Вы тут

Кітайскія даследчыкі спрычыняюцца да коласазнаўства


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску прайшла XXXVII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Каласавіны». Удзел у абмеркаванні розных аспектаў жыцця і творчасці народнага песняра Беларусі прынялі музейныя работнікі, універсітэцкія і акадэмічныя літаратуразнаўцы. 


Фота: kolasmuseum.by

Праца канферэнцыі ішла па трох секцыях. У першай з іх удзельнічаў прафесар Нанькайскага ўніверсітэта перакладчык беларускай і рускай паэзіі Гу Юй. Кітайскі вучоны і літаратар выступіў з дакладам «Вопыт перакладу чатырох вершаў Якуба Коласа». Гу Юй добра знаёмы з беларускай літаратурай. Напрыканцы 1980-х гг. (а дакладней — у ліпені 1989 года) ён быў госцем Саюза пісьменнікаў Беларусі, сустракаўся з народным пісьменнікам Беларусі Максімам Танкам. Сярод тых беларускіх паэтаў, чыя творчасць ужо прыцягнула Гу Юя як перакладчыка — Янка Купала, Максім Багдановіч, Цётка, Анатоль Сыс і інш. У дакладзе Гу Юя на «Каласавінах» распавёў пра тое, з якімі складанасцямі ён сутыкнуўся пры пераўвасабленні коласаўскіх вершаў на кітайскую мову.  

У Паднябеснай у Цяньцзінскім універсітэце існуе Цэнтр Якуба Коласа. Яго ўзначальвае ўніверсітэцкі выкладчык з Беларусі — кандыдат педагагічных навук Вольга Шахаб. Акрамя гэтага, яна займае пасаду дацэнта кафедры беларускай мовы Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў.  Вольга Васілеўна таксама паўдзельнічала ў канферэнцыі з дакладам «Выкарыстанне коласазнаўчай інфармацыі пры навучанні беларускай мове кітайскіх студэнтаў». Дарэчы, зусім нядаўна ў Цяньцзіне працавала выстаўка з Коласаўскага музея, прысвечаная 100-годдзю легендарнай паэмы «Новая зямля». 

У праграме трэцяй секцыі «Каласавін» — даклад кітаязнаўца, перакладчыка Веранікі Карлюкевіч «Кітайскі паэт, перакладчык, мастак Гаа Ман — аўтар каліграфічнага партрэта Якуба Коласа». Нагадаем, што Гаа Ман (1926 — 2017) — кітайскі перакладчык, пісьменнік, вучоны, мастак. Быў знаёмы з многімі дзеячамі савецкай літаратуры: Мікалаем Ціханавым, Барысам Васільевым, Чынгізам Айтматавым, Барысам Палявым і інш. У 1957 годзе ў якасці перакладчыка працаваў з Максімам Танкам падчас яго візіту ў Кітай. У 1958 годзе ў Пекіне выйшла ў перакладзе на кітайскую мову кніга вершаў М. Танка. Перакладчыкамі выступілі Гэ Баацюань і У Ланьхань (пад гэтым псеўданімам выступаў Гаа Ман). У Пекіне з Гаа Манам сустракаліся многія беларускія журналісты і перакладчыкі — Навум Гальпяровіч, Мікалай Літвінаў, Вольга Гальпяровіч, Вераніка Карлюкевіч, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і інш. Даследчыца ў сваім дакладзе звярнула ўвагу на тое, што Гаа Ман не аднойчы друкаваў рэпрадукцыі партрэта Якуба Коласа ў сваіх кнігах, на старонках перыядычных выданняў. А яшчэ Гаа Ман з’яўляецца аўтарам каліграфічных партрэтаў іншых беларускіх пісьменнікаў: Янкі Купалы, Максіма Танка, Васіля Быкава... 

І кітайская тэматыка «Каласавін» 2023 года, і выстаўка Коласаўскага музея ў Цяньцзінскім універсітэце падказваюць шырокі шлях да развіцця беларуска-кітайскіх стасункаў у вывучэнні класічнай літаратуры. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.