Вы тут

«Вогненныя вёскі. Нельга забыць». У Лёзненскім раёне вайна забрала кожнага другога


У гады Вялікай Айчыннай вайны Лёзненскі раён Віцебскай вобласці панёс вялізныя страты: на яго тэрыторыі дзейнічалі канцлагер і гета, на Адаменскай горцы фашысты расстралялі звыш 1700 мірных жыхароў, падчас ваенных дзеянняў тут навечна засталіся каля 32 тысяч абаронцаў Айчыны, а вогненная хваля пракацілася па 196 населеных пунктах, пакінуўшы пасля сябе абгарэлыя коміны і сірот.


Адзіныя ў Беларусі афіцэрскія могілкі ў аг. Стасева.

Дзевяць месяцаў тут стаяў фронт

Напярэдадні вайны ў 1940 годзе ў Лёзненскім раёне налічвалася 78 калгасаў, тры саўгасы, дзейнічалі тры машынна-трактарныя станцыі, толькі ўвайшла ў строй ткацкая фабрыка, пачалі працаваць цэглавы і льнозаводы. Да ракавых 1940-х гадоў у раёне працавалі 48 школ, дашкольнае педвучылішча, чатыры бальніцы, Дом адпачынку і санаторый «Чэрніцы».

17 ліпеня 1941 года Лёзна было акупавана. У першае ваеннае лета ў лясах непадалёку ад вёсак Хацемля і Ардзежа пачалі ўзнікаць невялікія групы народных мсціўцаў, пасля яны аб'ядналіся ў першы партызанскі атрад пад камандаваннем Саладоўнікава. Напрыканцы восені 1941-га на мяжы Лёзненскага, Панізоўскага і Руднянскага раёнаў дзейнічалі каля 15 невялікіх атрадаў і мноства самастойных груп. Ужо з 25 красавіка 1942 года вядзе сваю баявую гісторыю партызанская брыгада «Аляксея», якая была асноўным партызанскім фарміраваннем на тэрыторыі Лёзненшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У сярэдзіне ліпеня 1942-га ў склад брыгады ўваходзілі 1085 партызан, якія праводзілі дыверсіі і баявыя аперацыі на чыгуначных пуцях, грамілі варожыя гарнізоны, знішчалі тэхніку і жывую сілу праціўніка. У кастрычніку 1942 года ў раёне дзейнічалі 17 падпольных моладзевых груп, па ініцыятыве падпольнага райкама камсамола ў лістападзе гэтага ж года ў «Аляксеі» прайшла камсамольская канферэнцыя, якая знайшла водгук у іншых партызанскіх фарміраваннях Віцебшчыны.

«Хацемля — Аргуны» — кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскіх атрадаў 6-га «Марак» і 8-га імя М. М.Селіваненкі, партызанскай брыгады «Аляксея», спецыяльнай групы пад камандаваннем У.Д. Сазонава і мясцовага насельніцтва 3 кастрычніка 1942 года ў Віцебскім, Суражскім і Лёзненскім раёнах. Праводзілася падраздзяленнямі 237-га ахоўнага батальёна, 13-га паліцэйскага палка СС з далучанымі да іх супрацьтанкавымі і мінамётнымі батарэямі на чале з камендантам Смаленска. Па плане штаба тылу групы армій «Цэнтр», аперацыя «Хацемля — Аргуны» разам з карнай аперацыяй «Маланка» павінна была ачысціць ад партызан перадполле чыгункі Полацк — Смаленск. Раптоўнай атакай з поўначы і поўдня карнікі хацелі ўварвацца ў партызанскі лагер. 6 гадзін ішоў цяжкі бой. Сілы праціўніка ў чатыры разы пераўзыходзілі сілы партызан. Народныя мсціўцы пакінулі свае пазіцыі і з боем адышлі на паўночны захад. Не дасягнуўшы поспеху, карнікі падпалілі вёску Хацемля: 97 жыхароў расстралялі і каля 60 жанчын і дзяцей спалілі ў дамах, у вёсцы Кавалёва Сурожскага раёна спалілі больш за 50 двароў і расстралялі 40 жыхароў

