Вы тут

Ушанаванне лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны – 2022»


Сёння ў паўночным рэгіёне прайшла ўрачыстая цырымонія, прысвечаная 85-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці і ўшанаванню лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны – 2022».


У Прыдзвінні здаўна склалася добрая традыцыя ўшаноўваць людзей, якія ў мінулым годзе дабіліся найлепшых вынікаў у сваёй прафесійнай дзейнасці і ўнеслі важкі ўклад у развіццё вобласці. Штогадовая цырымонія прысуджэння звання «Чалавек года Віцебшчыны» — гэта даніна павагі за шматгадовую і старанную працу на карысць арганізацыі або прадпрыемства, з маленькіх поспехаў якіх складваецца агульная мазаіка вялікіх дасягненняў усяго паўночнага рэгіёна.

Віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зачытаў прысутным намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч: «Дарагія жыхары Віцебшчыны, сардэчна віншую вас з 85-годдзем з дня ўтварэння Віцебскай вобласці. Самы паўночны рэгіён Беларусі заўсёды славіўся прыгажосцю прыроды, унікальнымі помнікамі, рамёствамі і майстрамі, а яшчэ доблесцю і стойкасцю жыхароў у гады ліхалецця, як гэта было ў час Вялікай Айчыннай вайны. На Віцебшчыне добра ведаюць цану Перамогі, умеюць захоўваць памяць, традыцыі і вернасць роднай зямлі. Дзякуючы нястомнай працы многіх пакаленняў развіваецца сельская гаспадарка, асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, будуюцца найноўшыя прадпрыемствы, мадэрнізуюцца вытворчасці, ствараецца сучасная сацыяльная інфраструктура. Далёка за межамі Беларусі вядомае грандыёзнае свята мастацтва „Славянскі базар у Віцебску“, якое, умацоўваючы сяброўства паміж народамі, кожны год збірае тысячы яркіх талентаў з усіх куткоў нашай планеты. Няхай добрая слава і традыцыі Віцебшчыны прымнажаюцца новымі справамі і здзяйсненнямі, а ў кожным доме пануюць шчасце, цяпло і ўтульнасць. Жадаем жыхарам вобласці здароўя, міру, дабрабыту і росквіту».

Сярод 50 лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны – 2022» — швачкі, аператары жывёлагадоўчых комплексаў, трактарысты, электрагазазваршчыкі, сацыяльныя работнікі, экскурсаводы, кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў і арганізацый з усіх раёнаў вобласці. Аператар машыннага даення ААТ «Новыя Гараны» Полацкага раёна Эдмунд Паўліня паказаў самы высокі ў гаспадарцы сярэднегадавы надой з каровы, які склаў звыш 7,9 тысячы кілаграмаў. Аператар свінагадоўчага комплексу «Шайцерава» Верхнядзвінскага раёна Рыма Лапкоўская дасягнула паказчыка сутачнага прыбаўлення ў вазе маладняка ва ўзросце ад 0 да 2 месяцаў у памеры 240 грамаў, забяспечыўшы захаванасць пагалоўя на 95 працэнтаў. Аляксандр Зябко — трактарыст-машыніст «Баброва-Агра» Лепельскага раёна — у мінулы сезон намалаціў звыш 7 тысяч тон збожжавых і крыжакветных культур.

Пра дасягненні паўночнага рэгіёна, перспектывы і ўпэўнены погляд у будучыню распавёў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. «Гісторыя вобласці — гэта не толькі яе найноўшыя старонкі, але і багатая панарама мінулых стагоддзяў. Назаўсёды ў народнай памяці застанецца гераізм, праяўлены жыхарамі вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівым дынамізмам у развіцці эканомікі вызначаўся перыяд, які ахоплівае 1965-1980-я гады, калі рэспублікай кіраваў Пётр Міронавіч Машэраў. І сёння вобласць працягвае актыўна нарошчваць сацыяльна-эканамічны патэнцыял: па выніках мінулага года Віцебшчына заняла першае месца ў рэспубліцы па экспарце тавараў, рознічным і аптовым таваразвароце, другое — па валавым рэгіянальным прадукце і экспарце паслуг. Сёння мы падтрымліваем знешнегандлёвыя зносіны са 107 дзяржавамі свету, у краіны „далёкай дугі“ экспарт павялічыўся ў 12 разоў».

Якасць жыцця людзей у многім залежыць ад узроўню адукацыі і аховы здароўя. Пра высокую якасць адукацыі і прафесійнае майстэрства віцебскіх педагогаў сведчыць той факт, што Віцебшчына ўпершыню заняла першае месца па колькасці дыпломаў на рэспубліканскай алімпіядзе.

Для вобласці важны поспех кожнай арганізацыі і спецыяліста, бо з драбніц збіраецца мазаіка нашых дасягненняў. У гэтым годзе нам важна рэалізаваць запланаванае — здаць у эксплуатацыю мадэрнізаваны будынак Полацкага кадэцкага вучылішча.

«Дарагія землякі, мы аддаём даніну павагі прадстаўнікам розных прафесій, усіх сфер народнай гаспадаркі і галін. Сярод лаўрэатаў — рабочыя, жывёлаводы, трактарысты, настаўнікі,— адным словам, прадстаўлены ўвесь спектр кадравага патэнцыялу рэгіёна. Вас, лепшых, адрознівае ўменне працаваць на вынік, патрыятызм і мэтанакіраванасць. Прафесіяналы — залаты фонд краю. Наша агульная мэта — замацаваць станоўчыя тэндэнцыі развіцця вобласці, зрабіць яе паспяховай і самадастатковай. Няхай адданасць справе і ваша праца стануць падмуркам мірнага заўтра», — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч, уручаючы заслужаныя ўзнагароды лепшым работнікам Прыдзвіння.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.