Вы тут

Прыхапіце ў дарогу... ката. Падарожжы з хатнімі гадаванцамі — трэнд гэтага лета


Лета — час падарожжаў, далёкіх і блізкіх, на машынах, аўтобусах, цягніках, самалётах і, вядома, на сваіх дваіх. І ў гэтыя падарожжы нашы сучаснікі (асабліва маладыя) усё часцей бяруць з сабой гадаванцаў. Прычым не толькі традыцыйных сяброў і спадарожнікаў чалавека — сабак, але і катоў, якія да нядаўняга часу мелі трывалую рэпутацыю дамаседаў. А заплечнік для падарожжаў з катамі сёння — адна з самых запатрабаваных таварных пазіцый у папулярных інтэрнэт-крамах, якія спецыялізуюцца на модзе і стылі. Давайце пагаворым аб гэтым аксесуары і ў цэлым аб самой ідэі «з любімымі не раставацца».


Уласна, ідэя не новая, проста за апошні час яна набыла маштабы. Яшчэ гадоў 8-10 таму ў Фрунзенскім раёне Мінска ўвагу мінчан прыцягвала прыгожая дзяўчына, якую паўсюль суправаджаў вялікі пухнаты кот. Ён перамяшчаўся ў гаспадыні на плячах, разлёгшыся накшталт каўняра, і, здаецца, пачуваўся вельмі камфортна. Саскочыць не спрабаваў і ўцякаць не збіраўся, увагай да сваёй персоны не палохаўся, паводзіў сябе цывілізавана і ўсім сваім выглядам паказваў: «Ну чаго пазіраеце? Ідзем у краму за кормам, толькі і ўсяго». Але такі дысцыплінаваны кот, вядома, рэдкасць. Звычайна гэтыя наравістыя жывёлы не схільныя да паслушэнства. Узгадаўся і яшчэ выпадак. Адна мая знаёмая — аматарка аўтамабільнага вандравання. А акрамя таго, яна вельмі любіць свайго чорна-белага ката і не жадае раставацца з ім, тым больш надоўга. Кот-вандроўнік аб’ездзіў ужо паўсвету. Але на момант, калі адбылася гэтая гісторыя, быў ён яшчэ пухнатым каціным падлеткам. І вось знаёмай прыйшлося ў адным са сваіх вандраванняў перамяшчацца з пункта А у пункт В уначы па даволі пустыннай мясцовасці. Да дарогі абапал падступаў густы лес, і была дарога гэтая выбоістай. Словам, кату стала дрэнна — яго ўкалыхала. Гаспадыня спынілася, вынесла ката на свежае паветра і спрабавала напаіць яго вадой, калі побач затармазіў вялізны джып, з якога выйшлі два моцныя хлопцы. Трэба сказаць, дзяўчына спалохалася: вакол на многія кіламетры нікога, а ў хлопцаў быў небяспечны выгляд — асабліва ў цемры, на фоне вялізных чорных дрэў. Але аказалася, маладыя людзі проста вырашылі даведацца, што здарылася і ці не патрэбная дапамога. Яны прынялі актыўны ўдзел у рэанімацыі ката, і неўзабаве той змог прадоўжыць шлях разам са сваёй гаспадыняй.

Дарэчы, калі ў вас склалася ўражанне, што блізкія прагулкі і далёкія падарожжы з катамі — чыста жаночая фішка, дык не: гэтай модзе пакорныя і прадстаўнікі мужчынскага полу. Тое, што мода гэта моладзевая — так, часцей за ўсё гэта праўда. Людзі сярэдняга ўзросту і пажылыя таксама часам выносяць на вуліцу вусатых-паласатых хатніх гадаванцаў, але звычайна ў звыклых пераносках і не далёка — напрыклад, да ветэрынара. Або пагуляць у двары. Ну максімум, на дачу. А вось заплечнікі для коцікаў, якія прадугледжваюць, што «салодкая парачка» (кот і гаспадар) сабралася пераадолець не адзін і не два кіламетры шляху — гэта хутчэй маладзёжны трэнд (скажам так, да 31), і разлічана дадзеная таварная група, як і ў цэлым гэты модны подых, менавіта на маладую ўзроставую катэгорыю, а таксама дзяцей і падлеткаў.

