Вы тут

Завяшчаць маёмасць... кату?


— Я даўно на пенсіі, дзяцей не маю, і адзіны мой сябра і член сям'і — кот Марцін. Мне ўжо 80, а майму гадаванцу толькі нядаўна споўнілася сем. Баюся, што ён застанецца адзін і чужыя людзі выганяць яго з кватэры. Хачу пакінуць яму жыллё і невялікі рахунак у банку, але як зрабіць гэта, каб быць упэўненай, што так і будзе?

Маргарыта Васільеўна

г. Драгічын, Брэсцкая вобл.


У натарыяльнай практыцы нярэдка прыходзіцца сутыкацца з сітуацыямі, калі спадчынадавец хоча пакінуць усё, што мае, сваім чатырохногім сябрам. Для многіх людзей жывёлы, якія дораць ім безумоўную любоў, нярэдка становяцца членамі сям'і. Адны ратуюцца з дапамогай кошачак і сабачак ад адзіноты, другія хочуць пра кагосьці клапаціцца. Здараецца, што гадаванец замяняе чалавеку памерлага сваяка або дзіця, якое вырасла і жыве асобна. З такім стаўленнем да жывёлы нядзіўна, што гаспадары хочуць забяспечыць ім бязбеднае існаванне, заўважыла Алена ФЕЛЬДШАРАВА, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі, якая патлумачыла, як у нашай краіне гаспадары пасля сваёй смерці могуць забяспечыць бязбеднае жыццё хатнім гадаванцам:

— Айчыннае заканадаўства не дазваляе ўказваць у тастаменце спадчыннікам жывёлу. Нашы гадаванцы не з'яўляюцца суб'ектамі спадчынных праваадносін. Артыкулам 1041 Грамадзянскага кодэкса вызначаны пералік суб'ектаў, якім можна завяшчаць сваю маёмасць. Гэта фізічныя і юрыдычныя асобы, Рэспубліка Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Па сваім прававым статусе жывёлы прыраўноўваюцца да маёмасці, а рэчы атрымаць спадчыну не могуць. Такім чынам, можна завяшчаць самога ката, аднак завяшчаць нешта кату нельга.

У асобных краінах, напрыклад, у Вялікабрытаніі ці Італіі, такая працэдура магчымая, аднак у большасці дзяржаў непасрэдна жывёла выступаць спадчыннікам не можа. Атрыманне спадчыны ажыццяўляецца праз траставыя фонды, а павераным асобам даручаюць клапаціцца пра гадаванцаў.

Прызначыць выканаўцу і яго кантралёра

Каб забяспечыць бязбеднае існаванне ўлюбёным гадаванцам у Беларусі, іх гаспадары могуць скарыстацца спадчынным ускладаннем, то-бок абавязаць аднаго ці некалькіх спадчыннікаў утрымліваць жывёлу і належным чынам клапаціцца пра яе і даглядаць. У гэтым выпадку спадчынадавец павінен завяшчаць частку маёмасці, каб пакрыць расходы на ўтрыманне гадаванца. У тастаменце абавязкова трэба ўказаць не проста, скажам, «паласатая кошка Муська», але і дадаткова ідэнтыфікаваць жывёлу, указаўшы яе пашпартныя даныя або нумар чыпа, каб спадчыннік пасля наўмысна ці выпадкова не «пераблытаў» яе з падобнай іншай кошкай.

Падобнае юрыдычнае рашэнне, аднак, не азначае, што ўсё так і будзе. Выкананне завяшчальнага ўскладання застаецца на сумленні спадчынніка, якому яно адрасавана. Самастойна абараніць свае правы жывёлы не могуць, таму спадчынаўцу варта прызначыць выканаўцу тастамента (фізічную асобу ці арганізацыю па абароне жывёл), які будзе кантраляваць выкананне волі гаспадара. Пры гэтым згода такой асобы павінна быць указана ёй уласнаручна надпісам на тастаменце або ў заяве, якая прыкладваецца да тастамента.

