Вы тут

«Мой адрас — родная газета»


Імя найстарэйшага перыядычнага выдання краіны адзін са сталічных праспектаў носіць з 16 чэрвеня 2005 года. Менавіта ў гэты дзень па ініцыятыве народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна рашэннем Мінгарвыканкама праспект газеты «Известия» быў перайменаваны ў праспект газеты «Звязда». Сімвалічна, што ў доме № 9 (менавіта 9 жніўня 1917 года выйшаў першы нумар «Звязды») жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Барадзін.


Карэспандэнтам «Звязды», якія завіталі да ўдзельніка ваенных падзей у госці, ён расказаў, што жыве па гэтым адрасе ўжо больш як 20 гадоў. Пераехаў сюды, калі яшчэ праспект насіў імя савецкай газеты. «Навошта нам «Известия», калі ў нас ёсць наша «Звязда»?» — перакананы Уладзімір Васілевіч, заўважыўшы, што з вялікай радасцю ўспрыняў рашэнне аб перайменаванні праспекта.

Ветэран падзяліўся, што ў свой час на выбар кватэры паўплываў развіты транспартны вузел (хоць на аўтобусе, хоць на тралейбусе, а цяпер і на метро — едзь куды табе трэба), а таксама харчовая крама, якая знаходзілася праз дарогу. Цяпер, вядома, месцаў, дзе можна папоўніць харчовы запас, стала яшчэ больш. Дарэчы, па прадукты Уладзімір Васілевіч ходзіць сам. «Навошта мне дапамога, калі я і сам магу!» — здзіўляецца ён, калі я пацікавілася, хто яму дапамагае. А ветэрану, між іншым, у верасні споўніцца 98 гадоў!

«Усё ўзлятае і пачынае гарэць»

Мы сядзім у яго ўтульным пакойчыку, і Уладзімір Барадзін у думках пераносіцца ў сваё дзяцінства, маладыя гады. Нарадзіўся ён у далёкім 1925 годзе ў сяле Салянка Уладзімірскага раёна Сталінградскай вобласці. Калі Уладзіміру Васілевічу было два гады, пераехалі ў Мінск — на месца службы бацькі. У Мінску дыслацыравалася 7-я Самарская дывізія імя Англійскага пралетарыяту, дзе бацька быў намеснікам камандзіра эскадрона, а потым намеснікам начальніка школы малодшых камандзіраў. Маці працавала ў палкавой ашчаднай касе. Па першым часе сына бралі з сабой.

— Дзяваць мяне не было куды, таму ўсюды цягалі за сабой, — згадвае Уладзімір Барадзін. — Прывядуць у казарму, да днявальнага, чырвонаармейцы пацяшаюцца з мяне. Дадуць у рукі вінтоўку-трохлінейку, і я стаю — быццам вартавы. Салдаты ідуць у сталовую і мяне ў страі вядуць. Такое і жыццё было, пакуль не адкрылі дзіцячы сад.

Ветэран успамінае, што да вайны Мінск быў зусім невялікі. «З аднаго боку — піўзавод (ён і цяпер там стаіць), за вакзалам — вёска, — кажа суразмоўца. — Ваенныя могілкі ў раёне вуліцы Берасцянскай, з іншага боку — Камароўскі рынак. За ім было балота і балотная станцыя. Вось і ўвесь тагачасны Мінск. Маленькі быў горад».

У 1938—1939 гадах Васіль Барадзін служыў пад Полацкам. Адпаведна, разам з ім была і яго сям'я. У 1939 годзе ваеннаслужачы ўдзельнічаў у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Будучы на маршы, Васіль Барадзін атрымаў тэлеграму з Масквы, у якой паведамлялася аб яго пераводзе на службу ў Літву, у горад Алітус. Ужо ў Каўнас да бацькі, якога прызначылі камісарам артылерыйскага палка, неўзабаве прыехала і сям'я. За два месяцы да пачатку Вялікай Айчыннай вайны вайскоўца перавялі ў Шаўляй.

