Вы тут

Студатрады — брэнд дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі


У 2022 годзе Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў працаўладкаваў больш як 42 тысячы чалавек у складзе 2861 студэнцкага атрада.

Напрыканцы года ў Мінску на вялікай лядовай арэне спартыўна-забаўляльнага комплексу «Чыжоўка-Арэна» прайшло афіцыйнае закрыццё трэцяга працоўнага семестра, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Цэнтральнай падзеяй стала ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр» на найлепшы студэнцкі атрад і найлепшую арганізацыю, якая прымала студэнцкі атрад. Цырымонія стала адной з самых маштабных для беларускіх студэнцкіх атрадаў у гісторыі незалежнай Беларусі: на мерапрыемства было запрошана больш як шэсць тысяч чалавек — камандзіры, камісары, байцы студэнцкіх атрадаў, ветэраны студатрадаўскага руху, прадстаўнікі маладзёжнай агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскія студэнцкія атрады» (партнёра БРСМ).


Хто стаіць за кожнай лічбай?

— Гэты год для студатрадаўскага руху склаўся вельмі ўдала. Але мы не гонімся за лічбамі, а працуем найперш на якасць і развіццё карпаратыўнай культуры, бо тое, што нежывое, несапраўднае, развівацца не будзе, — разважае другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў. — За кожнай лічбай стаіць канкрэтны малады чалавек, які вясной, летам і восенню атрымаў магчымасць працаўладкавацца і падзарабіць. Байцы студатрадаў былі задзейнічаны ва ўсіх сферах дзейнасці: дапамагалі ва ўмацаванні харчовай бяспекі краіны — працавалі на ўборцы ўраджаю, у медыцынскіх установах, аздараўленчых лагерах, на флагманскіх прамысловых прадпрыемствах: МАЗе, МТЗ, «Атланце», «Гомсельмашы».

Зыходзячы са стратэгіі развіцця нашай арганізацыі, мы робім сёння акцэнт на рэалізацыі рэспубліканскіх і абласных працоўных праектаў. Рэспубліканскі праект павінен ахопліваць моладзь з розных рэгіёнаў краіны (не менш як з чатырох абласцей). У чым сэнс? Маладыя людзі разам працуюць, пражываюць у адным месцы, для іх арганізоўваецца вялікая культурна-экскурсійная, грамадзянска-патрыятычная і спартыўная праграмы. Для абласных працоўных праектаў таксама абавязковая ўмова — прыцягненне моладзі з розных раёнаў адной вобласці.

У 2022 годзе былі рэалізаваны рэспубліканскія маладзёжныя працоўныя праекты, сярод якіх Усебеларуская маладзёжная будоўля «Хатынь» на аб'ектах капітальнага рамонту і рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу, Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы («Горад маладосці»), вытворчыя працоўныя праекты «Атлант», «Трактарабудаўнік», «Аўтазаводзец», педагагічны праект «Важаты» на базе Нацыянальнага дзіцячага цэнтра «Зубраня», а таксама будаўнічы «Пуцейцы» і сэрвісны «Дарога магчымасцяў» — праекты на аб'ектах Беларускай чыгункі.

Як мы пераканаліся, менавіта рэспубліканскія працоўныя праекты даюць магутны штуршок для развіцця карпаратыўнай культуры і ўвогуле для развіцця студатрадаўскага руху ў Беларусі, які стаў брэндам не толькі БРСМ, а ўвогуле дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

У час працоўнага семестра праведзены шэраг працоўных акцый грамадзянска-патрыятычнага напрамку. Сярод іх — акцыя «Іх імёнамі названы студэнцкія атрады», скіраваная на фарміраванне маральных арыенціраў і павагі да гераічнага мінулага Беларусі.

Зусім хутка (пасля здачы зімовай сесіі) у нашай краіне стартуе патрыятычная акцыя «Зімовы маршрут», арганізатарам якой выступае Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ. Шлях байцоў зводных студатрадаў будзе пралягаць праз невялікія гарады і пасёлкі, дзе студэнты арганізуюць шэраг прафарыентацыйных інтэрактываў, тэматычных заняткаў, канцэртных і сацыяльна значных праграм, дапамогуць у расчыстцы ад снегу помнікаў і абеліскаў, акажуць шэфскую дапамогу па гаспадарцы ветэранам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і проста адзінокім пажылым людзям.

За 8 тысяч кіламетраў ад дома...

Як заўважыў Аляксандр Прохараў, падчас вызначэння пераможцаў конкурсу на найлепшы студатрад пад увагу браліся не толькі паказчыкі працоўнай дзейнасці, але і згуртаванасць будатрадаўцаў, іх актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых мерапрыемствах, мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці і гэтак далей.

