Вы тут

Баец нябачнага фронту


Нябачная зброя — электрамагнітныя хвалі — здольная не толькі поўнасцю дэзарыентаваць праціўніка, паралізаваць варожую тэхніку і ўзбраенне, але і абараніць ад знешніх уздзеянняў сваю тэрыторыю. Нельга пераацаніць ролю радыёэлектронных сродкаў і ў мірным жыцці. Дзякуючы ім, мы можам перадаваць інфармацыю на розныя адлегласці, пры гэтым неабавязкова ў самых спрыяльных умовах.


Якое значэнне радыёэлектронныя сродкі маюць у сучасных ваенных канфліктах, чаму найбуйнейшыя арміі свету аддаюць перавагу беларускай тэхніцы РЭБ і як войскі радыётэхнічнай барацьбы, якія ўчора адзначылі 80-годдзе свайго існавання, будуць развівацца ў найбліжэйшы час, расказаў начальнік упраўлення радыёэлектроннай барацьбы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Ігар ДАНІЛЬЧЫК.

— Ігар Іванавіч, упершыню сродкі радыёэлектроннай барацьбы былі прыменены ў гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас Сталінградскай бітвы, якая поўнасцю змяніла далейшы ход падзей...

— 16 снежня 1942 года Дзяржаўны народны камісарыят абароны пастанавіў, што РЭБу быць. У крытычна малыя тэрміны былі сфарміраваны тры першыя радыёдывізіёны — папярэднікі нашых воінскіх часцей, — якія ўпершыню прынялі ўдзел у Сталінградскай бітве. Потым яны добра адзначыліся ў ходзе аперацыі «Баграціён», пры вызваленні Кёнігсберга. Гэта было заўважана ў тым ліку праціўнікам, які казаў аб тым, што стала складана перадаваць інфармацыю ў радыёсетках. Менавіта тады ўпершыню адчулі, што такое радыёэлектронная барацьба.

— У 1950-я гады, калі пачалося адраджэнне войск РЭБ, яны сталі называцца службай перашкаджэння і абароны. Якія задачы выконваюць цяперашнія падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы?

— Перашкаджаць і абараняць — тыя дзве найважнейшыя функцыі, якія ляжаць у аснове і сучаснай радыёэлектроннай барацьбы. Цяпер яны гучаць па-іншаму — радыёэлектроннае паражэнне і радыёэлектронная абарона. Сутнасць жа радыёэлектроннай барацьбы засталася ранейшай, не змянілася за гэтыя гады. Памянялася тэхніка, удасканалілася падрыхтоўка спецыялістаў, задачы сталі функцыянальна больш шырокімі, ажыццяўляецца поўнае насычэнне радыёэлектроннымі сродкамі аб'ектаў. «Разумны дом» прыходзіць да нас у кватэру, сувязь пятага пакалення стукаецца ў дзверы. Магчыма, у наступным годзе мы яе адчуем і ўбачым. Развіццё — усюды. І на полі бою таксама. Важнай з'яўляецца сітуацыйная дасведчанасць на полі бою: каб да кожнага салдата, кожнага камандзіра хутка і дакладна даводзілася інфармацыя, каб ён валодаў тым, што робяць суседзі, чым занятыя ўзаемадзейнікі, падтрымлівальнікі, каб сувязь была дакладная і надзейная. Гэта характэрна і для радыёэлектроннай барацьбы — зрабіць усё для таго, каб праціўнік не мог перашкодзіць забяспечыць радыёэлектронную абарону нашых сродкаў. З іншага боку, імкнёмся зрабіць так, каб праціўнік не забяспечыў надзейнай сувяззю свае войскі.

— Напэўна, у сучасных умовах гэта вельмі няпроста?

— Заўсёды было няпроста. Цяпер стала больш усяго. У той жа час сучасныя магчымасці дазваляюць выконваць задачы прасцей. Электронна-вылічальныя машыны аблегчылі нам жыццё, сам падыход да радыё цяпер абсалютна іншы. Развіццё тэхналагічнай асновы і праграмнага забеспячэння дазволілі па-іншаму трансліраваць інфармацыю, інакш яе прымаць. Калі раней можна было казаць аб тым, што адзін сродак сувязі — адна лінія сувязі, а адна адзінка станцыі перашкод — адзіная магчымасць падавіць што-небудзь, цяпер жа ўся тэхніка — мультызадачная. Бясконцае развіццё тэхналогій падштурхоўвае да таго, што патрэбна забяспечыць устойлівую, надзейную сувязь. Для гэтага прымяняюцца шматлікія падыходы, якія дазваляюць дасягнуць мэты рознымі дарогамі, шляхамі. Часам — аб'язнымі. Любым спосабам даставіць інфармацыю ў пункт прызначэння — гэта адзін з прынцыпаў сеткацэнтрычных войнаў, калі інфармацыя трапляе з пункта «А» ў пункт «Б» не па прамой, а па розных крывых, чым забяспечваецца надзейнасць яе дастаўкі да спажыўца. У гэтай сітуацыі нам патрэбна знайсці ўсе гэтыя «дарожкі» і паспрабаваць іх знішчыць.

