Вы тут

Холад, моцны вецер і галалёдзіца сапсуюць надвор'е на наступным тыдні


У Дзень абаронцаў Айчыны ўмовы надвор'я на тэрыторыі краіны працягнуў фарміраваць халодны антыцыклон. Пасля халоднай ночы днём сонца праявіла сябе даволі актыўна, што спрыяла павышэнню тэмпературы паветра.


Фота: pixabay.com

На змену марознаму антыцыклону з Заходняй Еўропы на тэрыторыю нашай краіны ссунуцца атмасферныя франты, за якімі пачне паступаць цёплая паветраная маса атлантычнага паходжання. Тэмпературны фон павысіцца, а ападкі будуць пераходзіць са снегу ў мокры снег і дождж. Паведамляецца, што цёплае з ападкамі (у асноўным у выглядзе дажджу і мокрага снегу) надвор'е захаваецца ў Беларусі да канца тыдня, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У пятніцу пройдуць ападкі (снег, мокры снег, дождж). Раніцай і днём у многіх раёнах чакаецца галалёд, на дарогах — галалёдзіца. У гэты дзень Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі.

У суботу на большай частцы тэрыторыі Беларусі прагназуюцца працяглыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, удзень месцамі моцныя ападкі. У асобных раёнах — туман, галалёд, галалёдзіца. Месцамі па ўсходзе краіны — узмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ноччу панізіцца да мінус 3 — плюс 4 градусаў. Удзень тэмпература будзе ў межах ад мінус 1 градуса па поўначы да плюс 8 градусаў па паўднёвым усходзе.

У нядзелю таксама чакаецца некамфортнае надвор'е. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі краіны будуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, ноччу — з дажджом. Месцамі — слабая мяцеліца, узмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с, на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра складзе ад мінус 6 да плюс 1 градуса. Днём прагназуецца ад мінус 5 градусаў па поўначы да плюс 4 градусаў па паўднёвым усходзе.

Паводле папярэдняга прагнозу айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага працоўнага тыдня франтальныя раздзелы пакінуць тэрыторыю краіны, а фон атмасфернага ціску пачне расці, ападкаў стане менш. Пры гэтым тэмпературны фон панізіцца і ў начныя гадзіны будзе знаходзіцца ў межах адмоўных значэнняў, а днём — вагацца ад слабаадмоўных да слабададатных значэнняў.

У панядзелак будзе пераважна без ападкаў, толькі ноччу і раніцай па паўночным усходзе краіны пройдзе невялікі снег. Месцамі на дарогах чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да 3—10 марозу, а пры праясненнях — да мінус 13 градусаў. Днём чакаецца мінус 4 — плюс 2 градусы.

У апошні дзень лютага ноччу па поўначы, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі (снег, мокры снег, днём магчымы дождж). У асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—10 марозу, а пры праясненнях — да 13 градусаў ніжэй за нуль. Удзень тэмпература паветра будзе ў межах ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.