— Мы ўжо збіраліся да яго ехаць, — расказвае Уладзімір Барадзін. — Планавалі спачатку паглядзець кватэру, а потым рэчы перавозіць. Чамаданы ўжо былі гатовыя. У іх — самае лепшае: адрэзы тканіны, мой новенькі касцюм, які я так ні разу і не адзеў...

У Каўнас яны больш не вярнуліся — у Шаўляі іх застала вайна. «Мы спыніліся ў гасцініцы, — згадвае ветэран. — Прыходзіць бацька і кажа, каб браў збан (тады стаялі ў кожным нумары) і ішоў па піва. Я выйшаў з гасцініцы, метраў 20—30 прайшоў, гляджу — самалёты ўсё круцяць над цэнтрам горада. Ведаю, што манеўры ідуць Прыбалтыйскай ваеннай акругі, таму так і патрэбна. Потым гляджу: самалёт скідвае бомбы. Усё ўзлятае і пачынае гарэць. Ішоў чалавек у цывільным, я ў яго пытаюся, што там такое. Ён кажа, што на месцы выбуху пошта была. Я рвануў назад у гасцініцу. Бацькі ўжо не было...»

«Я павінен ісці на фронт!»

Васіль Барадзін, удзельнік стварэння 9-й артылерыйскай супрацьтанкавай брыгады рэзерву галоўнага камандавання, з першых дзён быў на фронце. Па яго сына і жонку, як і па сем'і іншых афіцэраў, прыехала палутарка — заставацца ў горадзе было небяспечна. Накіраваліся ў бок Дзвінска (сучасны Даўгаўпілс).

— Мала сказаць, што ўсю дарогу нас нешта берагло, — успамінае тую паездку мой суразмоўца. — Над намі ляцеў нямецкі знішчальнік: яны ж тады шасталі ўсюды. Наперадзе ішоў аўтобус, і ён на брыючым палёце расстраляў увесь аўтобус. А мы следам ішлі... Нам удалося праскочыць.

Па прыбыцці ў Даўгаўпілс людзей пасадзілі ў эшалоны. Наперадзе ішоў эшалон з каштоўнасцямі — у ім везлі грошы з банкаў, іншыя рэчы. Ад нямецкіх знішчальнікаў людзей выратавала тое, што эшалон з каштоўнасцямі знаходзіўся пад асаблівай аховай савецкіх вайскоўцаў — на кожным вагоне стаялі кулямёты. За ім ішлі цягнікі з насельніцтвам. Эшалон, у якім ехалі Барадзіны, у адрозненне ад саставу, які ішоў следам, паспяхова дабраўся да Оршы. Маці Уладзіміра планавала, што далей накіруюцца ў бок Мінска — там з сынам жыла яе сястра. Ваенны камендант сказаў ёй, што з беларускай сталіцай сувязь страчана, цягнікі туды ўжо не хадзілі — Мінск ва ўсю бамбілі...

Барадзіным выпісалі дакументы на найбліжэйшы эшалон. Яны нават не ведалі, куды ён ішоў. Прыбылі ў Сталінград. Там Уладзімір уладкаваўся ў школу фабрычна-заводскага навучання, дзе вырабляліся катушкі для сувязі — яны былі неабходны на фронце. У Мінску, у тэхнічнай школе, Барадзін займаўся канструяваннем, таму добра ведаў, што трэба рабіць. Яго нават прызначылі памочнікам майстра. У падначаленні ў 16-гадовага хлопца знаходзілася 25 чалавек. Потым яго перавялі на аэрадром. Трапіў у цэх, дзе правяралі на спраўнасць кожны вузел самалёта. Паралельна Уладзімір Барадзін працаваў з моладдзю, стварыў камсамольскую арганізацыю.