— Тэхніка РЭБ, якая стаіць на ўзбраенні беларускай арміі, адпавядае найлепшым сусветным стандартам. Якое ўзбраенне трапіць у нашы войскі ў найбліжэйшы час?

— Не буду раскрываць сакрэты, якая тэхніка трапіць на ўзбраенне. А вось у тым, што тэхніка паступае, прычым рэгулярна, няма ніякіх сакрэтаў. 14 снежня ў Полацку, у пункце пастаяннай дыслакацыі 228-га асобнага палка, мы ўручылі тэхніку і гэтаму палку, і 10-му асобнаму батальёну РЭБ. Тэхніку стварыла наша прамысловасць. Прыемна, што паступіла яна да нас напярэдадні прафесійнага свята. Увогуле, аб якасці нашай тэхнікі найбольш красамоўна сведчыць яе продаж па ўсім свеце. Гэта найлепшы доказ таго, што яна запатрабаваная. Прычым у самых патрабавальных і распешчаных пакупнікоў, якія сярод таго, што прапаноўваецца на сусветным рынку, могуць выбраць усё самае лепшае, нягледзячы на цану. У гэтым канкурэнтным жорсткім асяроддзі нашы прадпрыемствы перамагаюць, і беларуская тэхніка трапляе на ўзбраенне замежных дзяржаў. Гэта сведчыць аб тым, што якасць і тыя тэхналагічныя задзелы, якія закладзены ў гэтую тэхніку, лепшыя, чым у найбуйнейшых сусветных кампаній, якія ствараюць вядомае на ўвесь свет узбраенне. Тое, што мы ў шасцёрцы найбуйнейшых сусветных вытворцаў тэхнікі РЭБ, — адназначна. Нам ёсць, чым ганарыцца. Тэхніка пастаянна ўдасканальваецца, мы не стаім на месцы.

— Прычым нагоды для ўдасканалення і развіцця рэгулярна падкідвае ваенна-палітычная абстаноўка ў свеце...

— Хто ў мінулым годзе ўсур'ёз успрымаў аматарскія квадракоптары, якія людзі выкарыстоўваюць для здымак сваіх падзей: вяселляў, падарожжаў, паходаў і інш.? Без квадракоптара цяпер нікуды. Ён выкарыстоўваецца ўсюды. Беспілотны лятальны апарат — адзін з асноўных дапаможных вырабаў на полі бою. Калі б мы не глядзелі наперад, то аказаліся б поўнасцю не гатовымі да праблемы барацьбы з квадракоптарамі. Разам з канструктарамі стварылі тэхніку, якая апярэдзіла шырокае выкарыстанне гэтых вырабаў на полі бою. Мы можам спакойна глядзець у будучыню, бо наша тэхніка дазваляе змагацца з гэтымі вырабамі, прычым на вельмі добрым узроўні. Квадракоптары, якія прапаноўваліся год таму і цяпер, — дзве вялікія розніцы. Адпаведна, у сувязі з развіццём высокіх тэхналогій рэгулярна трэба ўдасканальваць тэхніку. Аднак дзякуючы таму, што наша тэхніка гнуткая, паддаецца праграмаванню, нам, па вялікім рахунку, няма неабходнасці мяняць «жалеза». Мы можам выкарыстоўваць тое, што ёсць. Дастаткова змяніць софт — і ў тэхнікі атрымліваецца абсалютная новая якасць. Гэта адно з адрозненняў сучаснай тэхнікі ад той, якая эксплуатавалася за савецкім часам, дзе фізічныя магчымасці былі завязаны на «жалезе», з якога яна выраблялася.

— Нярэдка беспілотныя лятальныя апараты, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі ў сваіх інтарэсах, парушаюць паветраную прастору і аказваюцца там, дзе іх быць не павінна. Як гэтае пытанне ўрэгулявана на заканадаўчым узроўні?

— Тут усё зроблена так, як трэба. Для грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў вызначаны дыяпазон работы, максімальныя магутнасці. У гэтай галіне ёсць рэгулятар, кантрольны орган — Беларуская дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі. Яна сочыць і за тым, як ажыццяўляецца парадак эксплуатацыі квадракоптараў у асабістых мэтах, і за тым, каб у гандлёвых сетках прадаваліся дазволеныя вырабы. Акрамя таго, вызначаны пералік забароненых зон да палётаў. Ён пастаянна публікуецца, абнаўляецца. Тыя, хто хоча законна выкарыстоўваць свой квадракоптар, можа з гэтым пералікам азнаёміцца: ён у адкрытым доступе. Некаторыя кампаніі ўжо на заводзе пры стварэнні ўносяць у памяць гэтых вырабаў інфармацыю, якая не дазволіць заляцець і выканаць палёт у забароненай зоне. Іншая справа — зламыснік, які пры наяўнасці пэўных навыкаў унёс змены ў праграмнае забеспячэнне, можа «ўзламаць» гэтыя забароны і ажыццявіць палёт там, дзе яго нельга здзяйсняць. У гэтым выпадку на абароне нашага закона выступаем і мы, і многія іншыя структуры. Мы можам забяспечыць радыёблакаду ў неабходных раёнах, каб там ні пры якіх умовах нельга было выкарыстоўваць квадракоптары. У нас ёсць і арганізацыйныя (заканадаўчыя), і фізічныя — ажно да знішчэння — метады ўздзеяння на незаконнага парушальніка. Чаму б і не, калі гэта пагражае жыццю і здароўю нашых грамадзян?