Па выніках конкурсу «Працоўны семестр» у намінацыі «Пераходзячы сцяг найлепшаму студэнцкаму будаўнічаму атраду» перамог студэнцкі будаўнічы атрад «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза Віктара Яронькі. Будатрад быў сфарміраваны штабам працоўных спраў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай і працаваў на міжнароднай будоўлі «Касмадром Усходні».

— Беларусь і Амурскую вобласць раздзяляюць 8 тысяч кіламетраў. І мы вельмі ганарымся нашымі хлопцамі, якія годна прадставілі ў Расійскай Федэрацыі і Саюз моладзі, і свой універсітэт, і нашу краіну, — падкрэслівае Аляксандр Прохараў.

На «Касмадроме Усходні» беларусы працавалі на будаўніцтве метэастанцыі, жылога фонду, былі задзейнічаны ў дарожных і аздабленчых работах. Дарэчы, у кампанію хлопцаў трапілі і трое дзяўчат. Як расказалі самі маладыя людзі, большасць з іх да гэтага моманту ніколі не ляталі на самалётах. Ніколі не былі ў расійскай глыбінцы, таму гэта вандроўка запомніцца надоўга...

Найлепшым выязным педагагічным атрадам, які працаваў за межамі краіны, стаў атрад «Фенікс» імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Азончыка з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Шчыра кажучы, не ўсім даецца шанц папрацаваць у такім месцы, як Усерасійскі дзіцячы цэнтр «Арляня», дзе сустракаюцца найлепшыя педагагічныя атрады з усёй Расіі, і правесці лета на марскім узбярэжжы ў Краснадарскім краі. А менавіта там летам 2021 года «Фенікс» атрымаў першае «баявое хрышчэнне».

«Арляня» — маштабная тэрыторыя магчымасцяў. За адну змену (21 дзень) яго выхаванцы пражываюць надзвычай насычанае жыццё, успаміны пра якое праносяць праз гады. А цяпер часткай іх успамінаў будуць і важатыя з Беларусі, якія ўжо два гады запар (з сярэдзіны мая і да канца жніўня) арганізоўваюць для іх сапраўднае свята.

— Мы праводзім там амаль чатыры месяцы. Дарога займае каля трох дзён. І перыяд адаптацыі для навічкоў, якіх сёлета ў нас было шмат, даволі складаны, — расказвае камісар атрада Кацярына Фофанава. — У гэтай сітуацыі на дапамогу прыходзяць сябры, якія заўсёды дапамогуць і падтрымаюць. Шчыра кажучы, за лета так моцна стамляешся, што кажаш сабе: «Усё, трэба ставіць кропку!». Але ўжо праз тыдзень пасля вяртання на радзіму пачынаеш сумаваць па дзецях, і калі вясной у цябе пытаюцца «Ну што, паедзеш?», ты ўпэўнена адказваеш: «Канешне!». Мы падтрымліваем праз сацыяльныя сеткі сувязь з нашымі выхаванцамі, яны нам пішуць, расказваюць пра сябе, радуюцца поспехам і перамогам.

«Памяць і Cлава»: вяртанне імён

У БНТУ ў 2022 годзе было створана 53 студэнцкія атрады агульнай колькасцю 1703 чалавекі.

— Мы ахапілі практычна ўсе профілі, за выключэннем медыцынскіх і сельскагаспадарчых атрадаў, — расказаў сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ягор Нікіцін. — Быў у нас і педагагічны атрад, які працаваў у санаторыі-прафілакторыі БНТУ «Палітэхнік». А сэрвісны атрад шчыраваў у Краснадарскім краі, у аздараўленчым лагеры «Марская хваля».

Нашы студэнты працавалі фактычна на ўсіх знакавых аб'ектах і рэспубліканскіх праектах: «Аўтазаводзец», «Трактарабудаўнік-2022», «Атлант», Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, на рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Акрамя таго, мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву нашай ВНУ, якое выдзеліла шмат месцаў для працаўладкавання непасрэдна ва ўніверсітэце: хлопцы і дзяўчаты працавалі на кампусе, у студэнцкім гарадку (а ў нас 18 студэнцкіх інтэрнатаў), дапамагалі з метадычнай дакументацыяй на кафедрах.

— У Беларускім дзяржаўным універсітэце арганізавалі 41 атрад, дзе былі задзейнічаны 968 байцоў. Для нас гэта рэкордныя лічбы, — канстатуе начальнік аддзела маладзёжнай палітыкі ВНУ Вікторыя Дварэцкая. — Для папулярызацыі студатрадаўскага руху мы праводзім маштабныя іміджавыя кампаніі на кожным факультэце, задзейнічаем сацыяльныя сеткі «Інстаграм», TіkTok і «Тэлеграм».