Актыўная партызанская барацьба не магла не выклікаць узмацненне рэпрэсій акупантаў у адносінах да мірнага насельніцтва, асабліва з набліжэннем савецкіх войскаў да межаў раёна. Раніцай 8 кастрычніка 1943 года нашы байцы з поўначы Лёзна нанеслі нечаканы ўдар па праціўніку: немцы пакінулі тэхніку і ўзбраенне, імкнуліся бегчы, але трапілі пад агонь нашых стралкоў. Глыбока ўмацаваныя абаронныя пазіцыі гітлераўцаў былі зломленыя, аднак кровапралітныя баі за поўнае вызваленне горада працягваліся і 10 кастрычніка, які стаў днём вызвалення Лёзна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта тут узвіўся першы на Віцебшчыне чырвоны сцяг, як сімвал вызваленай ад нямецкага іга радзімы. Услед за райцэнтрам у выніку жорсткіх баёў вайскамі Чырвонай арміі былі вызвалены яшчэ некаторыя населеныя пункты раёна, пасля чаго наступленне перайшло ў дзевяцімесячнае супрацьстаянне. Канчаткова Лёзненскі раён быў вызвалены ў ходзе Беларускай наступальнай аперацыі ў чэрвені 1944 года.

Якая цана была заплачана за вызваленне? За дзевяць месяцаў, што тут стаяў фронт, страты былі велізарнымі — на тэрыторыі раёна знайшлі свой апошні прытулак звыш 32 тысяч абаронцаў Айчыны. У аграгарадку Стасева знаходзяцца адзіныя ў Беларусі афіцэрскія могілкі, на якіх пахаваны 183 чалавекі: пехацінцы і танкісты, артылерысты і сувязныя, разведчыкі і сапёры, мінёры і медыкі, 55 капітанаў, 39 маёраў і 13 падпалкоўнікаў.

Кожны другі жыхар раёна не вярнуўся з фронту, быў спалены або закатаваны. На Лёзненшчыне 196 населеных пунктаў былі знишчаныя фашысцкімі захопнікамі, падчас карніцкіх распраў загінулі сотні жанчын, дзяцей і старых. Нават адноўленыя пасля вайны вёскі назаўсёды засталіся ў чалавечай памяці пад жудасным найменнем «вогненныя».

Колькі іх, сясцёр Хатыні?

У вёсцы Зоры Гладанскага сельсавета ў вайну згарэлі ўсе 64 дамы, карнікі палілі вёску двойчы: у 1942 і 1943 гадах. За сувязь з партызанамі немцы расстралялі 22 жыхара, ніхто з зарычан не вярнуўся з фронту. Захаваліся ўспаміны Марыі Дзмітрыеўны Стралковай: «Пасёлак быў вялікі і жылі вельмі дружна, усе дапамагалі партызанам, гатавалі ім ежу, шылі кубанкі з чырвоным крыжам на версе, вязалі пальчаткі. Было і шмат бежанцаў, іх таксама прынялі як родных. Вясной 1942 года, калі на рацэ Касплі прарвалі фронт, у вёску прыйшлі салдаты. Усю нашу моладзь забралі ў войска і ніхто з іх не вярнуўся. У снежні 1942 года ў вёску прыехалі карнікі, тады многія разам з партызанамі паспелі збегчы. А карнікі дзейнічалі ўсю ноч: закалолі свіней, разбурылі ўсе пчаліныя вуллі — шукалі мёд, пчол кінулі на снег. Для гэтых нелюдзяў не было нічога святога, тады яны спалілі 10 дамоў. Другі раз немцы наляцелі ў лютым 1943 года. Хто быў маладзейшы з нашых, той схаваўся ў лесе з партызанамі, беглі па глыбокім снезе па грудзі. Мая маці Дар'я Цімафееўна засталася ў хаце, наш сусед Раман Емяльянавіч Давальцоў таксама нікуды не пайшоў. Многія проста не паспелі збегчы. Калі карнікі сталі падпальваць хаты, мама ўпала на калені і стала прасіць, каб не знішчалі вёску. Немец ударыў маці прыкладам так, што яна ўпала і пакацілася па снезе. Вёску знішчылі, тых, хто не паспеў уцячы, сабралі і павезлі ў вёску Гаўрыкі, дзе размяшчаўся тады гэты карны атрад. Высадзілі з машыны і загналі ўсіх на ноч у хлеў. Адтуль маці з суседам і збеглі да нас, астатнія пабаяліся. Раніцай іх усіх выстраілі ў шарэнгу, яны апошні раз абняліся і заплакалі. Усіх расстралялі і пакідалі ў яму. Калі немцы сышлі, мы вярнуліся да таго страшнага месца, забралі ўсіх і пахавалі... Вёскі як і не было — адно папялішча засталося».

У Яськаўшчынскім сельсавеце да вайны налічвалася 15 населеных пунктаў, у апошнія месяцы перад вызваленнем раёна нашымі вайскамі немцы знішчылі амаль усе вёскі. Выключэнні склалі толькі тры населеныя пункты, у якіх засталося па некалькі дамоў. У Кавалёўскім сельсавеце за 1943 год былі ликвидаваныя амаль усе населеныя пункты — крок за крокам фашысты літаральна сціралі з твару зямлі адзін за адным.

