Вы тут

У Жлобінскім раёне перапахаваны астанкі савецкага воіна


Малодшы сяржант Васіль Дзмітрыевіч Мядзведзеў — ураджэнец вёскі Верхняя Алба (цяпер Жлобінскага, а раней Стрэшынскага раёна Гомельскай вобласці) быў прызваны на фронт у снежні 1943-га года. У сакавіку 1945-га наш зямляк паў смерцю адважных на подступах да Берліна. Да 2018 года баец лічыўся зніклым без вестак. 


Амаль пяць гадоў таму астанкі савецкага салдата Васіля Мядзведзева былі знойдзены падчас сумеснай пошукавай аперацыі германскай грамадскай арганізацыі «Таварыства па пошуку загінуўшых ва Усходняй Еўропе» і агульнарасійскага грамадскага руху «Пошукавы рух Расіі». Міжнародная пошукавая экспедыцыя праходзіла на Зеелаўскіх вышынях у федэральнай зямлі Брандэнбург. Асобу савецкага героя ўдалося ідэнтыфікаваць па асабістых рэчах — захаваліся яго ордэн «Чырвонай Зоркі» і медаль «За адвагу».

Тры гады таму сястра героя — Ганна Дзмітрыеўна Шашкова (дзявочае прозвішча Мядзведзева) і пляменніца Таццяна Давыдзенка звярнуліся ў Пасольства Беларусі ў Расійскай Федэрацыі і ў МЗС Расіі з просьбай пасадзейнічаць у перадачы астанкаў загінулага. Родныя чырвонаармейца марылі, каб яго перапахавалі з усімі вайсковымі ўшанаваннямі на малой радзіме ў Жлобінскім раёне.

Спатрэбілася амаль пяць гадоў, каб выканаць усе юрыдычныя фармальнасці і перадаць астанкі героя з Германіі на яго Радзіму, у Беларусь. Астанкі нашага земляка — малодшага сяржанта 220-га стралковага палка 4-й стралковай дывізіі Васіля Мядзведзева ўдалося даставіць, дзякуючы падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія.

Вядома, што на пачатковым этапе ўзгаднення з германскім бокам перадачы астанкаў воіна патрабавалася прадставіць дакументальнае пацвярджэнне даты і месца нараджэння салдата. Без афармлення пасведчання аб смерці такім чынам перадача астанкаў не была дазволена. Аднак патрэбных дакументаў сваякі Васіля Дзмітрыевіча Мядзведзева не змаглі прадаставіць. Дзякуючы намаганням пасольстваў Беларусі і Расіі ў ФРГ, а таксама саюза Германіі па догляду ваенных пахаванняў у федэральнай зямлі Брандэнбург ад германскага боку ўдалося дабіцца згоды на перадачу астанкаў савецкага байца без афармлення пасведчання аб смерці.

Напярэдадні гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны на малой радзіме Васіля Мядзведзева, у вёсцы Верхняя Алба герой знайшоў вечны спачын.

— Астанкі нашага земляка ўрачыста перапахаваны у брацкай магіле. На гэтым месцы памяці пахаван 421 воін 101-га, 220-га, 470-га стралковых палкоў 730-й стралковай дывізіі 48-й Арміі 1-га Беларускага фронту. Гэта савецкія салдаты, загінулыя пры вызваленні Жлобінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод загінуўшых 14 воінаў, якія памерлі ад ран у 6334-м медсанбаце. У 1958 годзе на гэтым месцы таксама былі пахаваны астанкі 112 воінаў, перапахаваных з брацкіх і індывідуальных магіл бліжэйшых вёсак – Ніжняя Алба, Шыхаў, Гарадок, Ровішча, Гарадзішча, пасёлкаў Садовы, Дружны, — распавяла навуковы супрацоўнік Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея, спецыяліст па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Дар’ я Луніна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Жлобінскай раённай газеты «Новы дзень»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.