Аб'ёмы азелянення ў рэгіёне не зніжаюцца. Высаджваць зялёныя насаджэнні ў хуткім часе пачнуць брыгады рамонтна-будаўнічага прадпрыемства «Зелянбуд», прадстаўнікі маладзёжных і грамадскіх арганізацый, валанцёры. Прыняць удзел у акцыях зможа кожны. Напрыклад, у абласным цэнтры плануецца высадзіць чатыры тысячы дрэў і дзве тысячы кустоў. Разам з традыцыйнымі пародамі ў Гродне пачалі з'яўляцца і нязвыклыя для нашых мясцін расліны.
Гродна заўсёды лічыўся зялёным горадам. Але аказалася, што гэта не так. Навукоўцы падлічылі, што працэнт азелянення дрэвамі і кустамі не дасягае патрэбных 50 працэнтаў плошчы. Таму стаіць задача выправіць сітуацыю. Вядома, гэты прабел імкнуцца ліквідаваць спецыялісты адпаведных прадпрыемстваў. Але і самі жыхары не стаяць убаку. Кожны сезон праводзяцца шматлікія акцыі па пасадцы дрэў і кустоў.
Як паведамілі ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, на вяснова-асенні перыяд сёлетняга года на Гродзеншчыне запланавана пасадка амаль дзевяць тысяч дрэў і такой жа колькасці кустоў. Азеляненне тэрыторый ажыццяўляецца ў рамках экалагічных акцый, ініцыятыў жыхароў і ў адпаведнасці з зацверджаным Планам мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі.
Па прагнозах эколагаў, работы па азеляненні тэрыторый па аб'ёмах і колькасці насаджэнняў не будуць зніжацца. Мяркуецца, што сёлета ўдасца дасягнуць леташняга ўзроўню, гэта значыць, высадзіць не менш чым паўсотні тысяч дрэў і кустоў.
У лясгасах і спецыялізаваных прадпрыемствах назапашаны пасадачны матэрыял. Размеркаваны і зоны пасадак. Брыгады «Зелянбуда» ў хуткім часе пачнуць масавыя выезды на вуліцы абласнога цэнтра. Асаблівая ўвага — спальным мікрараёнам, тэрыторыям індывідуальнай забудовы, а таксама аб'ектам, якія здадзены альбо рыхтуюцца да здачы ў эксплуатацыю. Гэта датычыцца ў першую чаргу аб'язных дарог, транспартнай развязкі на трасе М6. Азеляненне будзе весціся на тэрыторыі паркавых зон і сквераў.
Экзатычныя расліны не высаджваюцца такімі алеямі, як, напрыклад, бярозы, клёны ці каштаны. Гэта адзінкавыя экзэмпляры пераважна ў цэнтральным парку Гродна. Аматарам гэтай справы можна назваць доктара біялагічных навук, загадчыка кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Алега Созінава. Ён расказаў, што некаторыя экзэмпляры прывёз з Санкт-Пецярбурга. Так у Гродне з'явілася ўнікальнае хвойнае дрэва гінкго. Унікальнасць гродзенскага гінкго ў тым, што яно вырасла з насення 850-гадовага гінкго ў Японіі, гэта значыць, мае сваю цікавую радаслоўную.
Сёлета ў парку з'явілася метасеквоя — разнавіднасць хвойнай секвоі — таксама рэдкі для нашых мясцін экзэмпляр. Як і гінкго, дрэва было шырока распаўсюджана ў эпоху дыназаўраў, а да нядаўняга часу лічылася зніклым. Сёння расце пераважна ў Цэнтральным Кітаі і дасягае 40 метраў. Метасеквоя можа расці да 600 гадоў. Дрэва высаджана гродзенскімі энергетыкамі, агароджана і суправаджаецца прыгожым інфармацыйным шкляным стэндам. У яго QR-кодзе зашыфраваны звесткі, якія якраз і сабраны навукоўцамі-батанікамі ГрДУ імя Я. Купалы.
На думку Алега Созінава, такія інфармацыйныя табліцы варта размясціць вакол кожнага экзатычнага дрэва. Мала хто ведае, што ў цэнтральным гарадскім парку імя Жылібера растуць рэдкія віды — айва, магонія, птэлея, лапіна, дэйцыя, яблыня «Зібальда» і іншыя экзоты. Непадалёку, у Швейцарскай даліне, высаджана паўлоўнія. Ёсць у парку цюльпанавае дрэва, але яно пакуль не цвіце. Таксама варта звярнуць увагу ў інфармацыйным плане і на векавыя дрэвы, лічыць навукоўца. А такіх тут нямала. Цікавае відовішча ўяўляе вялізны пень, праз які расце маладое дрэва. А мала хто ведае, што стары ясень — равеснік парку, які быў закладзены больш за 200 гадоў таму. Праўда, захаваць дрэва не ўдалося, але яго рэшткі таксама дыхаюць гісторыяй.
