У гэтым студзені ў паэта, пісьменніка, журналіста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіч — юбілей. Размова атрымалася наша не зусім звычайная, але падпарадкаваная магіі лічбаў.
Саламяныя брылі
Адну з першых сваіх журналісцкіх паездак я зрабіў на Браслаўшчыну.
Мой гід Кастусь, супрацоўнік мясцовага музея, аказаўся вельмі цікавым суразмоўцам.
— Паедзем у Слабодку, — прапанаваў Кастусь. — Там жывуць цудоўныя майстры, якіх вы яшчэ не бачылі.
Да гэтага я пацікавіўся цудоўнымі расфарбаванымі скульптурнымі кампазіцыямі, зробленымі з дрэва: святы Юр'я забівае змея, багаты шляхцюк з пышнымі вусамі з шабляй едзе на кані...
— Гэта Пятро Зяляўскі са Слабодкі, — заўважыў Кастусь. — Вырабы са звычайнага палена. Між тым у Парыжы на выставе пабывалі...
Слабодка аказалася вялікай вёскай на беразе возера, з магутным чырвоным касцёлам у цэнтры. Напачатку мы зайшлі да мясцовага народнага майстра Пятра Карэніка. Даволі моцны яшчэ дзядуля плёў брыль з саломы. На цвіку вісеў ужо гатовы — адмысловы, такі прыгожы, які толькі на карцінках я раней бачыў.
— Вось мастакі з Мінска, што адпачываюць на Браслаўскіх азёрах, заказваюць такія брылі, — сказаў Кастусь.
Пасля таго майго рэпартажу слава пра майстра са Слабодкі хутка абляцела Беларусь, і ўжо ўся сям'я дзеда ўключылася ў работу, столькі пасыпалася заказаў адусюль. Аказалася, што дзедава майстэрства — выдатны бізнес і прыносіць зусім нядрэнны даход.
Цяпер, калі я бачу на сцэне народныя калектывы, здымкі ў часопісах, на якіх красуюцца беларусы ў саламяных брылях, успамінаю дзеда са Слабодкі, які з маёй лёгкай рукі стаў адным з тых, хто адрадзіў для сучаснікаў адзін з відаў нацыянальнага мастацтва, унесенага нядаўна ў спіс ЮНЕСКА.
Яблык стагоддзя
Запомніўся рэпартаж з вёскі Алашкі Шаркоўшчынскага раёна пра Івана Сікору, садавода, які вывеў сорт яблыка, што ў 1939 годзе на выставе ў Рыме атрымаў першы прыз. З Іванам Сікорам перапісваўся Леў Талстой, вершы яму прысвячаў Максім Танк. Пра сад, у якім эксперыментаваў селекцыянер, мне расказаў мой калега Герман Кірылаў з «Полацкай газеты». Мы хадзілі па гэтым садзе, і сын выбітнага садавода Віктар Іванавіч распавядаў пра свайго славутага бацьку. На жаль, усё прыходзіла ў запусценне без гаспадара, і давялося ўздымаць пытанне пра дастойнае ўшанаванне імя Івана Паўлавіча Сікоры. Цяпер у Алашках музей, адноўлены сад, але, каб гэта адбылося, прыйшлося не раз вяртацца да тэмы.
Дудараў і жыццё
Цікавай атрымалася гутарка ў праграме «Суразмоўцы» з драматургам Аляксеем Дударавым. Па яго ініцыятыве мы адкінулі падчас размовы ўсе мае папярэднія нарыхтоўкі і проста пагаварылі пра жыццё, пра бацькоў, пра ягоныя творы, пра крыніцы творчасці, нават крыху падыскутавалі.
Ды такіх цікавых сустрэч і гаворак было за амаль сорак гадоў журналісцкай працы нямала.
Спас над Палатой
Канечне, цэркаўка Спаса над Палатой. Масток праз рачулку, калі з таго берага яна праз зеляніну дрэў свеціцца, нібыта чароўная свечачка. Мне давялося жыць у дзяцінстве побач і амаль кожны дзень праходзіць праз браму манастыра, і яго заняпад і адраджэнне адбываліся на маіх вачах.