Успаміны Ігната Антонавіча Красельшчыкава 1870 года нараджэння, ураджэнца вёскі Слабада Лёзненскага раёна.

3 кастрычніка 1942 года падчас карнай аперацыі пад кодавай назвай «Хацемля — Аргуны» на тэрыторыі Крынкаўскага сельсавета немцы расстралялі звыш 150 чалавек і спалілі іх разам з хатамі. Перад вызваленнем Лёзна ў кастрычніку 1943-га фашысты знішчылі апошнія дамы. З успамінаў жыхаркі вёскі Хацемля Аксініі Антонаўны Галцеевай: «У вайну я засталася з чатырма дзецьмі. Большаму было шэсць гадоў, а Кузьму, маленькаму, год. Муж пайшоў на фронт, я з дзецьмі і сваёй мамай гаравалі. Аднойчы ўбачыла, як аднавяскоўцы хаваюцца ў яму, адчула нешта нядобрае, пабегла ў дом, падхапіла сонных дзяцей і схаваліся ў падполлі. Сядзелі доўга і нічога не ведалі, што адбываецца ў вёсцы. Вылезла потым, паглядзела ў акно, а ўся вёска ў агні, усё гарыць, людзі крычаць. Я зноў да дзяцей — а тут наш дом загарэўся. Выкінула малых праз акно на вуліцу і пачала ўсё з дома выносіць. Тут паліцаі з'явіліся, быццам чакалі мяне: забралі ўсе нашы пажыткі, курэй, вопратку. Да вечара хадзілі па хатах і збівалі людзей. Цалкам загінула сям'я Гарашчанковых з чатырох чалавек, расстралялі Паўла Свірыдзенку, Еўдакію Міхайлоўскую і яе дзвюх дачок Пелагею і Фрузу з сынам Герай чатырох гадоў, Аляксандра Тамашова, спалілі Антона Дзямідава. Конюхаў нёс хаваць збожжа, яго таксама забілі. Праз тры дні зноў вярнуліся немцы і, што не згарэла, падпалілі зноў. Я з дзецьмі зімавала ў Забалоцці. Жыла ў доме Ганны Шырокавай, а ў сакавіку і Забалоцце спалілі. Выгналі ўсіх з дамоў, мужчын забілі, а нас разагналі. Жылі ў Пагосцішчы, вясной вярнуліся ў Хацемлю».

Жыхары Стасеўскага сельсавета адны з апошніх вярталіся да доўгачаканага мірнага жыцця, бо да чэрвеня 1944-га тут вяліся кровапралітныя баі за канчатковае вызваленне раёна. Некаторую колькасць людзей немцы гналі пад Мінск, праз вёску Кляўцы доўгі час праходзіла лінія абароны праціўніка. Мясцовыя жыхары вярталіся на зруйнаваную родную зямлю, якая стагнала ад бомбаў і снарадаў. Яшчэ раней, у 1943 годзе, былі спаленыя амаль усе партызанскія вёскі: Забалоцце, Вялікае Сяло, Асіпоўшчына, Канашкова, Шумшчына, Кляўцы, Смародзіна, Свірбы, Шарыкі, Пыжы, Бычкова, Навароцце і іншыя. Пра трагедыю вёскі Бычкова расказвала Дар'я Барысаўна Мініна 1907 года нараджэння: «Раніцай прыйшлі карнікі, вёска яшчэ спала. Усіх сталі выганяць на вуліцу, у шарэнгу выставілі. Мая дачка Галя ў кадку залезла, дык яе не ўбачылі. Навялі кулямёты на людзей, мужчын з шарэнгі забралі і павезлі кудысьці. Нас, баб, разагналі. Я з Лідай і Галяй адразу ў роў паляцелі, нічога з хаты не брала. Чуем, моцна трашчаць нешта пачало, а гэта немцы хаты падпалілі. Пад вечар двое мужчын вярнуліся, Мікалай і Метлякоў Васіль, яны на хаду выскачылі з машыны. А астатніх мужчын завезлі ў лес пад Цішковым, прымусілі яму сабе капаць, потым расстралялі і кінулі ў адну магілу, параненых і забітых. Расказвалі потым, што зямля некалькі дзён варушылася. А астатніх, што ў вёсцы заставаліся, восенню 1943 сагналі ў суседнюю вёску за кіламетр адсюль, загналі ў дзве пуні, нашых было каля сарака, а ўсіх — каля трохсот чалавек. Маму, Пелагею Васільеўну, айчыма, Яўсея Марозава, тады прама ў двары забілі. Маладых сясцёр Любку і Анютку таксама там паклалі. Анюціна дачка схавалася пад забітых, адна з усіх і засталася. Прывезлі яе ўсю ў крыві да мяне, я ў Юдзіна з дзецьмі жыла. Жылі ў ямах-акопах, наш фронт быў зусім блізка, у вёсцы Шарыкі. Тыдняў пяць сядзелі ў сваіх норах. На гару, пад якой мы сядзелі, немцы прывезлі свае гарматы, пачаўся страшны абстрэл. Снарады то пераляталі, то недаляталі. Мы аглухлі ад выбухаў. Ноччу на некалькі хвілін выбягалі са сваіх нор».