З любімымі не раставайцеся

Наогул, каты па натуры — сапраўды дамаседы. У дзікай прыродзе продкі сучасных хатніх котак далёка ад сваёй хаты (скажам так, логава, хоць гучыць гэта і смешна ў дачыненні да звыклых нам пушысцікаў) не адыходзілі, пішуць фелінолагі. Палявалі ў радыусе кіламетра-двух. Уласна, для далёкіх вандровак прырода іх і не абсталявала. У катоў кароткія лапкі, хутка бегчы яны могуць вельмі нядоўга: наровяць у выпадку небяспекі максімальна імкліва дабрацца да месца, дзе можна забрацца вышэй. Словам, гэта вам не сабакі з іхнімі доўгімі лапамі і цягавітасцю. Але сучасны свет вельмі далёкі ад таго першапачатковага, у якім калісьці з’явіліся і людзі, і каты. Чалавек жа таксама з пункту гледжання функцыяналу не разлічаны на тое, каб гадзінамі сядзець у крэсле, гледзячы ў манітор і варушачы толькі пальцамі рук (і — у некаторых выпадках — заадно «варушачы мазгамі»), і тым самым здабываць хлеб надзённы. Вось і коткам даводзіцца прыстасоўвацца да сучасных рэалій. А рэаліі гэтыя такія, што ўключаюць у сябе для хатніх гадаванцаў нараўне са збалансаваным рацыёнам, цяплом і ўтульнасцю таксама і магчымасць паглядзець свет. Дакладней, неабходнасць суправаджаць гаспадара, які жадае паглядзець свет...

Але, зрэшты, песня не аб тым. Пагаворым аб заплечніках для коцікаў — бо прапанова сёння велізарная, а нам трэба выбраць той, які будзе зручны для жывёлы і не прычыніць яму шкоды, а не толькі ўпішацца ў модны вобраз гаспадара.

Кот у ілюмінатары

Заплечнікі для падарожжаў з коцікамі з’явіліся на нашым рынку нядаўна. Велізарны плюс іх у тым, што яны пакідаюць рукі гаспадара свабоднымі, а гадаванцу даюць магчымасць бачыць тое, што адбываецца вакол і не хвалявацца. Тым больш, што правільна абраная мадэль забяспечыць гадаванцу камфорт перасоўвання, запэўніваюць прадаўцы.

Дарэчы, абяцаны камфорт забяспечвае ў першую чаргу цвёрды каркас заплечніка і асабліва — яго цвёрдае дно. На дадзеныя нюансы важна звярнуць увагу пры выбары: у асартыменце дастаткова мадэляў з мяккім дном, але жывёле важна мець «кропку апоры». Зрэшты, у чатах гаспадары коцікаў пішуць, што цвёрдае дно ў заплечніка-пераноскі пры яго адсутнасці не складана зрабіць самастойна, ушыўшы шчыльную кардонку ці кавалачак фанеры. Да таго ж, камфорт гадаванцу забяспечвае акенца. Ёсць варыянт «круглы ілюмінатар», ёсць мадэлі з цалкам празрыстай сценкай. Дасведчаныя ўладальнікі кошак і ветэрынары больш лаяльныя да першага варыянту. Ёсць, вядома, каты-экстраверты накшталт таго, з якога пачалося наша апавяданне, але большасць гэтых жывёл усё ж не любяць быць у цэнтры ўвагі. І акенца замест празрыстай сцяны забяспечыць неабходную гадаванцу прыватнасць і канфідэнцыяльнасць. Ахоўная плёнка на акне павінна быць выраблена з нетаксічнага празрыстага пластыка. На гэта важна звярнуць увагу, таму чытаем этыкетку. Ды і сам заплечнік-пераноска павінен быць з матэрыялу, які «дыхае», а ў ідэале — мець апроч дзвюх шлеек яшчэ і паясны рэмень, тады вашага спадарожніка не ўкалыхае ў дарозе. Да якасных мадэляў (а эканоміць на такім заплечніку не варта, хоць роскід цэн — велізарны: ад 30-40 рублёў аж да 200) могуць дадаткова прыкладацца здымны мяккі ўнутраны чахол (які можна хутка памыць і высушыць) і здымная сетка на акно-ілюмінатар на выпадак спякоты.