— Ужо год як функцыянуе Цэнтр радыёманіторынгу Узброеных Сіл. Якія задачы ён вырашае?

— За спектрам грамадзянскага прызначэння кантроль ажыццяўляе Беларуская дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі. Усё, што звязана з сілавымі структурамі і тымі ўчасткамі радыёчастотнага спектра, якія вылучаны ў інтарэсах сілавых структур, ажыццяўляем мы. Каб не было ніякіх парушэнняў, каб адзін аднаму не перашкаджалі, з Белдзяржінспекцыяй па электрасувязі ў нас наладжаны шчыльны кантакт. Больш за тое, у нас ёсць міжведамасны дакумент, які дазваляе хутка і камфортна абменьвацца інфармацыяй у гэтай галіне і вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць паміж грамадзянскімі карыстальнікамі і карыстальнікамі нашых сілавых структур. За год мы напрацавалі добры вопыт. Нашы дзяжурныя пастаянна на сувязі з дзяжурнымі Белдзяржінспекцыі па электрасувязі. Яны даюць нам свой рэсурс для кантролю. Мы, калі патрабуецца, даём ім свой. Фактычна разам кантралюем поўнасцю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Калі дзесьці хто-небудзь пачне незаконна вяшчаць, мы гэта хутка высветлім і прыменім да парушальніка меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

— Ва Узброеных Сілах пачаўся новы навучальны год. Якія кірункі развіцця войскаў РЭБ будуць для вас прыярытэтнымі?

— Асноўнае, на чым будзе сканцэнтравана наша ўвага, — баявая падрыхтоўка. Неабходна сысці ад фармалізму і шаблонных форм у баявой падрыхтоўцы, каб пастаянна адсочваць новыя тэндэнцыі, якія ёсць у свеце. Асабліва важна ў гэтым плане ўлічыць вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі. Мы бачым, што адбываецца, і нам неабходна гэта пераламляць у плоскасці баявой падрыхтоўкі сваіх воінскіх часцей — часта нават прымяняючы незвычайныя для нас формы, тактычныя прыёмы.

— Што канкрэтна, зыходзячы з вопыту спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, патрабуе вашай увагі?

— Усе ўбачылі, што падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі вельмі шырока выкарыстоўваюцца квадракоптары. Прычым для вырашэння розных баявых задач: у асноўным з мэтай разведкі, агнявой падтрымкі. Натуральна, мы не можам гэтага не заўважаць, таму навучаем нашы экіпажы для барацьбы з квадракоптарамі. У прыватнасці, адпрацоўваем прыёмы па недапушчэнні гэтых вырабаў на полі бою. Нягледзячы на дзіцячасць, якая здаецца такой на першы погляд, квадракоптары ўяўляюць вельмі сур'ёзную цэль для супрацьдзеяння. Яны мініяцюрныя, маюць малую эфектыўную плошчу рассейвання, іх складана — практычна немагчыма — выявіць традыцыйнымі сродкамі радыёлакацыі, радыётэхнічнай разведкі, паколькі сігналы, якія ў іх выкарыстоўваюцца, вельмі слабыя і нешумападобныя. Пры пэўных абставінах гэты малы, амаль незаўважны выраб уяўляе вялікую пагрозу. У прыватнасці, як неаднарозова мы бачылі ў тэлевізійных сюжэтах, квадракоптар часта выкарыстоўваюць для таго, каб скідваць выбуховыя рэчывы на галаву праціўніка. Дзякуючы сваёй дакладнасці (квадракоптар можа падабрацца вельмі блізка), дасягаецца патрэбны эфект і наносіцца вялікая шкода праціўніку. Выявіць беспілотны лятальны апарат — вельмі складаная задача. Гэтаму мы ўжо цяпер вучымся і будзем вучыцца. Упэўнены, што падчас новага навучальнага года мы дасягнём новых высокіх вынікаў у баявой падрыхтоўцы і выкананні задач па прызначэнні. Аддаючы даніну мужнасці і гераізму, ратнай працы нашых папярэднікаў, звяртаюся да тых, хто стаіць на варце мірнай працы Рэспублікі Беларусь. Ад вашага ўмення, вытрымкі і прафесіяналізму залежыць мір і спакой Айчыны. Цвёрда веру, што вы і надалей будзеце беражліва захоўваць гераічныя традыцыі нашых папярэднікаў, самааддана служыць нашаму народу. Са святам вас, шаноўныя ветэраны, афіцэры, прапаршчыкі і сяржанты, курсанты і салдаты! Добрага здароўя вам і вашым блізкім, дабрабыту і шчасця, поспехаў у самаадданым служэнні нашай Радзіме!

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.