Вы тут

У Беларусі з'явіўся новы Праведнік народаў свету


Цві Міркін уручыў медаль і Ганаровую грамату Праведнікаў народаў свету сям’і Дар’і Красікавай, якая выратавала падчас Другой Сусветнай вайны двух яўрэйскіх дзяцей.


У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту ў Віцебску прайшла цырымонія, прысвечаная трагедыі ўсяго яўрэйскага народа ў гады Другой сусветнай вайны. 6 мільёнаў яўрэяў бязвінна загінула ў гета толькі за бягучую ў жылах кроў, з іх 800 тысяч — жыхароў Беларусі. Не абмінула гэтая трагедыя і Віцебск: ад 16 да 20 тысяч забітых, дакладныя лічбы невядомы.

Сярод тысяч абарваных лёсаў былі і шчаслівыя выпадкі выратавання ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ва ўмовах акупацыі, разрухі і страху руку дапамогі яўрэйскаму народу працягвалі беларусы незалежна ад прафесіі, веравызнання і дастатку. У 1953 годзе быў створаны ізраільскі дзяржаўны нацыянальны мемарыял Катастрофы і Гераізму «Яд — Вашэм», адна з асноўных задач якога — ад імя дзяржавы Ізраіль і ўсяго яўрэйскага народа выказаць падзяку людзям розных нацыянальнасцяў, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў ад катастрофы. У 1963 годзе была вызначана ўзнагарода Праведнікаў народаў свету: прызнаныя атрымліваюць медаль і Ганаровую грамату, а іх імёны ўвекавечвае «Яд — Вашэм» на гары Памяці ў Ерусаліме. Прысваенне гэтага звання выказвае імкненне тых, хто выжыў, аддаць даніну павагі людзям, якія сталі на абарону яўрэйскага насельніцтва ў часы іх пераследу. Прысваенне звання з’яўляецца сінонімам гонару і чалавечага гераізму, азначае перамогу дабра над сіламі зла.

На сённяшні дзень звання Праведнікаў народаў свету ўдастоены выхадцы з 44 краін, больш за 700 беларусаў. Дар’я Красікава стала 12 жыхаром Лёзненскага раёна, хто ўдастоены такога звання.

— Трэба зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць паўтарэння тых жудасных падзей. Сярод амаль 30 тысяч чалавек, удастоеных звання Праведнікаў народаў свету, больш за 700 жыхароў Беларусі. Але гэтая лічба не адлюстроўвае рэальную сітуацыю. Нямала выпадкаў выратавання яшчэ засталіся невядомымі. Беларусь, пераўтвораная нямецкімі акупантамі ў велізарны канцлагер, была ў той час асабліва небяспечнай. У дзень памяці ахвяр Халакосту мы аддаём даніну павагі і памяці забітых, тым, хто знайшоў у сабе сілы супраціўляцца, і мужнасці людзей, якія нягледзячы на смяротную рызыку працягнулі ахвярам руку дапамогі, — падкрэсліў часова павераны ў справах дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Цві Міркін.

Яўрэйская сям’я Хацьянавых — маці, бацька і трое дзяцей — жылі ў мястэчку Лёзна. Бацька быў шаўцом, маці хатняй гаспадыняй. Старэйшы сын Аляксандр у 1941 годзе быў прызваны ў армію, Тамара ў 1940-м скончыла школу і паступіла ў Віцебск на медыцынскую справу, малодшаму брату Барысу ў пачатку вайны было 13 гадоў. Калі пачалася вайна, сям’я спрабавала эвакуявацца на ўсход, але не змагла. Па вяртанні ў Лёзна іх дома ўжо не было — засталіся адны руіны ад бамбёжкі, мястэчка занялі немцы. Хацьянавых прытуліла беларуская жанчына-суседка, а ў хуткім часе ў мястэчку стварылі гета. 23 лютага 1942 года яўрэяў сабралі ў свіране, а 24 лютага — павялі да Адаменскага гаю на расстрэл. Напярэдадні члены сям’і рассталіся і спрабавалі знайсці сховішча паасобку — так было больш шанцаў выжыць. Тамару на ноч у сваёй хаце схавала суседка, а калі скончыліся ператрусы, дзяўчына накіравалася ў бок вёскі Дуброўка ў надзеі дабрацца да знаёмай бацькоў Дар’і Красікавай. Яна прыняла Тамару без усялякіх сумневаў, нягледзячы на тое, што рызыка была вялізная: з жанчынай жылі трое яе дзяцей і двое пляменнікаў. Дзяўчына не ведала, што здарылася з яе бацькамі і малодшым братам, аднак за дзень да яе ў дом да Дар’і прыйшоў і Барыс, бацькі Хацьянавых загінулі. Дзеці знаходзіліся ў Дар’і каля сутак, а калі абстаноўка ў вёсцы супакоілася, яна дала ім цёплую вопратку, сабрала прыпасаў у дарогу і паказала шлях да лініі фронту.