На што яшчэ звярнуць увагу? На вагу пустога заплечніка. Відавочна, што ён павінен быць лёгкім, асабліва калі вы збіраецеся адправіцца з гадаванцам у пешае падарожжа. Іншая справа, што памер і вага вар’іруюцца ў залежнасці ад памеру і вагі гадаванца. У нашых шыротах на абшарах сеціва прадстаўлены 3 варыянты — для невялікіх кошак, для катоў пабольш і для вусатых-паласатых буйных і, так бы мовіць, «у целе». Вага заплечніка, зразумела, тым цяжэйшая, чым для буйнейшага гадаванца ён прызначаны. Але ў сярэднім важыць торба ад паўтара да двух з паловай кілаграм.

Зразумела, аксэсуар ужо аброс спажывецкімі міфамі, галоўны з якіх — нязручнасць для жывёлы. Праціўнікі такіх падарожжаў гавораць, што сумкі гэтыя вырабляюцца са штучных матэрыялаў, і, адпаведна, шкодзяць здароўю коцікаў. Але гэта ў магчымасцях гаспадара — абраць сумку з матэрыялаў, якія прайшлі даследаванні і адказваюць патрабаванням ветэрынарнай бяспекі. Інфармацыю аб гэтым можна знайсці ў апісанні тавара, якім у дадзеным выпадку нельга грэбаваць. Ну, а стрэс і нязручнасці ад трасяніны здымае паясны рамень, які фіксуе ніжнюю частку заплечніка.

І нарэшце — памылкі, якія часцей за ўсё здзяйсняюць пры набыцці заплечніка для жывёл гаспадары:

  • Найбольш частая — падбіраць заплечнік як аксэсуар, з пункту гледжання прыгажосці, а не функцыянальнасці. Гэтым часцей грашаць дзяўчаты. І тут важна памятаць, што ў першую чаргу ў гэтага заплечніка ўтылітарная, а не дэкаратыўная роля. Гэта значыць, у прыярытэце павінна быць не знешняя прывабнасць такой пераноскі, а бяспека, надзейнасць і зручнасць для гадаванца.
  • Яшчэ адна памылка — галоўным крытэрыям выбару рабіць цану. Эканоміць на такім прыстасаванні не варта, як мы ўжо казалі. Скупы плаціць двойчы, і ў дадзеным выпадку заплаціце вы здароўем гадаванца. Ну, і ветэрынару заплаціце, зразумела — дарэчы, нашмат больш, чым зэканомілі, набыўшы ну вельмі бюджэтную рэч. Аглядзіце перад пакупкай усе швы, і ў першую чаргу — надзейнасць мацавання ў дна сумкі, а таксама надзейнасць мацавання рамянёў. Дно, як ужо гаварылася, лепш выбіраць цвёрдае. Звярніце ўвагу на наяўнасць адтулін-вентылятараў па баках заплечніка, бо гадаванцу неабходна паветра.
  • Ну і, зразумела, падумайце аб будучыні, асабліва калі ў вас кацяня або зусім малады гадаванец. Ён будзе расці ў даўжыню і ўшыркі, і калі гэта ўлічыць, заплечнік праслужыць вам даўжэй.

Прыміце на ўвагу ўсе гэтыя нюансы, і падарожжа з гадаванцам прынясе радасць абодвум — і чалавеку, і яго вернаму чацвераногаму сябру. Шчаслівай дарогі!

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.