Вы тут

Выйшаў зборнік вершаў і паэм Генадзя Пашкова «Адвечнае»


У выдавецтве «Мастацкая літаратура» прадаўжаецца выданне серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». Толькі што з друкарні прыйшоў зборнік вершаў і паэм лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генадзя Пашкова «Адвечнае». 


«Зямля мая, зялёная расінка./ і чую я. акрылены вясной. — / пчалой гудзе світальная галінка/ і пахне дзень праталінай лясной./ Усе збіраю колеры і гукі/ і сэрцам вывяраю пачуццё. / ... Як матчыны, маёй Радзімы рукі / два зерні сеюць — / роднасць і жыццё». Такімі спавядальнымі радкамі, напісанымі ў 1972 годзе, адкрываецца кніга зямной, прывязанай да роднай старонкі ўсімі сімваламі і вобразамі паэзіі Генадзя Пашкова. Нельга без хвалявання чытаць яго вершы «Бацькаўшчына», «Бацька», «Па праву жывога», «Сцішаны лес, апусцелы» і іншыя бліскучыя, напоўненыя развагамі і думкамі творы. 

Паэзія Генадзя Пашкова вельмі адрасная, яго паэтычны ландшафт спалучаны з канкрэтнымі паселішчамі — гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі, рознымі геаграфічнымі аб’ектамі («Аснежыцы», «Капаткевічы», «Кедры над Прыпяццю», «На Крэўскай градзе», «Купалаўскія гаі», «Ляўкі»). Чытаеш старонка за старонкай кнігу выбранага — і адразу на памяць прыходзяць назвы кніг яркага паэта з ранейшых десяцігоддзяў: «Кляновік», «Дыстанцыя небяспекі», «Гравюры дарог», «Зямлю слухаю», «Маналог на кастрышчы», «Крокі», «Люблю, спадзяюся, жыву»... 

«Адвечнае» — працяг ужо цэлай бібліятэкі кніг паэзіі нашых класікаў і нашых сучаснікаў. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» раней выдала ў новай серыі зборнікі Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц, Навума Гальпяровіча. У самы бліжэйшы час паэтычная бібліятэка папоўніцца кнігамі вершаў Анатоля Грачанікава, народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Выпуск гэтых выданняў, якія фарміруюць цэласны партрэт айчыннай паэзіі, ажыццяўляецца па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Афармленне серыі належыць таленавітаму кніжнаму графіку Міхасю Дайлідаву. 

Кнігу паэзіі Генадзя Пашкова «Адвечнае» можна набыць у крамах ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.