Вы тут

Хлеб наш надзённы


Учора выйшла з крамы і стала сведкай па цяперашнім часе зусім не тыповай карціны. Наперадзе крочылі бацька з сынам, яны выйшлі з гандлёвага пункта літаральна за некалькі крокаў раней. Тата зусім маладзенькі, што таксама цяпер рэдкасць. Сучасныя маладыя людзі звычайна не спяшаюцца абзаводзіцца дзецьмі. А тут па выглядзе студэнт, крыху за дваццаць, з ім — хлопчык гадоў чатырох. Можна было б падумаць, што старэйшы брат, але малы называў яго татам...


Дык вось бацька і сын выйшлі з пакупкамі, малы пацягнуўся рукой да пакета, выняў духмяную булачку і адразу ўзяўся яе есці. Адкусіў разоў колькі — больш, відаць, есці не захацеў, а рэшткі намерыўся апусціць у найбліжэйшую сметніцу. Але бацька літаральна перахапіў кавалак той булкі на ляту і стаў па-добраму ўшчуваць малога. Гаварыў абсалютна не павышаючы голас, цярпліва, настойліва, добразычліва тлумачыў, што хлеб выкідваць нельга: «Калі нешта засталося, трэба аддаць птушкам ці якой жывёліне і ні ў якім разе не кідаць хлеб туды, дзе можа ляжаць усялякі бруд». Сынок нерашуча пярэчыў: «Гэта ж не хлеб, а булка». На што старэйшы зноў стаў расказваць аб тым, як сеюць зярняткі, як вырастаюць каласы, потым іх жнуць, малоцяць, атрымліваюць муку, з якой пякуць хлеб, булкі і розную іншую смакату.

Стала вельмі цікава, ішла знарок павольна за імі, каб парадавацца за цяперашнюю моладзь, за яе ўменне выхоўваць дзяцей. Проста хораша рабілася ад таго, як гэты малады бацька з такой мудрасцю сталага чалавека расказвае дзіцяці вельмі важныя рэчы, гаворыць з ім, малым, нібы з дарослым. Запомнілася яшчэ: «Мая бабуля, а твая прабабуля, гаварыла, што не будзе дабра ў таго ў хаце, хто хлеб не шануе». І гэта мусіць стала той апошняй кропляй, якая, як вядома, здольная камень прабіць. Дзіця сказала: «А мы паедзем да бабы Валі летам, і я ёй скажу, што булачку не выкідаў, а птушачкам аддаў». Далей яны збочылі на алею, дзе ўся дзятва нашага мікрараёна корміць галубоў. Значыць, упала зерне бацькоўскай навукі на добрую глебу, і хочацца думаць, што адзін маленькі грамадзянін нашай краіны засвоіў на ўсё жыццё, як паважліва належыць ставіцца да хлеба.

Прыкладна такая ж ідэя апаноўвала выставу, што нядаўна адкрылася ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Аўтары назвалі яе «Хлеб — багацце, здароўе і сіла». Дэманстравалі прылады працы ХІ стагоддзя, земляробчыя прыстасаванні продкаў пазнейшага перыяду. Адзін з рэдкіх экспанатаў — насенне проса, якое знайшлі пры раскопках дзяцінца Бярэсця ХІІІ стагоддзя. А яшчэ было многа розных відаў хлеба, у тым ліку грачанікі, якія пякуць у Маларыцкім раёне. Зладзілі там і майстар-класы па ўпрыгажэнні кандытарскіх вырабаў. Школьнікаў, якія прыйшлі на выставу, шмат чаго зацікавіла. Яны гаварылі, што многага не ведалі пра хлеб, што цалкам зразумела. Цяпер хлеб у сем’ях не выступае асноўнай стравай, ён як дапаўненне. Хлеба стараюцца есці менш, асабліва аматары здаровага ладу жыцця. Апошняе, вядома, сведчыць пра дастатак, дабрабыт.

Але вось яшчэ што згадалася на той выставе. У 2005 годзе, напярэдадні святкавання Дня беларускага пісьменства ў Камянцы, я рабіла невялікае апытанне на тэму свята ў асяродку вядомых людзей. Першым папрасіла выказацца двойчы Героя Сацыялістычнай працы Уладзіміра Бядулю, на той час кіраўніка выдатнай гаспадаркі раёна, вядомага аматара кніг, мастацтваў, знаўца культуры. А ён раптам загаварыў пра тое, што мы перасталі цаніць мір, недастаткова паважліва ставімся да хлеба. Уладзімір Лявонцьевіч тады ўзначальваў абласны Фонд міру, а яшчэ быў ініцыятарам стварэння ў Доме культуры сваёй вёскі музея хлеба (апошні, на жаль, не захавалі пасля рэарганізацыі гаспадаркі)... Тады нават не задумвалася аб важкасці і важнасці гэтых слоў, прыняла іх за дзяжурныя. Бо і мір, і хлеб здаваліся велічынямі пастаяннымі, нязменнымі. Цяперашняя рэчаіснасць прымусіла зусім па-іншаму паглядзець на каштоўнасць міру як першаасновы жыцця. Хоць бы не здарылася такое і з хлебам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.