Вы тут

«Янка Купала — гэта сустрэча з Беларуссю»


Навуковая каферэнцыя адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Дарэчы, мерапрыемства праходзіць тут у 14 раз і з’яўляецца брэндавым для ВНУ. Тэматыка і на гэты раз атрымалася даволі шырокай як падчас пленарнага пасяджэння, так і ў рабоце секцый. Размова ішла аб захаванні спадчыны вялікага паэта, яго сувязі з сучаснасцю, уплыве на нацыянальнае адраджэнне і сусветную літаратуру. Феномен Купалы адзначылі і замежныя ўдзельнікі канферэнцыі, у прыватнасці, навукоўцы з Кітая і Узбекістана. 


Традыцыйна Купалаўскія чытанні пачаліся песняй «Мая малітва» на вершы паэта, якую выканаў студэнт ГрДУ Іван Вайтовіч. Дарэчы, музыку да гэтага верша Янкі Купалы напісаў у 90-ыя гады кампазітар Алег Моўчан, а выканаў песню Уладзімір Мулявін. Трэба зазначыць, што спявак нярэдка казаў у сваіх інтэрв’ю, што менавіта Купала стаў яго любімым паэтам і дапамог адкрыць Беларусь. Таму і песен на яго вершы створана ансамблем «Песняры» больш за тры дзесятка.

З сярэдзіны 90-х гадоў, дарэчы, пачаўся адлік і Купалаўскіх чытанняў у Гродне. Арганізатары адзначылі, што многія навукоўцы, як кажуць, выраслі на іх. Грунтоўныя даклады, як правіла, складаюцца ў зборнікі, якімі выкладчыкі карыстаюцца ў рабоце са студэнтамі. Як паведаміла старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч, канферэнцыя ахоплівае шырокі спектр пытанняў. Матэрыялы па ёй выдаюцца зборнікам «Літаратурнае краязнаўства», але не толькі. Напрыклад, гродзенскія пісьменнікі сваё ўспрыманне Янкі Купалы і іншых класікаў беларускай літаратуры адлюстравалі ў рознажанравых творах, якія выйшлі летась асобным зборнікам і прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння паэта.

На думку гродзенскай пісьменніцы, Янка Купала аб’ядноўвае, згуртоўвае думаючых людзей многіх пакаленняў. А яго творчасць — гэта тая зорка, якая асвятляе літаратурны напрамак беларускіх пісьменнікаў.

Задача канферэнцыі, па словах арганізатараў, знайсці новыя штрыхі ў жыцці і творчасці Купалы, акрэсліць тыя моманты, якія раскрываюць яго як асобу і набліжаюць творчасць да сучасных рэалій. 

У канферэнцыі прыянлі ўдзел каля 50 даследчыкаў творчасці беларускага песняра. Значны ўнёсак у работу Купалаўскіх чытанняў зрабіў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Свае работы прадставілі старшыня Саюза пісьменнікаў Аляксандр Карлюкевіч, прадстаўнікі Гродзенскага аддзялення, сваё бачанне выказаў доктар філалагічных навук, загадчык цэнтра філасофіі, літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі НАН Беларусі Валерый Максімовіч. На яго думку, кожны форум дазваляе наблізіцца да асобы беларускага песняра, у даследваннях жыцця і творчасці якога яшчэ не пастаўлена кропка. 

Між тым, Купалаўскія чытанні даўно крочылі за межы рэспублікі і набылі міжнародны размах, дзякуючы камунікацыйным тэхналогіям. Як зазначыла рэктар ГрДУ імя Я. Купалы Ірына Кітурка, сёлета сярод удзельнікаў можна ўбачыць прадстаўнікоў Таджыкістана, КНР, Казахстана, Узбекістана, Расіі. Усе яны выказалі свае погляды на творчасць беларускага паэта. 
Напрыклад, прафесар кітайскага універсітэта Гу Юй паведаміў, што захапіўся перакладам вершаў Купалы з-за таго, што яны яго кранаюць «за жывое». Асабліва верш «А хто там ідзе?». Яго, дарэчы, перакладалі ў Кітаі не аднойчы. Прафесар лічыць, што гэты верш дапамог яму лепш зразумець беларусаў, іх права на годнае жыццё. Ён яшчэ раз прыгадаў словы Максіма Горкага, які назваў гэты верш гімнам беларусаў, суровай і красамоўнай песняй. 