Адхон над Дзвіной
Высокая строма каля Сафійскага сабора, з якой відаць, як маленькая вірлівая Палата ўпадае ў паўнаводную Дзвіну... Кожны раз я імкнуся хоць на некалькі хвілін пастаяць на самым краі стромы і палюбавацца гэтай прыгажосцю. А потым спусціцца на падвесны масток, што злучае гэтую частку горада з Запалоццем — былым гарадзішчам, дзе некалі быў старажытны Полацк.
Від на Чырвоны мост
Люблю вулачку Стралецкую, што акружае Вал Івана Грознага і Верхні горад. Адсюль з вышыні можна палюбавацца на Чырвоны мост і сучасную вуліцу, што вядзе да цэнтральнай плошчы горада.
Узыходжанне на Памір
Ніколі не забудуся на падарожжа ў Душанбэ, куды лётаў у маладосці «дзікуном» да сябра дзяцінства, які пэўны час жыў там з маладой жонкай, якая трапіла па размеркаванні працаваць на мясцовую панчошную фабрыку. Там удалося зрабіць уздым на адну з гор Паміра, пакупацца ў возеры ў трыццаціградусную спякоту ў пачатку красавіка, бачыць размаіты і тлумны ўсходні базар.
Партугалія, акіян і партвейн
Запомніўся горад Порту на беразе Атлантычнага акіяна, дзе правёў некалькі дзён у камандзіроўцы. Прырода, вузкія вулачкі горада, вінныя падвалы завода Партвейна, дзе захоўваецца віно XVІІ стагоддзя...
Кітайская сцяна
І, канечне, незабыўныя ўражанні — падарожжа па Кітаі. Пекін, Вялікая Кітайская сцяна, Шанхай, горад Цюйфу — радзіма Канфуцыя, гара Тайшань...
Не буду тлумачыць, чаму кожны з гэтых творцаў мне дарагі — проста пералічу: Уладзімір Караткевіч, Арсеній Таркоўскі, Міхась Стральцоў
Пра вечнага вучня
* * *
Я — вучань. Птушкі пішуць мне
У тонкі сшытак даўнія імёны.
Я ведаю замовы і праклёны,
Я чую, як гавораць дождж і снег.
Я — вучань. Мне настаўнік загадаў
Вучыць на памяць рэкі, хмары, дрэвы,
Імжу і слоту, сонца і залевы,
І кроплі свет, адкуль пайшла вада...
Гэта ў нечым праграмны верш. Нарадзіўся ён таксама, як многія іншыя, спантанна, без усялякіх папярэдніх нарыхтовак. Проста стаў, відаць, плёнам маіх думак і стаўлення да ўласнай творчасці. Да гэтага часу адчуваю сябе вучнем, і страшна, што не вывучыў урока. Дарэчы, гэты верш вельмі падабаўся Алесю Разанаву, ён часта цытаваў яго і казаў, што мой радок пра нявывучаны ўрок тычыцца ўсяго чалавецтва.
Пра Полацк
* * *
Веі замружу, і ўбачыцца вечар —
Белая цэркаўка тоненькай свечкай.
Гнёзды шпачыныя над Палатой.
Цені дубоў над халоднай вадой.
А за стагоддзямі ў прыцемку сінім
Вочы зямлячкі маёй, Еўфрасінні.
Цьмяна бялее на кнізе рука,
Б'ецца аб шыбу агонь матылька...
Ну, тут усё зразумела. Не мог не нарадзіцца такі верш, калі нябачны позірк Ефрасінні я адчуваў побач з уласнай хатай, праз браму манастыра за сто метраў ад весніц, праз якія я выходзіў штодня на вуліцу, што сёння носіць імя полацкай асветніцы.
Пра восень
* * *
Лістапад — гэта месяц такі
Паміж будучым і мінулым.
Зноў разлогі туга разгарнула,
Вее сіверам з ціхай ракі.
Голлем чорным ашчэрыўся сад,
Што застаўся сам-насам з залевай.
Лістапад,
лістапад,
лістапад
Над зямлёй плыве набалелай...
Адну са сваіх кніжак я назваў «Час лістападу». Сапраўды, увосень думаецца пра ўласны лёс, лёс блізкіх, Радзімы. Так вось — паміж будучым і мінулым.
Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.