Асобна трэба спыніцца на рабоце студэнцкага сэрвіснага атрада «Памяць і Слава» імя першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты, створанага на гістарычным факультэце. Яго ўдзельнікі працуюць увесь год: займаюцца даследаваннем архіўных дакументаў, вывучэннем публікацый цэнтральнага перыядычнага друку Беларусі пасляваеннага перыяду ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Такім чынам былі ўстаноўлены прозвішчы яшчэ 30 супрацоўнікаў БДУ.

Акрамя таго, студатрадаўцы займаюцца добраўпарадкаваннем пахаванняў прафесарска-выкладчыцкага саставу ўніверсітэта на Ваенных, Паўночных і Усходніх могілках Мінска. Работа па пошуку і добраўпарадкаванні пахаванняў супрацоўнікаў БДУ вядзецца з 2020 года.

Таксама будучыя гісторыкі правялі маштабную работу па ўстанаўленні біяграфічных даных ваеннапалонных лагера «Шталаг-352» у Масюкоўшчыне. Хлопцы і дзяўчаты вялі пошук і верыфікацыю звестак аб вязнях па кнізе памерлых лазарэта лагера. Усяго ўдалося знайсці інфармацыю аб 789 людзях. Сабраны матэрыял папоўніць рэспубліканскую базу даных.

«Мы лічым такую форму выхаваўчай работы з моладдзю вельмі эфектыўнай», — падкрэслівае Вікторыя Дварэцкая.

Рабочая спецыяльнасць... для студэнта

Кажучы аб далейшых перспектывах студатрадаўскага руху, Аляксандр Прохараў паведаміў, што планы амбіцыёзныя, але выканальныя:

— Падпісана пагадненне з Беларускай чыгункай. Гэта той напрамак, дзе мы бачым дадатковыя рэзервы для працаўладкавання студэнцкай моладзі. Там патрабуюцца не толькі праваднікі для цягнікоў, але і манцёры пуцей, і слесары рухомага саставу. Да таго ж сёння ёсць запыт з боку моладзі — студэнты хочуць паралельна з вышэйшай адукацыяй атрымаць дадаткова яшчэ і рабочую спецыяльнасць. Наймальнікі таксама зацікаўлены ў больш кваліфікаваных кадрах. Мы правялі сур'ёзнае анкетаванне ў ВНУ і бачым ТОП запатрабаваных спецыяльнасцяў.

Разам з міністэрствамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны і Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі зараз прапрацоўваецца пытанне аб праходжанні кароткатэрміновых прафесійных курсаў з выдачай адпаведных пасведчанняў. Разлічваем, што ўжо ў 2023 годзе гэты механізм запрацуе. І атрыманне дадатковай рабочай спецыяльнасці дазволіць моладзі апынуцца ў складзе студатрадаў на больш адказным участку працы і атрымаць больш высокі заробак.

«Вельмі здорава, што ў свой час кіраўнік дзяржавы даў даручэнне аднавіць студатрадаўскі рух і ў далейшым вывесці яго на новы ўзровень, — падкрэслівае Аляксандр Прохараў. — Сёння мы знайшлі механізмы, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць указ Прэзідэнта як для канкрэтнага маладога чалавека, прадпрыемства, арганізацыі, так і для краіны ўвогуле».


Па выніках конкурсу «Працоўны семестр» ЗАТ «Атлант» перамагло ў намінацыі «Пераходзячы сцяг найлепшай арганізацыі, якая прымае». На прадпрыемстве з чэрвеня да снежня быў рэалізаваны маладзёжны вытворчы працоўны праект «Атлант-2022» з удзелам больш як 600 чалавек.

У намінацыі «Найлепшы будаўнічы атрад» пераможцамі сталі студэнцкі будатрад імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Церашкова (Беларуска-Расійскі ўніверсітэт), а таксама атрады «Спадчына 2022» (Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт), які працаваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Хатыні, і «Альфа» (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай), які шчыраваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы.

Найлепшымі сельскагаспадарчымі атрадамі прызнаны атрад «Пушчанцы» (Камянецкая раённая арганізацыя БРСМ) і атрад «Парачанка» (Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт).

Сярод педагагічных атрадаў першынство ў конкурсе заваявалі атрады «Новае пакаленне» (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна), «Сузор'е» (Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) і «Фенікс» (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава).

Пераможцамі ў намінацыі «Найлепшы экалагічны атрад» прызнаны студэнцкія атрады «Флора» (Шчучынская раённая арганізацыя БРСМ) і «Буравеснік» (Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж).

Найлепшым медыцынскім атрадам прызнаны атрад «Рытм (Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж), сэрвісным — атрад «Локан» (Гомельскі дзяржаўны каледж бытавога абслугоўвання), вытворчым — атрад «Эйфарыя» (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай), які працаваў на Маладзёжным вытворчым працоўным праекце «Атлант-2022».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота brsm.by

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.