Вы тут

Права на праезд. Яго не заўсёды гарантуе нават куплены білет


Публікацыі з нарады ў Прэзідэнта па пасажырскіх перавозках я чытала з асаблівай цікавасцю — не толькі прафесійнай, але і ўласна чалавечай. Бо, маючы дом у вёсцы, з’яўляюся самым што ні ёсць актыўным карыстальнікам пасажырскага транспарту, прынамсі ў дачны сезон. Як, падазраю, і многія з тых, хто чытае гэтыя радкі. І тут нават наяўнасць або адсутнасць уласнага аўто не надта і вызначальная: на аўтобусе, маршрутцы або таксі ездзіў, і не аднойчы, думаю, кожны. І ў кожнага, я ўпэўнена, знойдзецца свая не вельмі пазітыўная гісторыя пра гэты самы транспарт. І многія, даведаўшыся, што на дзяржаўным узроўні ў гэтай сферы навядуць парадак, абсалютна шчыра скажуць: даўно пара!


Праўда, літаральна ўчора абмяркоўвалі гэту тэму са скептыкам (а такіх, што ва ўсім бачаць нейкі падвох, у нас таксама нямала). Пачалася наша размова не на пустым месцы: пачуўшы, што на выхадныя яшчэ збіраюся ехаць у вёску закрываць сезон, ён папярэдзіў: «Май на ўвазе, маршрутка ўжо каторы дзень не ходзіць». Вось табе на — а менавіта на ёй збіралася вяртацца ў горад. Зрэшты, асабліва не здзівілася гэтай навіне: калі ўжо ўзяліся наводзіць парадак, дык за гэты «прыватны рэйс» дакладна зачапіліся. І сам аўтобус бачыў лепшыя часы, і білеты на рукі атрымліваеш толькі зрэдку, і набіваецца ў выхадныя чалавек трыццаць (а сядзячых месцаў васямнаццаць). Аказалася, яшчэ мудрэй: вадзіцеля спынілі ў нецвярозым выглядзе пры перавозцы пасажыраў... Што характэрна, большасць вадзілелю спачувае: «Бедны хлопец папаўся, а такі ж харошы...» — і, канешне, наракае на тое, што маршруткі няма. Многія з навакольных вёсак на ёй на працу ў Мінск ездзілі і дадому вярталіся: па часе вельмі зручна.

Спытаецеся: а ці ходзяць аўтобусы? Ходзяць, і не адзін. Як мінімум двойчы ў дзень. Але на маршрутцы першае — хутчэй (трыццаць пяць хвілін супраць гадзіны з лішкам), другое — танней (чатыры пяцьдзясят супраць пяці. Розніца адчувальная, асабліва калі ездзіш кожны дзень). І гэтыя два паказчыкі ў звычайнага пасажыра перакрываюць не толькі такое эфемернае для яго паняцце, як дзяржаўны інтарэс у выглядзе недаплачаных падаткаў, але і ўласную бяспеку (калі кожны раз вывальваешся з набітай як селядцамі ў бочцы машыны і з палёгкай уздыхаеш: і гэтым разам пашанцавала даехаць...).

Таму я зноў жа не здзівілася, калі ад скептыка пачула: маўляў, простаму чалавеку ад гэтага навядзення парадку дакладна лягчэй не будзе. Адказала толькі: «Спытайся ў сваякоў тых пятнаццаці, якія загінулі ў маршрутцы пад Смалявічамі. Ці тых дваіх, што загінулі на рэйсе Мінск — Гродна некалькі гадоў назад». У апошнім выпадку вадзіцель проста не заўважыў бетоннай агароджы на ўчастку дарогі, якая рамантавалася, бо быў стомлены і ехаў з хуткасцю ўдвая большай, чым паказвалі знакі. Да таго ж ён 90 (!) разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і два разы быў пазбаўлены правоў усё за тое ж перавышэнне хуткасці... Сумняваюся, што з такім «паслужным спісам» яго б падпусцілі блізка да рэйсавага аўтобуса на дзяржаўным прадпрыемстве.

На мінулыя выхадныя едзіла ў Баранавічы. Таксама на маршрутцы: зноў жа зручней і хутчэй, чым па чыгунцы. Было нечаканасцю, ведаеце, што? Што вадзіцель папрасіў аплаціць паездку адразу і нават выдаў білет! Што тут нечаканага? Справа ў тым, што ў гэтага перавозчыка шмат гадоў (хто ездзіць на Баранавічы, не дадуць салгаць) зусім іншая была завядзёнка: паездку пасажыры аплачвалі, прыехаўшы на месца. Вядома, не атрымліваючы на рукі ніякага праязнога дакумента. Прычым за ўвесь час ні разу не даводзілася чуць, каб хтосьці, хоць адзін чалавек, абурыўся ці хаця б гэты самы білет папрасіў. Маўчала і я, хоць кожны раз цвяліла думка: а раптам аварыя? Я ж нават ніяк не дакажу, што ў той маршрутцы ехала. Але ўсе маўчаць — і я маўчу... Цяпер вось білеты даваць сталі — ну і добра, ну і спакайней будзе ехаць. Галоўнае — ехаць. Чым зручней, чым танней — тым лепш.

І вось гэта «чым» для простага пасажыра заўжды будзе галоўным вызначальным фактарам. І, наводзячы парадак з перавозкамі, кіруючыся інтарэсамі зноў жа простага пасажыра, найперш бяспекай, пра якую ён сам нярэдка забывае, варта памятаць і пра гэты фактар. Каб не атрымлівалася, як нядаўна на нашым маршруце. Рэйсавы аўтобус, той самы, які пяць рублёў, адпраўляецца з гарадской дыспетчарскай станцыі. Наступны прыпынак у яго — ля станцыі метро на выездзе з горада. Там ёсць прыгарадная каса, людзі купляюць білеты, чытай: права на паездку. У суботу раніцай на дачны маршрут (ну, вы разумееце) перавозчык (дзяржаўнае прадпрыемства) адпраўляе маленькі бус на 28 месцаў, якія запаўняюцца ўжо ад пачатку. Бус прыязджае на прыпынак ля метро, чалавек дваццаць — з білетамі — падыходзяць да яго, вадзіцель урачыста аб’яўляе, што стаячыя месцы ў яго аўтобусе не прадугледжаны, і, так і не адчыніўшы дзверы, едзе далей. Два дзясяткі чалавек з білетамі ў руках стаяць з разгубленым выразам на тварах. Наступны аўтобус, прынамсі, далёка, да нашай вёскі, — толькі ў тры гадзіны. Усе планы на выхадныя — сабаку пад хвост. Што сказалі тыя людзі пра дзяржаўнага перавозчыка, які паслаў на маршрут машыну такой умяшчальнасці, — здагадацца няцяжка. Некаторыя з іх, думаю, паспрабавалі-такі ўбіцца ў маршрутку, якая ішла следам. Тую самую, якая цяпер не ходзіць, бо вадзіцеля спынілі нецвярозым…

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.