Падарыць ці прадаць

Паколькі, згодна з законам, жывёлы ў Беларусі прыраўноўваюцца да маёмасці, то ў дачыненні да іх можна здзяйсняць адпаведныя здзелкі. У артыкуле 137 Грамадзянскага кодэкса сказана, што «Да жывёл прымяняюцца правілы аб маёмасці пастолькі, паколькі іншае не вызначана заканадаўствам і не вынікае з асаблівасцяў гэтага аб'екта». Зыходзячы з вышэйсказанага, сабака, кошка, конь і папугай, як і любая іншая маёмасць, могуць быць прадметам здзелак. У адносінах да гадаванца можна заключыць дагавор куплі-продажу або дарэння, умовамі якога з'яўляецца падрабязнае апісанне жывёлы, каб пазбегнуць маёмасных спрэчак. Указваюцца колер поўсці, узрост, вага, колер вачэй і іншыя адметныя характарыстыкі знешнасці. Пры заключэнні выплатнага дагавора ўказваецца кошт прадмета здзелкі і парадак аплаты. Уласнікам жывёлы можа быць прадстаўлены пашпарт на гадаванца, сертыфікат аб стане жывёлы, сертыфікат аб прышчэпках, звесткі пра наяўнасць мікрачыпа.

Уладальнік хатняй жывёлы па законе мае права напісаць даверанасць, у якой даручыць свайму прадстаўніку дзеянні ў дачыненні да жывёлы, напрыклад вывезці гадаванца за мяжу. Пры гэтым гаспадару не трэба абавязкова паказваць натарыусу спецыяльныя дакументы ў дачыненні да хатняй жывёлы. Аднак варта памятаць, што законам вызначаны спецыяльныя патрабаванні да рэгістрацыі жывёл ці іх перамяшчэння праз мяжу, дзе можа спатрэбіцца ветэрынарны пашпарт, радаслоўная ці іншы дакумент на жывёлу.

Асабняк — для кошкі, самалёт — для сабакі

Адным з першых, хто ў XVІІ стагоддзі вырашыў пакінуць свае зберажэнні на карысць 14 любімых кошак, стаў французскі кардынал Рышэлье. Найбольш улюбёнымі яго гадаванцамі былі чорны кот Люцыфер і белая кошка Мірыям. Калі кардынал хварэў, каты прыходзілі да яго ў ложак і аблягчалі пакуты — Рышэлье на дзіва хутка ачуньваў. Паслы замежных дзяржаў, каб заваяваць прыхільнасць кардынала, дарылі яму коцікаў. Так у Францыі з'явіліся персідскія, брытанскія, ангорскія кошкі. Па легендзе, пасля смерці кардынала яго прыбліжаныя не падтрымалі волевыяўленне Рышэлье і знішчылі ўсіх яго гадаванцаў.

У XІX стагоддзі ў імператарскай Расіі ўдача выпала на долю беспароднага сабакі Серкі: багатая купчыха з Вугліча пакінула любімцу вялікую спадчыну ў грашах і нерухомасці. Сваякі спрабавалі аспрэчыць тастамент, аднак прайгралі: пасля смерці сабакі ўсе грошы і маёмасць адышлі гарадской казне.

Грамадзянін Францыі Крыстоф Батар завяшчаў 50 знакамітым катам з Эрмітажа тры тысячы еўра. На гэтыя грошы адміністрацыя музея зрабіла рамонт у падвале, дзе жывуць гэтыя вядомыя жывёлы. Лічыцца, што катоў завезлі ў Эрмітаж па загадзе імператрыцы Лізаветы Пятроўны (Указ «Аб высылцы да двара катоў»), каб ахоўваць ад грызуноў кладоўкі музея, каштоўныя экспанаты і мастацкія палотны. Сёння жывёлы працягваюць выконваць свае абавязкі, за што знаходзяцца цалкам на дзяржаўным забеспячэнні: катоў кормяць, прышчэпліваюць і аказваюць неабходную ветэрынарную дапамогу.

Сучасны рэйтынг самых багатых жывёл свету сведчыць, што на зямлі жывуць чатырохногія ўладальнікі соцень мільёнаў долараў, атрыманых імі ў спадчыну ад гаспадароў. Напрыклад, кошка Шупет мае 200 мільёнаў долараў і жыве ў раскошным асабняку з нянькай. Дызайнер Карл Лагерфельд, які склаў тастамент на карысць Шупет, сцвярджаў, што кошка, якая здымалася ў рэкламных роліках і стала тварам Opel, натхніла куцюр'е на кнігу і модную калекцыю.

Аўчарка Гюнтэр ІІІ атрымаў 224 мільёны фунтаў пасля смерці гаспадыні графіні Шарлоты Лібернштайн, а пасля смерці сабакі спадчына перайшла да Гюнтэра ІV, які цяпер жыве на віле і падарожнічае па свеце на асабістым самалёце. Яго апекуны ўзважана інвестуюць «сабачы» капітал у нерухомасць і машыны.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.