Міхалюк. Для адбору ініцыятыў плануецца стварыць рэспубліканскае журы, якое і будзе адбіраць найлепшых па выніках конкурсу.

«Гэтая навацыя мае на мэце больш шырокае ўключэнне маладых людзей у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі праз рэалізацыю іх ідэй з дзяржаўнай падтрымкай», — падсумаваў парламентарый.

Яшчэ адно з важных дапаўненняў у законе — забарона на рэалізацыю непаўналетнім электронных сістэм курэння, вадкасцей для іх, сістэм спажывання тытуню. Такая норма ўжо ўтрымліваецца ў Дэкрэце Прэзідэнта № 28. Аднак яна знайшла адлюстраванне і ў абноўленым законе. «Каб законапраект адпавядаў часу і дасягненням прагрэсу, гэты пункт актуалізаваны з улікам рэалій. Было замацавана, што непаўналетнім забаронены продаж алкагольных і тытунёвых вырабаў, але там не згадваліся парагенератары, нікатынавыя паўчы і ўсё, што выстаўлена на паліцах тытунёвых кіёскаў побач з класічнымі цыгарэтамі. Мы гэта прапісалі ў якасці адной з мер фарміравання здаровага ладу жыцця сярод маладых людзей», — растлумачыў Павел Міхалюк.

Парламентарый прызнаўся, што працаваць над гэтым законам было няпроста, але цікава. Моладзь — вельмі дынамічная частка грамадства, што трэба было адлюстраваць і ў законе. «Моладзь настолькі шматгранная, што законам не ахапіць усе кірункі яе дзейнасці. Міністэрства адукацыі, якое непасрэдна працуе з гэтай катэгорыяй насельніцтва, ды і мы, парламентарыі, імкнёмся адпавядаць чаканням, напрамкам, якія бачым у маладзёжным руху. Навацыі закона, на мой погляд, павінны пашырыць кола зацікаўленых маладых людзей, якія могуць прыняць практычны ўдзел у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. А што такое маладзёжная палітыка? Гэта, найперш, актыўны ўдзел моладзі ў жыцці краіны праз ідэі, мерапрыемствы, увасабленне сваіх праектаў, удзел у рэалізацыі чужых ідэй», — адзначыў Павел Міхалюк.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.