Праз два тыдні Тамара і Барыс сустрэлі савецкіх салдат, дзяўчына захацела застацца ў войску, яе вызначылі ў палявы пральны атрад, а малодшага вырашылі адправіць у тыл. У наступны раз яны сустрэліся толькі праз 7 гадоў, іх старэйшы брат Аляксандр таксама выжыў і вярнуўся з вайны. У 1962 годзе Хацьянавы прыехалі ў Дуброўку, каб сустрэцца са сваёй выратавальніцай. Дар’я Красікава пайшла з жыцця ў 1986 годзе, крыху не дажыўшы да свайго 80-годдзя. Ужо няма ў жывых прамых відавочцаў гэтай гераічнай гісторыі выратавання, але каля паўсотні прапраўнукаў захоўваюць памяць аб мужнасці і стойкасці Дар’і Якаўлеўны, якая ў гады вайны адна здолела не толькі выхаваць траіх сваіх дзяцей, але і выратаваць яшчэ два жыцці.

Гэтую гісторыю супрацоўнікі аддзела па рабоце з дзецьмі Лёзненскай раённай бібліятэкі знайшлі падчас працы над кнігай «Дзіцячая кніга вайны. Лёзненскі радок». Гэты гістарычны пошук знайшоў сваё адлюстраванне ў новай кнізе «На ўсё астатняе жыццё». Лёзненскія пошукавікі-энтузіясты нават знайшлі ў Дзюсельдорфе выратаваную Тамару Майсееўну, якая летась пайшла з жыцця. Пасля адпраўкі кнігі «На ўсё астатняе жыццё» у Германію і Ізраіль, дзе яна была перавыдадзена, на сямейным савеце сваякі вырашылі звярнуцца з хадайніцтвам у «Яд — Вашэм», і праз 80 гадоў узнагарода знайшла героя.

Медаль і Ганаровую грамату Праведнікаў народаў свету з рук ізраільскага дыпламата Цві Міркіна атрымаў унук Дар’і Якаўлеўны Іван Красікаў. «Нас, сваякоў бабулі Дар’і, сёння сабралася чалавек 25, а наогул у яе каля 50 прапраўнукаў. Бабуля распавядала пра тое, як выратавала Тамару і Барыса, як яны прыязджалі да яе. Для нас яе подзвіг з’яўляецца прыкладам для пераймання. Гэтую ўзнагароду мы ўсім сямейным саветам вырашылі перадаць музею ў Лёзна, каб усе яго наведвальнікі ведалі не толькі гісторыю Дар’і Красікавай, але і якія зверствы здзяйснялі фашысты на нашай зямлі», — падзяліўся мужчына.

З цягам часу нам адкрываюцца новыя старонкі ваеннай гісторыі, якія часам пужаюць сваёй жорсткасцю, а часам — здзіўляюць мужнасцю і гераізмам звычайных людзей не дзеля ўзнагарод і ўшанаванняў. У цяжкіх жыццёвых сітуацыях яны змаглі не разгубіць галоўныя чалавечыя якасці, без якіх, як вядома, не будзе вечнасці...

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.