Вы тут

Выбары па новых правілах і падставы для страты грамадзянства


Законапраекты, разгледжаныя падчас чарговага пасяджэння дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў, распрацаваныя з улікам абноўленай Канстытуцыі.

У першым чытанні прыняты адзін з найбольш рэзанансных заканадаўчых актаў — праект Закона «Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Перш чым законапраект быў унесены Прэзідэнтам у Палату прадстаўнікоў, яго асноўныя палажэнні былі разгледжаны на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Акрамя таго, праект закона прайшоў грамадскае абмеркаванне, атрымаў экспертную ацэнку на самых розных дыялогавых пляцоўках. Шэраг заўваг і прапаноў былі ўлічаны і замацаваны ў дакуменце.


Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар Свіла, у плане мерапрыемстваў па прывядзенні законаў краіны ў адпаведнасць са змяненнямі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю, праект Закона «Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь» стаіць пад другім нумарам, што сведчыць аб яго важнасці і першачарговасці. «Законапраект усёабдымны, вялікі па аб’ёме, — заўважыў парламентарый. — Толькі першы артыкул утрымлівае 140 пазіцый, у той час як дзеючы Выбарчы кодэкс ахоплівае 167 артыкулаў. Найбольшая частка новаўвядзенняў датычыцца з’яўлення ў нашай краіне ў сувязі з абноўленай Канстытуцыяй новага віду галасавання — галасавання па выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. У новым раздзеле будуць размешчаны палажэнні, якія рэгламентуюць усе выбарчыя працэдуры». 

Другі момант, які ўносіць найбольшую колькасць змяненняў у выбарчае заканадаўства, звязаны з адзіным днём галасавання — ён вызначаны як апошняя нядзеля лютага. У бліжэйшы час адзіны дзень галасавання адбудзецца 25 лютага 2024 года. Гэта новаўвядзенне пацягнула за сабой шэраг дадатковых змяненняў. У прыватнасці, памянялася сістэма выбарчых камісій, карэкціроўцы падвергнуты і парадак выбараў членаў Савета Рэспублікі. Другое чытанне законапраекта — не за гарамі. У другой палове 2023 года абноўлены Выбарчы кодэкс ва ўсю пачне працаваць. 

У першым чытанні разгледжаны праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь». Згодна з новаўвядзеннямі, прэм’ер-міністр будзе прызначацца з папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў. Рэгламентуецца ўзаемадзеянне Савета міністраў і Усебеларускага народнага сходу. Выключаюцца паўнамоцтвы прэм’ер-міністра па выкананні абавязкаў Прэзідэнта Беларусі ў выпадку вакансіі гэтай пасады. Удакладняюцца паўнамоцтвы ўрада ў шматлікіх сферах дзейнасці.

Грамадзянства: свядомасць выбару

Адразу ў двух чытаннях парламентарыямі адобраны законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства аб грамадзянстве з улікам практыкі яго прымянення, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, вырашэнне задач дзяржавы ў сферы міграцыйнай палітыкі. 

— Навацыі, якія прапаноўваюцца, забяспечаць прынцып роўнага грамадзянства незалежна ад падстаў яго набыцця, — звярнула ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч. — Вельмі важны прэвентыўны характар новаўвядзенняў і ў частцы падстаў для страты грамадзянства. Законапраект дазволіць фарміраваць банкі даных аб грамадзянах, якія маюць замежнае грамадзянства, або від на жыхарства, або іншыя дакументы, якія даюць перавагі і льготы, звязаныя з палітычнымі поглядамі, рэлігійнымі матывамі і нацыянальнай прыналежнасцю. Уводзяцца падставы для пазбаўлення грамадзянства асобамі, якія займаюцца супрацьпраўнай дзейнасцю, нанеслі сур’ёзную шкоду нацыянальнай бяспецы, нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Рашэнне аб страце грамадзянства будзе прымацца Прэзідэнтам нашай краіны 

Яшчэ адна навацыя гэтага законапректа звязана з увядзеннем прысягі, якую будуць прымаць грамадзяне пры набыцці беларускага грамадзянства. Па словах Ліліі Ананіч, гэта дазволіць чалавеку, які набывае грамадзянства нашай краіны, свядома фарміраваць свае адносіны да суверэнітэту Беларусі, бяспекі нашай дзяржавы. Законапраектам уводзіцца працэдура вызначэння парадку ўзроўню ведаў чалавека, які ўступае ў грамадзянства, адной з дзяржаўных моў. 