Потым юнак уладкаваўся на мэблева-скрыначны камбінат, які ў ваенны час выпускаў планеры для дэсантавання. Бывала, што ад стомленасці Уладзімір Васілевіч не мог дайсці дахаты — дапамагалі міліцыянеры, якія дзяжурылі ў горадзе. Пасля працоўных змен мог суткамі спаць. «Часам мы тыднямі не выходзілі з завода, — расказвае ён. — Лічылася, што мы перайшлі на казарменнае становішча. Цяжка было. Адзінае — кармілі добра. Кавалак каўбасы, некалькі штучак пячэння, кубікаў цукру і нават масла — гэта быў дадатковы паёк. Я ўвесь гэты паёк збіраў і цягнуў дахаты. Са мной жа маці была. Ёй, акрамя хлеба, на рабоце нічога не давалі».

У Сталінградзе яны з маці перажылі першую бамбёжку. Адзін за адным яго таварышы сыходзілі на фронт. «А мяне ўсё ніяк не прызываюць, — расказвае ўдзельнік вайны. — Тады я пайшоў да ваенкама і кажу: «Што ж вы робіце, я ж усё-такі сакратар камсамольскай арганізацыі, таму ў першую чаргу павінен ісці на фронт. А там то радыстамі, то снайперамі бралі. Адным словам, не атрымалася тады».

Толькі з трэцяй спробы ваенны камісар «здаўся». Нягледзячы на тое, што Уладзіміру Барадзіну не было 18 гадоў, яго ўзялі — запісалі добраахвотнікам, каб менш узнікала пытанняў. Аднак перш чым трапіць на фронт, давялося павучыцца ў Адэскім артылерыйскім вучылішчы, якое знаходзілася ў эвакуацыі пад Ніжнім Тагілам. «Вучыцца было няпроста, — успамінае ён. — Зіма на Урале халодная: пад 40 градусаў марозу! Цёплае адзенне, ватныя штаны і валёнкі давалі толькі тады, калі заняткі на вуліцы праводзіліся звыш чатырох гадзін. Калі да чатырох — шынель і ўсё».

«Такі плач стаіць — проста жах!»

Пасля васьмі месяцаў навучання, восенню 1943 года, Уладзіміра Барадзіна накіравалі на Паўднёва-Заходні фронт, які потым перайменавалі ў 3-ці Украінскі. Асноўныя баі для яго пачаліся на тэрыторыі Украіны і Польшчы. Франтавік вызваляў Адэсу, Варшаву, Познань, фарсіраваў Паўднёвы Буг, Днестр, Заходні Буг, а таксама Віслу і Одэр, дайшоў да Берліна.

Тыя падзеі — дагэтуль у галаве ветэрана. Уладзімір Васілевіч да драбніц памятае многія эпізоды найбольш складанага перыяду ў сваім жыцці. І тое, як з таварышам Барысам Пячоным зайшлі на міннае поле і ледзь выбраліся. І тое, як у цемры па гразі пракладваў шлях трактарам, якія цягнулі гарматы. І тое, як еў горкі хлеб. І тое, як аплаквалі сваіх родных уцалелыя жыхары Новай Адэсы...

— Заехалі ў гэты горад, а там такі плач стаіць — проста жах! — не можа забыць Уладзімір Барадзін. — Аказалася, што немцы, адступаючы, забіралі з сабой людзей. Многія пахаваліся ў штольнях (збудаваннях з горных парод. — «Зв».). Сунуліся немцы ў першую штольню — людзі пачалі ў іх страляць. Немцы павярнулі назад. З другой штольні ўсіх (там былі і старыя, і дзеці, і жанчыны) павыцягвалі і расстралялі. У роў скінулі, закапалі ды яшчэ і танкам праехалі. Калі мы ўвайшлі ў горад, роў ужо быў раскапаны, стаялі труны — тыя, хто выжыў, хавалі сваіх сваякоў.