У маі-чэрвені 1943 года вогненная хваля дайшла да вёскі Слабада. Яе щраджэнец Ігнат Антонавіч Красельшчыкаў 1870 года нараджэння ўспамінае, што быў сведкай многіх зверстваў фашыстаў, якія ўчынялі бліз райцэнтра Лёзна. Вёску Слабаду палілі адначасова з розных бакоў, абліўшы хаты і будынкі нечым гаручым. Людзей выводзілі з хат, тых, хто супраціўляўся, расстрэльвалі. Немцы рабавалі, забіралі ўсё, што трапляла на вочы: хатнюю жывёлу, збожжа, асабістыя рэчы вяскоўцаў.

Такі ж лёс напаткаў і жыхароў вёскі Куракі, якія мелі цесныя стасункі з партызанамі. Немцы пачалі блакаваць населены пункт, хтосьці з людзей змог схавацца ў лесе. Астатніх жыхароў фашысты сабралі на плошчы, з агульнай шарэнгі адабралі частку па незразумелых прыкметах і сагналі ў хлеў. Там аказаліся цэлыя сем'і з дзецьмі, на вачах у астатніх будынак падпалілі. Тых, хто застаўся ў жывых, пагналі невядома куды, а вясковыя хаты немцы спалілі ўсе да адной. Шмат моладзі было ўгнана ў Германію, на вачах у жанчын фашысты расстрэльвалі іх дзяцей за тое, што матулі прасілі не забіраць дзяцей.

Раі Гаўрылавай было ўсяго два гады...

Дзень 30 верасня 1943 года стаў ракавым для 160 жыхароў вёскі Асташэва Лёзненскага раёна. Да вайны тут налічвалася 40 двароў і пражывалі каля 180 чалавек. Простая матэматыка падводзіць да жудасных фактаў: пасля вогненнай расправы карнікаў тут засталося каля 20 вяскоўцаў, у большасці сваёй гэта была моладзь, якая паспела схавацца ў лясах.

Асташэўцы не дачакаліся Чырвонай арміі ўсяго 11 дзён — 10 кастрычніка савецкія войскі вызвалілі райцэнтр. Разам з Асташэва гарэлі і суседнія Запажонкі, нечалавечая лютасць карнікаў была выкликаная партызанскай дыверсіяй напярэдадні: народныя мсціўцы з Калышанскай пушчы ўзарвалі каля вёскі мост, які вёў да шашы. Партызаны падарвалі варожыя аўтамашыны, забілі дзесяць немцаў і прыкладна столькі ж узялі ў палон. Жахары Асташэва прадчувалі бяду, бо фашысты асабліва жорстка дзейнічалі перад наступленнем савецкіх войскаў, таму адразу пасля дыверсіі вяскоўцы разам з каровамі і конямі перабраліся ў лес.

У вёску прыбылі каля 400 карнікаў, жыхароў пачалі выганяць на вуліцу. Калі ўсе вяскоўцы апынуліся ў коле стражнікаў з аўтаматамі, немцы рассыпаліся па хатах: на вачах людзей выносілі ўсё, што маглі знайсці. Падушкі, адзенне, швейныя машыны, мяшкі з мукой, сала і мяса — рабавалі тры гадзіны. Людзей загналі ў тры дамы, падпалілі... Тых, хто імкнуўся збегчы, забівалі і зноў закідвалі ў вогненнае жарала.

Мемарыяльны комплекс у вёсцы Асташэва.