Удасканаленне судовай сістэмы

У першым чытанні дэпутацкім корпусам разгледжаны праект Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях судаўладкавання і статусу суддзяў», унесены ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам. Заканадаўчы акт распрацаваны з мэтай прывядзення норм Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у адпаведнасць з Канстытуцыяй. Законапраект прадугледжвае ўдасканаленне сістэмы суддзяў агульнай юрысдыкцыі. 

Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Аляксандр Амельянюк, унясенне гэтага законапраекта абумоўлена перш за ўсё тым, што ўнесены змяненні ў Канстытуцыю. «Канстытуцыя рэгулюе агульныя пытанні судаўладкавання і статусу суддзяў, астатнія пытанні павінны рэгулявацца спецыяльным законам, якім з’яўляецца Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, — удакладніў дэпутат. — Паколькі 27 лютага 2022 года мы адобрылі змяненні ў Канстытуцыю, змяніўся шэраг палажэнняў, якія істотна ўплываюць на парадак фарміравання вышэйшых судовых органаў. У прыватнасці, гэта перадача часткі паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы Усебеларускаму народнаму сходу, які будзе фарміраваць найвышэйшыя судовыя органы краіны і вырашаць шэраг іншых пытанняў, звязаных з працай найвышэйшых судовых органаў. Будзе створаны апеляцыйны эканамічны суд, які стане паўнавартаснай другой інстанцыяй для эканамічных судоў краіны». 

Адобраны ў першым чытанні і праект Кодэкса грамадзянскай судавытворчасці Рэспублікі Беларусь, унесены ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам Беларусі. Заканадаўчы акт, у прыватнасці, прадугледжвае такое новаўвядзенне, як пашырэнне спосабаў прымірэння бакоў па справах іскавой вытворчасці пры садзейнічанні іншых асоб, якімі могуць быць медыятары, адвакаты, прымірыцелі (асоба, якая займае дзяржаўную пасаду) і патэнтныя павераныя. Замацоўвацца магчымасць прымірэння па справах, якія ўзніклі па адміністрацыйных або публічных праваадносін. Устанаўліваюцца адэкватныя меры супрацьдзеяння злоўжыванню працэсуальнымі правамі з боку ўдзельнікаў працэсу. Уводзіцца інстытут калектыўных іскаў — такі іск можа прад’явіць да агульнага адказчыка група істцоў. Замацоўваецца магчымасць падачы іскавой заявы або іншага працэсуальнага звароту ў выглядзе электронага дакумента і інш. 

Унесены ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам Беларусі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях канстытуцыйнай судавытворчасці» прыняты ў першым чытанні. Заканадаўчы акт распрацаваны з мэтай прывядзення заканадаўства ў канстытуцыйнай судавытворчасці ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Законапраектам прадугледжваецца карэкціроўка Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйнай судавытворчасці» — ён выкладаецца ў новай рэдакцыі, паколькі змяненні закранаюць больш паловы тэкста дакумента. 

Упершыню ўводзіцца новы інстытут — прамой канстытуцыйнай скаргі грамадзян. Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Людмілы Жалнерычк, у адпаведнасці з нарматыўна-прававымі актамі Канстытуцыі, найвышэйшая судовая інстанцыя па зваротах грамадзян можа разглядаць канкрэтныя спрэчкі. «Гэта прамы ўдзел грамадзян у канстытуцыйным правасуддзі, — звярнула ўвагу парламентарый. — Акрамя таго, суды агульнай юрысдыкцыі могуць звяртацца ў Канстытуцыйны суд з запытамі, якія прымяняюцца ў канкртэтнай справе для таго, каб не дапусціць несправядлівага прыняцця рашэння. Гэта сведчыць аб пашырэнні прававых гарантый нашых грамадзян у забеспячэнні сваіх правоў і законных інтарэсаў».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.