Вы тут

Эксперыменты на «сотках» вясковай Вялікадолецкай школы


Кавуны, кальрабі і тэф...гэтыя і іншыя культуры — не асартымент прылаўкаў супермаркетаў, а аграрныя эксперыменты настаўнікаў і навучэнцаў вясковай Вялікадолецкай школы Ушацкага раёна, што на Віцебшчыне. Звычайную для нас садавіну і гародніну на школьным гародзе вырошчвалі на працягу дзесяцігоддзяў, а з 2018 года ў адзін рад з бульбай і цыбуляй сталі фіялетавая морква, брусельская капуста і лаванда.


Фота газеты «Патрыёт».

Ставіць эксперыменты на «сотках» ушацкай установы адукацыі школьнікі пачалі ў 2018 годзе ў межах праекта Беларускага Зялёнага Крыжа «Школьны сад», мэтай якога з’яўляецца развіццё сучаснага сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва і прафесійны сацыяльны рост моладзі ў сельскіх населеных пунктах. Ідэя настаўнікаў хіміі і біялогіі Віктара Мікалаевіча Шышова і Алены Мечыславаўны Жук стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу, з таго часу прайшло чатыры гады, і праект у межах школы развярнуўся да маштабаў, якія ўражваюць.

Зараз увесь педагагічны калектыў і тэхнічны персанал разам з навучэнцамі даглядаюць за амаль 1,5 гектарамі плошчы, на якіх размясціўся сад, эксперыментальны ўчастак і ўчастак асабістай вытворчасці. Адных яблынь у школе налічваецца 26 сартоў, па чатыры — груш, сліў і вішань, усяго 179 дрэўцаў. Радуюць багатым ураджаем і парэчкі з агрэстам. 

У мінулым сезоне новаадкрыццём для вясковых аграрыяў стала фіялетавая морква, якая па сваіх якасцях лічыцца найкарыснай за ўсе астатнія гатункі. Яна, як расказала Алена Мечыславаўна, мае і моцны пурпурны колер, гэтую прыродную каляровую адметнасць гаспадыні могуць выкарыстоўваць як натуральны фарбавальнік. Інтэнсіўнасць колеру караняплода залежыць ад колькасці іонаў магнію і кальцыю, аднак пасля варкі такая морква аддае амаль увесь тон вадзе, становіцца непрывабнай знешне, таму яе ў большасці выкарыстоўваюць у ежу ў сырым выглядзе. Вырошчваюць у школе і белую моркву, яна адрозніваецца найменшым утрыманнем цукру і падыходзіць для дыетычнага харчавання; ёсць у агародніцкай калекцыі і познія жоўтыя караняплоды — яны далі сёлета найбольшы ўраджай.

Вырасцілі вялікадальчане і амаль паўтоны капусты: кальрабі, савойская, чырвонакачанная, брусельская, брокалі. Правялі эксперымент і з гатункам «Раманэска» з сямейства каляровай капусты — яе качаны падобныя да пірамідак, суквецці нагадваюць марскія ракавіны — хочацца любавацца, а не есці. Яе, дарэчы, людзі нярэдка садзяць на клумбах, упісваючы дзіўныя качанчыкі ў ландшафтныя кампазіцыі.

Дайшлі эксперыментары з паўночнага рэгіёна і да афрыканскіх культур: сёлета на школьным участку вырасцілі тэф. На жаль, злакавая расліна з-за халодных умоў надвор’я ў гэтым сезоне не дала ўраджай, але закаласілася. У некаторых краінах тэф, радзімай якога з’яўляецца Эфіопія, выкарыстоўваецца ў ежу ў выглядзе зерня, у некаторых — яго пераціраюць у муку і выпякаюць хлебныя вырабы. 

Па словах настаўніка хіміі і біялогіі Віктара Шышова, галоўнай мэтай праекта з’яўляецца не толькі навучанне дзяцей тэарэтычным асновам земляробчых работ, але і прамое ўцягванне школьнікаў у працэс. «Важна, каб дзеці разам з настаўнікамі адсочвалі ўвесь шлях раслін ад семечкі да паўнавартаснага ўраджаю», — расказвае Віктар Мікалаевіч. Працэс раслінаводчых работ у школе амаль не спыняецца: ужо напрыканцы зімы пачынаюць вырошчваць расаду — насенне ўстанове адукацыі ў межах праекта «Школьны сад» бясплатна пастаўляе Зялёны Крыж. Потым пераносяць яе ў 10-мятровую полікарбанатную цяпліцу, яна з’явілася ў школе таксама ў межах праекта, як і халадзільная камера-сховішча на тону яблыкаў. 

Бульбай, белакачаннай капустай, цыбуляй, морквай і яблыкамі ўстанова адукацыі забяспечвае сябе на цэлы год, рэалізоўваюць лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі і на восеньскіх ярмарках, школьная садавіна і гародніна карыстаецца попытам і мае аўтарытэт у мясцовых жыхароў. 

На эксперыментальным участку для дзяцей малодшага ўзросту настаўнікі праводзяць эка-экскурсіі, а, пачынаючы з пятага класа, на летняй практыцы да «працоўнай тэрапіі» на гародзе далучаюцца астатнія навучэнцы. Сваімі аграрнымі тэхналогіямі педагогі з радасцю дзеляцца з бацькамі дзяцей: у школе праходзяць выставы незвычайнай вырашчанай прадукцыі, Віктар Мікалаевіч ладзіць майстар-класы па прышчэпцы дрэўцаў. Для дзяцей праходзяць абавязковыя дэгустацыі: вельмі даспадобы дзятве салодкія паласатыя кавуны, за якімі яны даглядалі разам. Не раз даследчыя работы навучэнцаў і настаўнікаў займалі прызавыя месцы на абласных, міжнародных конкурсах і навуковых канферэнцыях, пераймаць вопыт у вялікадолецкіх педагогаў прязджаюць і калегі з вобласці.

На дзіва, але так званага «аграрнага класа», якія апошнім часам пачалі з’яўляцца на базах устаноў адукацыі, у Вялікадолецкай школе няма, затое ёсць магчымасць атрымаць пасля 11 класа працоўную спецыяльнасць агародніка — шэсць гадзін на тыдзень для старшакласнікаў Віктар Мікалаевіч (які па прафесіі яшчэ і аграном) праводзіць заняткі, напрыканцы выпускнога класа моладзь здае кваліфікацыйны экзамен і атрымлівае адпаведнае пасведчанне. 

У планах настаўніцкага дуэта Віктара Шышова і Алены Жук — вырасціць на аптэкарскім школьным гародзе стэвію, а яшчэ — паказаць навучэнцам, што раслінаводства справа цікавая і захапляльная. А гэта ў іх, безумоўна, атрымліваецца.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.