Вы тут

Формула даросласці. Пра тое, што не падкажа гугл


Да Дня пажылых людзей я заўсёды старалася прывезці ім іхнія любімыя цукеркі — імпартныя, у пластыкавым акуратным пачку з бліскучай абгорткай, шакаладныя з цэльнымі арэхамі ўсярэдзіне. Кожны раз матуля спачатку ўздыхала: «Гэта ж дорага», пасля задаволена хавала пачастунак у буфет са словамі: «Ну вось, першага чысла з Шурай паласуемся...» Першага кастрычніка суседка цётка Шура прыходзіла да яе або яна ішла да суседкі, і пачыналі «святкаваць» — налівалі ў чаркі па некалькі кропель каньяку ці самаробнай настойкі на чорнай рабіне, даставалі тыя цукеркі, заварвалі гарбату і сядзелі-гаманілі аб сваім. «Адзначаем сваё „прафесійнае свята“! — бадзёра дакладвалі мне па тэлефоне. — Мы, канешне, яшчэ ніякія не пажылыя (адной было за семдзесят, другой — за восемдзесят), але калі нагода ёсць, дык чаму б і не пасядзець»...


Часам, як сёлета, Дзень пажылых людзей прыпадаў на выхадныя, і тады да іх «шаноўнай бяседы» далучалася я. Было ў ёй нешта такое сумна-светлае, пранізанае халаднаватым сонцам, як і ўсё кастрычніцкае наваколле. Яны сядзелі, спакойна, нікуды не спяшаючыся, «падводзілі вынікі» дачнага сезона: што ўрадзіла, а што — не вельмі, планавалі наступны: што і дзе варта пасадзіць на вясну, праўда, апошнія гады заўсёды з агаворкай: «Калі Бог дасць дажыць». Гаварылі пра дзяцей, унукаў, праўнукаў. Смяяліся, успамінаючы цікавыя выпадкі з жыцця па суседстве. Плакалі, гаруючы па сваіх дарагіх, маладзейшых, што ніколі не будуць пажылымі: мама згадвала любімага зяця, які памёр у 42, цётка Шура — дачку, якую наркаман-сусед забіў, калі той было няпоўныя 54. Хутка супакойваліся, на нейкі час замаўкалі і прасветленымі вачыма глядзелі кудысьці ўдалеч, упэўненыя ў недалёкай сустрэчы з тымі, каго страцілі... Пасля, як і належыць паважаным вясковым кабетам, пачыналі абмяркоўваць мясцовыя навіны, даючы свае трапныя, не заўсёды лагодныя, ацэнкі. Асабліва даставалася мясцовым выпівохам, калі хтосьці з іх праштрафіўся — заснуў пад плотам, не дайшоўшы дадому, напрыклад... Сядзелі доўга, а чаркі так і заставаліся недапітымі, цукеркі — недаедзенымі. Павольна разыходзіліся, раннім надвячоркам запальвалі святло ў сваіх вялікіх пустых хатах, якія калісьці поўніліся шматлікімі галасамі, і свяціліся гэтыя вокны ў восеньскай цемры ледзь не да раніцы…

Ужо не першы год тыя адмысловыя італьянскія цукеркі купляць няма для каго. Зноў, зайшоўшы ў краму перад паездкай у вёску, прайду, не спыніўшыся, паўз паліцу з бліскучымі пластыкавымі пачкамі — і на нейкі зусім кароткі міг прамільгне: вось куплю — і ўсё будзе як раней. У вёсцы ў ранніх прыцемках мы запалім святло на ўсю хату, будзем сядзець за сталом, падводзіць вынікі дачнага сезона: што ўрадзіла, а што не вельмі, планаваць наступны: што і дзе варта пасадзіць на вясну. Але гэта ўсё не тое, не так — упохапкі, мітусліва, баючыся кудысьці спазніцца, штосьці не паспець... Я так і не навучылася ў іх гэтай спакойнай разважлівасці, калі ўсё робіцца своечасова, але не спяшаючыся, калі цэніцца кожная хвіліна жыцця, калі знаходзіцца час на тое, што сапраўды для цябе па-чалавечы каштоўна і важна. Пэўна, гэта прыходзіць з узростам.

А пакуль іх навукі вельмі не хапае. У іх, мудрых старэйшых жанчын, можна было вучыцца ўвесь час. Нават ужо ў дарослым узросце, маючы вышэйшую адукацыю, прафесійны досвед і пасаду. Вучыцца таму, чаму не вучаць ні ва ўніверсітэце, ні на рабоце. Цярпенню. Уменню пераводзіць у гумар нават самыя крытычныя сітуацыі. Шчырай рэакцыі на гора і на радасць: плакаць не саромеючыся, рагатаць ад душы, а не прыкрывацца сарамліва далонькай. Працавітасці. Усякім жыццёвым важным дробязям — гэта ж так здорава, калі табе за сорак, а ёсць у каго бездапаможна спытацца: «Мам, я забылася, а колькі солі класці ў тыя агуркі?» і быць упэўненай, што тут жа атрымаеш дакладны адказ і агуркі выйдуць смачныя, як заўсёды... Ведаць, што, колькі б табе ні было гадоў, ёсць хтосьці мудрэйшы, больш вопытны, хто абавязкова падкажа, што і як рабіць, калі ты разгубішся або забудзешся…

Мне здаецца, што наша пакаленне — апошняе, якое не адмаўляецца спасцігаць і прымаць гэту важную навуку старэйшых. Тыя, каму сёння трыццаць-плюс і маладзейшыя — іншыя. Хтосьці з вядомых псіхолагаў-філосафаў ужо даўно вывеў формулу даросласці. Маўляў, чалавека нельга лічыць дарослым, пакуль ён не перастане думаць: як у такіх тупых бацькоў нарадзіўся такі геній, як я. Калі браць яе да ўвагі... у нас вельмі мала дарослых трыццацігадовых людзей, не кажучы ўжо пра маладзейшых. Бацькі? Бабулі з дзядулямі? Што іх слухаць, гэта ж мінулае стагоддзе. Яны ж нават смартфонам карыстаюцца з цяжкасцю — чаму яны могуць навучыць? Саліць агуркі? Гугл у дапамогу, і пры чым тут бабуля... А вось павучыць старэйшых жыццю, раскласці па палічках, што і як яны няправільна ў ім, жыцці, зрабілі з пункту гледжання прагрэсіўнай псіхалогіі (не там вучыліся, не з тымі жаніліся, не так харчуюцца, не так рэагуюць на нейкія падзеі) — гэта калі ласка, гэта заўсёды і з ахвотай.

Я за імі назіраю, і мне іх шкада. Дарослымі яны стануць рана ці позна. Калі не будзе каго павучаць і ад каго адмахвацца. Калі ніхто ўжо не назаве «дачушка» або «сынок». Калі раптам захочацца проста спытаць, на якую тарку церці бульбу на бабуліны калдуны або што гэта за дзядзька на фота ў альбоме, — а спытацца не будзе ў каго. Калі ахіне халодная безвыходная пустэча і гэта адчайна-беззваротнае «раней трэба было».

Зрэшты, можа, яно будзе зусім інакш. Пабачым. Калі дасць Бога дажыць, як казалі мае любімыя маладыя бабулі, адзначаючы сваё «прафесійнае свята» і будуючы планы на наступную вясну.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.