Вы тут

Іван Шарай: «Гэта быў наш абавязак»


Вялікае і насычанае гістарычнымі падзеямі жыццё пражыў дзевяностагадовы ветэран Афганскай вайны (1979—1989) Віцебскага раёна Іван Аляксеевіч Шарай. Поўны сілы і жыццёвага аптымізму, ён успамінае свой вайсковы шлях пад дэвізам «Ніхто, акрамя нас!».


На лёс Івана Аляксеевіча выпалі гады нямецкай акупацыі: у 1941-м яму было дзевяць гадоў. У сям'і, дзе выхоўваліся яшчэ пяць братоў і сясцёр, без бацькі, які пайшоў на фронт, выжывалі цяжка. Ваня быў хваравіты, занадта худы для свайго ўзросту, і ніхто не верыў, што ён зможа стаць на ногі, але ўнутраная сіла дазволіла яму схапіцца за тонкую жыццёвую нітку.

Пасля вайны атрымаў спецыяльнасць мэбельшчыка, працаваў на будаўніцтве Лепельскага льнозавода, а ў 1951 годзе трапіў на тэрміновую службу ў 104-ю гвардзейскую паветрана-дэсантную дывізію і быў накіраваны ў горад Остраў Пскоўскай вобласці. Там Іван Аляксеевіч адпрацоўваў навыкі дэсантнай падрыхтоўкі і канчаткова «захварэў» небам, зрабіўшы сотні крокаў у сінь — выканаў 411 скачкоў з парашутам! Цяпер, праўда, былыя подзвігі даюць аб сабе знаць: найбольш пацярпеў ад стропаў пазваночнік.

З 1963 года стаў служыць у віцебскай 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі, куды яго запрасіў былы таварыш па службе. Давялося Івану Аляксеевічу ў 1968 годзе ў складзе савецкіх войскаў браць удзел у чэхаславацкіх падзеях. А ў снежні 1979-га аддзяленне старшага прапаршчыка Шарая Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў было першае паднята па трывозе. Праз некалькі дзён дэсантнікі прызямліліся ў Кабуле. Узялі пад свой кантроль аэрапорт, блакіруючы афганскую авіяцыю, засяродзіліся ў пазначаных раёнах горада, атрымаўшы задачы па блакіраванні асноўных урадавых аб'ектаў.

Старшына батарэі адказваў за харчовую бяспеку сваіх байцоў, бесперабойнае паступленне боепрыпасаў. Неаднойчы даводзілася твар у твар сустракацца са смерцю, бачыць побач забітых таварышаў. Захаваліся ў памяці Івана Шарая «прачэсы» вёсак, дзе панавалі голад і беднасць: малыя дзеці спалі на сене разам з каровамі.

Сярод 50 хлопцаў, якія былі ў батарэі Івана Аляксеевіча, сустракаліся тыя, хто падрываў агульны вайсковы парадак, — прыходзілася перавыхоўваць; былі і тыя, хто звар'яцеў ад убачанага навокал.

Успамінае старшына, як гінулі на вайне не толькі ад варожых куль, але і па асабістай дурасці: чатыры юнакі курылі ў БТРы, забыўшыся на ўсе правілы пажарнай бяспекі. Вакол — порах і гаруча-змазачныя матэрыялы, адно імгненне — і... Застацца ў жывых пашчасціла толькі аднаму. З ім праз некалькі гадоў Іван Аляксеевіч выпадкова сустрэнецца ў Віцебску, не адразу пазнае былога дэсантніка з-за страшных апёкаў на твары...

Амаль тры гады старшына Шарай ваяваў у Афганістане, а дома яго чакала жонка з двума сынамі... «Гэта быў наш інтэрнацыянальны абавязак, і мы як патрыёты, адданыя адной вялікай савецкай дзяржаве, ішлі — па-іншаму нельга было. І калі б сёння мне загадалі стаць на абарону нашай краіны, я, не задумваючыся, падняўся б па загадзе», — дзеліцца Іван Аляксеевіч. На яго кіцелі сярод россыпу медалёў — ордэн Чырвонай Зоркі.

Вярнуўшыся на радзіму ў 1982 годзе, наш герой яшчэ некаторы час служыў у 103-й брыгадзе і, маючы за плячыма 31 год выслугі, быў звольнены ў запас.

Іван Шарай і сёння, на 91-м годзе жыцця, бадзёры духам: ён сам займаецца хатняй гаспадаркай, чытае без акуляраў. Загартаваны арганізм не зачапіла і пандэмія каранавіруса, а значыць, гарачая любоў да жыцця мацнейшая за перашкоды. Іван Аляксеевіч бярэ актыўны ўдзел у сустрэчах з моладдзю, з'яўляецца ўдзельнікам народнага аматарскага аб'яднання ветэранаў вайны ў Афганістане «З болем у сэрцы» — усё гэта захоўвае юнацкі агеньчык у вачах воіна-інтэрнацыяналіста.

Падзеі, якія скончыліся 34 гады назад, штогод 15 лютага паўстаюць у памяці Івана Шарая — асабліва каля помніка ў аграгарадку Акцябрская. Некалі ветэран стаяў каля вытокаў будаўніцтва гэтага пасёлка, тут і жыве, з'яўляючыся жывой легендай Віцебскага раёна, прыкладам стойкасці і мужнасці для падрастаючага пакалення.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.