Вы тут

Надрукавана ў «Полымі»: Снежань 2022


Старэйшаму беларускаму літаратурна-перыядычнаму выданню — сто гадоў. Пачатак — у снежні 1922 года. Таму, зразумела, і снежаньскі, ужо 2022 года, нумар носіць адбітак гэтай вялікай у гісторыі беларускай літаратуры і беларускай культуры, беларускага асветніцтва даты. 


Найперш чытача сустракае верш галоўнага рэдактара часопіса Віктара ШНІПА — «Прайсці праз «Полымя»: «... і мы ішлі/ праз буры і віхуры/ і ў вялікі дзень/ і ва ўсе векапомныя дні/ браму скарбаў сваіх адчынялі/ каб на нашай святой зямлі/ і ў полі і ў лузе/ і ў зялёнай дуброве/ сцежкі-дарожкі/ не знікалі/ і не плакала Алеся/ як кветка пажоўклая/ а Насцечка/ чытаючы запіскі Самсона Самасуя/ і пра дзве душы/ і пра віленскіх камунараў/ і пра сокі цаліны/ верыла/ што ўсё будзе добра/ і чужая бацькаўшчына/ ніколі не стане сваёй/ бо мы ідзём/ праз вернасць зямлі...» У нумары — і круглы стол да юбілею выдання: «Гістарычная місія, адказнасць і звышзадача». У ім удзельнічаюць, дзеляцца сваімі развагамі кандыдат філалагічных навук, дактарант кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Лада АЛЕЙНІК, доктар філалагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, доктар філалгічных навук, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ Вячаслаў РАГОЙША, кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Анатоль ТРАФІМЧЫК, доктар філалагічных навук, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван САВЕРЧАНКА, кандыдат філалагічных навук Мікола ТРУС. 

Заканчваецца публікацыя ўспамінаў «палымянца» Генадзя Пашкова «Круціла жорны завіруха, або Ля цяпельца «Полымя». Сваімі ўспамінамі дзеліцца і паэт Казімір Камейша — «Два запісы ў працоўнай кніжцы». З цікавымі нататкамі выступае і празаік Андрэй Федарэнка — «Мае «палымянцы». Вядомы літаратар, аўтар многіх адметных раманаў і аповесцяў («Дзікі луг», «Жэтон на метро», «Афганская шкатулка», «Вёска» і іншых яркіх, запамінальных твораў), Андрэй Федарэнка таксама працаваў у часопісе «Полымя». 

Юбілейны нумар змяшчае і нарыс Міхася Шыманскага «З „Полымем“ па жыцці», артыкул доктара філалагічных навук Таццяны Дасаевай «Можа я і завуся паэтам, што са светлым заўсёды дружу», вершы Міхася Пазнякова, Віктара Гардзея. На ўсіх публікацыях — пячатка стогадовага юбілея, стагоддзя з дня нараджэння часопіса. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.