Каб раскрыць асобу класіка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Я.Купалы Аліна Сабуць нагадала місію літаратуры, якая прызвана перабудаваць чалавека разумнага ў чалавека гуманнага. «Умець заставацца чалавекам у самых складаных умовах – гэта для Купалы было важна», — падкрэсліла Аліна Сабуць.

Асоба паэта, на яе думку, асабліва поўна раскрываецца ў эпісталярных мемуарах, якія не так даўно выйшлі з друку, у тым ліку, у Выдавецкім доме «Звязда». Гэта нарыс «Сустрэчы. Янка Купала» Льва Клейнбарта — аднаго з першых бібліёграфаў і даследчыкаў творчасці паэта. Дарэчы, пераклад на беларускую мову ажыццявіў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч.

Аліна Сабуць падчас канферэнцыі звярнула ўвагу на гэты салідны том невыпадкова. У выданні псіхалагічны партрэт паэта падаецца праз успаміны і дыялогі, суб’ектыўныя аўтарскія адступленні і ўражанні. Тэкст мяжуецца з ліставаннем, дзе раскрываецца постаць паэта, яго пачуцці і эмоцыі ў перыяд з 1910 года па 1929. 

— Як можна даведацца з выдання, крыніцай сваёй творчасці Купала называе беларускія народныя казкі. Так пісаў ён Клейнбарту: «Народная творчасць была першым настаўнікам, хутчэй натхняльнікам, абуджала творчую фантазію». А культ кнігі быў пачаткам пачаткаў, жыццевай крыніцай натхнення, пазнання свету і сябе у гэтым свеце, — акрэсліла важныя моманты купалаўскай творчасці Аліна Сабуць. 

Таксама яна звярнула ўвагу на пераймальнасць пакаленняў у даследванні творчасці паэта з боку сённяшніх студэнтаў-купалаўцаў, і, магчыма, гэта абумоўлена і удзелам у такіх канферэнцыях. Тым не менш, свае асабістыя адносіны да паэта яны выказалі ў даволі важкім зборніку «Песнярам Айчыны», які летась выйшаў у гродзенскім выдавецтве і прысвечаны 140-годдзю беларускіх класікаў — Купалы і Коласа. Студэнты не толькі выказалі свае ўражанні, але і прысвяцілі вершы беларускім класікам. У 2022 годзе выйшла ў свет яшчэ адно унікальнае выданне — гэта энцыклапедыя «Янка Купала». Такім чынам працягваецца папулярызацыя творчасці паэта і яго асобы. 

Вяртанне да Купалы, лічаць навукоўцы, важна яшчэ і з пункту гледжання беларускай мовы, якую сфарміравала класічная літаратура напачатку мінулага стагоддзя. На гэты конт таксама вядзецца нямала даследванняў. Навукоўцы называюць тры складнікі купалаўскай папулярнасці: ён пісаў для беларусаў, пісаў на роднай мове і пісаў проста. 

На думку дырэктара навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Я.Купалы, магістра філалагічных навук Мікалая Грынько, кожныя такія чытанні — гэта адкрыццё чагосьці новага, у тым ліку, у асабістым эмацыйным плане. 

—Купала сучасны заўсёды, ад першага зборніка «Жалейка» 1908 года да апошніх яго твораў. Гэта класіка, дзе ты бачыш пытанні, бачыш думкі, праблемы і іх вырашэнне. Беларусы зацікаўлены ў Купале. Што м хочам? «Людзьмі звацца» – ёміста адказвае на гэта пытанне Купала. Гэта актуальна, бо мы павінны паказаць усяму свету, што мы не горшыя. І толькі наша сціпласць не дае паказаць нам магутнасць беларуса, а на самой справе мы і там лепшыя, і там не горшыя, і там не апошнія, — упэўнены Мікалай Грынько.

Навуковец прыгадвае радок верша «Спадчына»: «Завецца спадчына мая ўсяго старонкай роднаю». На думку Мікалая Грынько, такі пасыл сёння асабліва актуальны. Гэтыя радкі даюць магчымасць зразумець, што мы жывём у Беларусі і для Беларусі.

— Купала — гэта Беларусь, і наша задача — зразумець сябе як чалавека, як грамадзяніна сваёй краіны, — лічыць удзельнік канферэнцыі. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.