У памяці — і першая на фронце сустрэча з бацькам. Гэта было ў 1944 годзе, за Адэсай. «Абняліся, абмяняліся некалькімі словамі, — згадвае Уладзімір Васілевіч. — Бацька мне сказаў, каб я трымаўся, годна выконваў пастаўленыя задачы, і паехаў». Другая сустрэча бацькі і сына адбылася ўжо ў Берліне.

«Да логава фашысцкага звера — на Берлін!»

Уладзімір Барадзін з'яўляўся камандзірам узвода 43-й гвардзейскай армейскай гарматна-артылерыйскай Запарожска-Адэскай ордэна Леніна, Чырванасцяжнай, ордэнаў Суворава і Кутузава брыгады. Пры гэтым ён быў самым маладым — як ён сам кажа, хлапчанём у параўнанні з дарослымі мужчынамі. Але на ўзрост на фронце ніхто не глядзеў: хто старэйшы па званні — да таго і прыслухоўваюцца.

Жорсткія баі, успамінае суразмоўца, былі пад Ковелем. Там іх брыгада рыхтавалася да наступлення. Ветэран памятае і тое, як фарсіравалі Заходні Буг, вызвалялі польскія гарады Хэлм і Люблін.

— Пасля адной такой вогненнай вакханаліі мы пайшлі ў горад — трэба ж паглядзець, па чым мы лупілі з гармат, — кажа ветэран і ўдакладняе, што рэдка такое было. — Мне толькі адзін раз за ўсю вайну ўдалося паглядзець тую батарэю, па якой я страляў. Адна гармата была пашкоджана, другая таксама, дзве яны сцягнулі ўсё-такі. Зайшоў у пакой каменданта. Трафеяў я не браў ніякіх. Але ў яго ляжалі на стале каляровыя алоўкі — гэта артылерысту трэба. Дагэтуль іх захоўваю.

Затым франтавік фарсіраваў Віслу. «Нашу батарэю паставілі акурат на беразе, — згадвае Уладзімір Барадзін. — Паступіла каманда — расчысціць супрацьлеглы бераг. Добранька апрацавалі. Плацдарм быў захоплены. З яго пачалося наступленне на Варшаву. Баі там былі моцныя. Затым не затрымліваліся каля гарадоў. Калі было неабходна, пакідалі пэўную воінскую часць. Астатнія рухаліся наперад, да логава фашысцкага звера — на Берлін!»

Аднак на шляху савецкіх салдат была перашкода — рака Одэр. Фарсіраваць яе было няпроста: гітлераўцы ўсё рабілі для таго, каб не пусціць чырвонаармейцаў на іх зямлю. З абодвух бакоў — вялікія страты.

На адной з агнявых пазіцый Уладзімір Барадзін страціў сем чалавек са свайго падраздзялення. Сам цудам застаўся жывы. Уладзімір Васілевіч лічыць, што яго выратаваў акардэон, які ён пакінуў каля акопа. «Тут выбух, там выбух: думаю, акардэон сапсуецца, — пераносіцца ў тое імгненне суразмоўца. — Скачу ў акоп, бяру акардэон, стаўлю ўніз — літаральна за некалькі метраў ад мяне ўзрываецца снарад...»

З тым акардэонам Уладзімір Барадзін і сустрэў Перамогу, пасля прывёз яго ў Мінск. Але перш давялося пахаваць сваіх баявых таварышаў. За жыццё аднаго з іх змагаліся медыкі, але дарэмна... Да гэтага загінулы таварыш служыў у пяхоце: сем разоў быў паранены, столькі ж — прадстаўлены да ўзнагароды, але ні адной так і не атрымаў. Салдату параілі ісці служыць у артылерыю: маўляў, застанешся жывы. Але выйшла ўсё наадварот. Пасля вайны Уладзімір Васілевіч адшукаў адрас свайго саслужыўца, напісаў родным, як загінуў іх муж і бацька. Адказ, які ён атрымаў, ашаламіў. Яму напісалі, што дзеці не памятаюць загінулага, што жонка хворая і папрасілі больш не турбаваць.