З успамінаў жыхара Асташэва Сяргея Мацвеевіча Голубава: «Мы ўжо тыдзень жылі ў лесе ў буданах і зямлянках, а ў вёсцы засталіся старыя і маленькія дзеці. Гітлераўцы адыходзілі, з боку Рубежніцы і ў Запажонкі партызаны «замаскіравалі» падарунак — дзве міны, на іх і падарваліся нямецкія афіцэры. Пра ўсё гэта мы даведаліся пазней. Спачатку, перад Уздзвіжаннем, я прыйшоў дадому, каб памыцца ў лазні. Мама дала паснедаць, і я зноў пабег у лес. Праз некаторы час прыбегла Ганна Садоўская і кажа, што нас прапусцілі немцы, а з вашага канца не выпускаюць з вёскі. Праз гадзіны дзве Штылікава Лізка прыбегла, бачыла, як мужчын пагрузілі ў «чорны крумкач» (аўтамабіль, прызначаны для перавозкі зняволеных і арыштаваных), а астатніх — у хлеў і дзве лазні загналі. Ноччу мы бачылі агонь, чулі, як стракаталі кулямёты, думалі, што проста будынкі гараць. Потым з вёскі, у бок Гушчына, каля нас прайшоў конны абоз, але ісці ў вёску не адважыліся — тры дні яшчэ то ў адным, то ў другім баку вёскі былі агонь і дым, значыць эсэсаўцы яшчэ не сышлі. Сядзім, чакаем, а тое, што людзей могуць паліць, і думкі не было. Калі перасталі гарэць хаты, я вырашыў паўзці на разведку: накінуў на сябе снапоў з аўса і папоўз асцярожна. Раптам, не ведаю адкуль, наша разведка ўзялася, дзевяць чалавек. Акружылі мяне і пытаюцца: «Сынок, ці шмат вас у лесе?», — кажу, што ўсе маладзейшыя тут, у лесе. «А каго там у вёсцы палілі?», — я аслупянеў, здавалася, валасы на галаве падняліся. Пабеглі ўсе ў вёску: на месцы дзвюх лазняў і хлява, што стаялі каля рэчкі, ляжалі абгарэлыя людзі і шмат костак. Маці сваю пазнаў па абрыўку шынялі пад ёй, яна ляжала каля печкі. Ніхто з агню не вырваўся, толькі Восіп Панасенка, Фёдар Карнілаў і Цімафей Барсукоў, адкаціўшыся метраў на 60 адзін ад аднаго, ляжалі абгарэлыя. Івана Кавалёва і дзеда Мікалая Лебедзева знайшлі прыстрэленымі над абрывам ракі — мабыць ўцякалі, калі ў лазні пачыналі заганяць. Пяць метраў не дабеглі да рэчкі. Плакалі і крычалі ўсе — у каго па сем, па дзесяць чалавек згарэла з сям'і, а на заўтра паехалі ў Запажонкі, прывезлі адтуль дзве шафы і куфар, сабралі ўсе костачкі, апусцілі ў яму. Засталіся, лічы, сіротамі, — адны падлеткі і моладзь. «Вёска сірот» — так называлі нас доўгі час у раёне. Каб выжыць, не памерці з голаду, сталі ажэньвацца, каму споўнілася 17 гадоў. У маёй жонкі згарэлі бацькі, чатыры сястры і два браты... Ніхто нікуды не раз'ехаўся ў пошуку лепшага жыцця, усе пачалі зноўку будавацца, нанова пачынаць жыць».

У 1983 годзе на месцы трагедыі адкрылі мемарыяльны комплекс, у цэнтры якога ўзвышаецца белы манумент з выявай жанчыны-маці, якая трымае на руках немаўля, а яе ногі гарачымі языкамі абдымае агонь. Наверсе — тры званы, якія на працягу 40 гадоў балючым гулам напамінаюць нам аб неймаверных катаваннях, што перанеслі ні ў чым не павінныя мірныя жыхары. З двух бакоў ад цэнтральнага манумента — дзве мемарыяльныя пліты з прозвішчамі, сярод іх шмат аднолькавых прозвішчаў — гінулі вялікімі сем'ямі, у той страшны вераснёўскі дзень абарвалася жыццё і двухгадовай Раі Гаўрылавай...

Пасля вайны вёска адбудавалася, яе ўздымалі з руін тыя некалькі дзясяткаў чалавек, якім удалося выжыць. Аднак з цягам часу жыццё ў Асташэве пачало сціхаць, сёння ў населеным пункце засталося некалькі дамоў, але сцяжына да мемарыяльнага комплексу ў цэнтры вёскі не зарастае: гэты помнік стаў месцам жалю і смутку ў гонар усіх 196 населеных пунктаў Лёзненшчыны, якіх спасцігнуў вогненны лёс Хатыні, 28 з іх былі спаленыя разам з жыхарамі, тры — ужо ніколі не адрадзіліся.

Падчас падрыхтоўки матэрыялу былі выкарыстаны архіўныя дакументы Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?