— Гэтай гісторыі не хапае цэнтральнаму парку, яго варта дапоўніць інфармацыйнымі даведкамі. Каб і гродзенцы, і госці горада маглі з дапамогай такіх жа QR-кодаў, як каля метасеквоі, атрымаць звесткі аб рэдкіх і найбольш узроставых дрэвах. Бо яны — таксама помнікі, але жывыя, помнікі прыроды і былых часоў. Інфармацыя аб іх будзе ствараць добры турыстычны імідж гораду.
Ёсць цікавыя экзэмпляры на Алеі сяброўства, у Каложскім парку. Звыш ста відаў і сартоў раслін можна ўбачыць у дэндрарыі каля Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.
Не застаюцца ўбаку ад «зялёнай» тэмы жыхары шматпавярховак. Дзякуючы ім, гарадскія двары становяцца больш прыгожымі і ўтульнымі. У абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў падказалі адзін з такіх адрасоў: камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пры ЖЭСе № 11. Старшыня камітэта Наталля Сасім расказала, што жыхары самі вырашылі азеляніць свой двор. Праінфармавалі аб гэтым кіраўніцтва ЖЭСа, параіліся з ландшафтным дызайнерам прадпрыемства «Зелянбуд». Закупілі туі, не пашкадавалі сродкаў на іншыя экзатычныя і дэкаратыўныя расліны. У спецыяльным гадавальніку заказалі саджанцы абляпіхі. І заклалі міні-парк. Атрымалася вельмі ўтульна.
— Каля пад'езда пасадзілі туі, дрэвы, кветкі. Ініцыятарамі сталі жыхары першага паверха. Па іх просьбе ў ЖЭСе зрабілі металічную агароджу, — расказвае старшыня КТГСа Наталля Сасім. — Трэба даводзіць справу да канца. Мала пасадзіць, трэба яшчэ стварыць раслінам больш-менш бяспечныя ўмовы для росту.
Аказалася, што людзі гатовы падтрымаць добрую справу. Вось і ў суседнім двары вясной вырашылі зрабіць каля пад'езда зялёны куток. Справу не сталі адкладваць, дружна сабраліся і вырашылі выдаткаваць на гэтыя мэты па 25 рублёў з кватэры. Для сямейнага бюджэту сума не адчувальная, а ў справе азелянення атрымаўся даволі прыгожы вынік. На гэтыя сродкі закупілі рознай расліннасці. Параіліся з ландшафтным дызайнерам. Той не толькі з выбарам раслін дапамог, але і падказаў, дзе і як размясціць іх вакол пад'езда. Быў складзены падрабязны эскіз, кажа Наталля. Узгаднілі з жыхарамі, якія, дарэчы, самі і высадзілі дэкаратыўныя расліны. Атрымаўся сапраўдны дэндрарый.
— У людзей прачынаецца інтарэс да агульнай справы, — кажа Наталля. — Яны сапраўды хочуць зрабіць утульнымі не толькі свае кватэры, але і двары. І такіх прыкладаў нямала. На такія дамы трэба раўняцца і іншым жыхарам.
Увогуле, справа азелянення знаходзіцца на кантролі КДК Гродзенскай вобласці. Адна з нядаўніх калегій была прысвечана гэтаму пытанню. У прыватнасці, гаворка ішла аб тым, каб не толькі выканаць планавыя пасадкі зялёных насаджэнняў, але і забяспечыць ім адпаведны догляд за імі. Важна, каб дрэвы прыжыліся, асабліва што елкі. Інакш неэфектыўна выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкі.
А, між тым, дрэвы займаюць важнае месца ў жыцці чалавека. І не толькі ў плане «зялёных» лёгкіх гарадоў. Навукоўцы праводзілі даследаванні і выявілі, што там, дзе больш зеляніны, там людзі менш агрэсіўныя. А там, дзе толькі шкло, бетон, вострая геаметрыя, — канфліктнасць вышэйшая. На псіхіку чалавека вельмі станоўча ўплывае разнастайнасць зялёных адценняў дрэвавых кронаў. Дрэвы супакойваюць, аптымізуюць разумовы працэс, маюць антыдэпрэсіўны эфект, паляпшаюць настрой.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.