«Перамога! Перамога!..»

Апошні артылерыйскі залп падраздзяленне, якім камандаваў лейтэнант Барадзін, дало 2 мая. На другі дзень пасля гэтага да яго прыехаў бацька, прывёз сыну вялікі канцэртны акардэон. Глава сям'і ехаў ваяваць на Далёкі Усход.

— Ці распісаліся на Рэйхстагу? — цікаўлюся ў ветэрана.

— Вядома! Гэта быў трэці ці чацвёрты дзень пасля яго ўзяцця, — згадвае ўдзельнік тых падзей. — Паставілі гарматы, трактары на аэрадроме і на грузавіках «Студэбекер» паехалі да Рэйхстага. Уласна кажучы, там не было ўжо месца, дзе і размахвацца. Я ледзь-ледзь тры літары свае (БВВ) надрапаў. Там усе так рабілі. У асноўным, ніз увесь быў распісаны. Наверх жа не залезеш.

Уладзімір Васілевіч прызнаецца: яго ў будынку Рэйхстага здзівіла тое, што там стаяў куфар з узнагародамі (жалезнымі крыжамі). «Ніхто іх нават браць не хацеў, — удакладняе ён. — Потым вырашылі наверх забрацца. Лесвіца, якая вяла туды, была разбітая. Я здзіўляюся, як гэта нашы хлопцы (чырвонаармейцы, якія ўзнялі Сцяг Перамогі над Рэйхстагам. — «Зв».) туды прабраліся....»

Перамогу Уладзімір Барадзін сустрэў у невялікім сяле, дзе спыніліся па дарозе ад Берліна да месца пастаяннай дыслакацыі. Акурат ішлі з саслужыўцамі глядзець, дзе можна застацца на начлег. «Раптам чую залп: думаю, зноў дзесьці немцы вылезлі, — успамінае ён дзень 9 мая 1945 года. — Мы як рванулі... Прыбягаем у падраздзяленне, а там наперадзе гармат — пажар. Мы таксама прыклалі руку да гэтай справы: некалькі ж залпаў далі. Усе крычалі «Перамога! Перамога! Перамога!» Паставілі сталы (пазбіралі з хат), дзе крэслы, дзе дошкі паклалі замест крэслаў — быў абед. І ў абавязковым парадку — наркамаўскія сто грамаў. Так мы сустрэлі Перамогу».

Пасля вайны Уладзімір Барадзін застаўся ў арміі. Да 1948 года служыў у Германіі — у групе савецкіх войскаў. Затым уся яго служба праходзіла ва Украіне. Званне палкоўніка атрымліваў ужо ў Мінску, дзе і застаўся. Найлепшага горада, па словах ветэрана, няма. «Які Мінск быў, а які стаў! Столькі зроблена!» — кажа Уладзімір Васілевіч.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, на кіцелі якога зіхацяць ордэн Чырвонай Зоркі і тры ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», не можа змірыцца з тым, што зноў у свеце ўзняў галаву фашызм. «Я калі там служыў, гэты беспарадак ужо быў, — кажучы пра Украіну, адзначае ветэран. — Мая рота знаходзілася недалёка ад Львова. У суседняе сяло па начах з горада прыходзілі бандэраўцы. Яны і палілі, і забівалі, і ў балота людзей кідалі. У лясах іх было колькі хочаце. На двух палігонах гэтыя бандыты трэніраваліся ў стральбе. У той час! Таму не дзіўна, што цяпер адбываецца на Украіне. Нам галоўнае — не дапусціць падобнага на беларускай зямлі!»

Менавіта такі запавет ад аднаго з апошніх удзельнікаў той вайны. Варта прыслухацца.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.