Вы тут

Часопіс «Полымя» святкуе 100-гадовы юбілей


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры здзейсніў падарожжа па мінулым. Адпраўной кропкай стала круглая дата, якая святкуецца ў гэтым снежні: 100-гадовы юбілей часопіса «Полымя». Падчас урачыстага адкрыцця літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «...І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя», наведвальнікам распавялі пра айчынныя літаратурныя суполкі ХХ стагоддзя, прыгадалі паэтак, якія стваралі незвычайныя і прагрэсіўныя вершы ў міжваенны перыяд, а таксама паказалі кадры кінахронікі беларускай кінастудыі.


Дырэктар дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік распавёў, што канцэпцыя выставы — магчымасць перанесціся на сто гадоў назад:

— Мы спадзяемся, што дзякуючы экспазіцыі вы апынецеся ў віры грамадска-палітычных падзей, якія адбываліся ў нашай краіне. А таксама па-новаму асэнсуеце тое, што рабілі нашы літаратары.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя была створана музеем у супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам «Звязда». Экспанаты выставы адлюстроўваюць 1920-30-ыя гады адразу з некалькіх бакоў. Напрыклад, можна прачытаць вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, убачыць уласныя рэчы творцаў — гальштукі, камізэльку і кашулі. Адлюстравана і творчасць паэтак, якія друкаваліся ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя: Наталлі Вішнеўскай, Зінаіды Бандарынай, Яўгеніі Пфляўмбаўм. Таксама дэманструюцца і фондавыя анкеты літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч адзначыў, што ўражвае як сама выстава, так і гісторыя часопіса «Полымя»:

— Традыцыя выдання тоўстых часопісаў у Беларусі, нягледзячы ні на якія складанасці, захавалася. Сёння самае частае пытанне ад журналістаў, асабліва электронных сродкаў масавай інфармацыі, звязана з фарматам мастацкіх тэкстаў: што прасцей — выкладаць іх у анлайн-прастору, або захоўваць у папяровым варыянце, няхай і невялікімі накладамі. Для мяне шмат важней прысутнасць мастацкага слова на паперы, таму што ёсць магчымасць адрэдагаваць, захаваць навідавоку. Хацелася б, каб з гэтым разуменнем часопіс жыў і надалей развіваўся.

Алесь Карлюкевіч падкрэсліў, што «Полымя» ў розныя часы было выданнем, якое фарміравала асобы, прычым у дастаткова маладым узросце:

— Хацелася б, каб моладзь ішла ў часопіс: бачыла яго сваім і арыентавалася на традыцыі, а разам з тым генерыравала новыя палымянскія старонкі.

У экспазіцыю ўвайшлі ўсе юбілейныя нумары, а таксама ўзнагароды часопіса. Ёсць і насычаны амажамі на творы беларускай літаратуры верш «Прайсці праз „Полымя“», які напісаў паэт, галоўны рэдактар «Полымя» Віктар Шніп. Куратары нават прыдумалі невялікі інтэрактыў для наведвальнікаў выставы: трэба прачытаць верш і падлічыць, колькі назваў вядомых твораў, якія ў свой час друкаваліся ў «Полымі», вы знайшлі ў ім.

— Хачу падзякваць Музею гісторыі беларускай літаратуры за цудоўную імпрэзу, за выставу, якая будзе працаваць яшчэ доўгі час. Сто гадоў — гэта не толькі гісторыя беларускай літаратуры, але гэта і гісторыя нашай краіны. Усе значныя творы нашай літаратуры прайшлі праз «Полымя», — распавёў Віктар Шніп.

Наведаць выставу і пазнаёміцца з літаратурнай эпохай міжваеннага перыяду можна будзе да 25 лютага 2023 года.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.