Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Нам трэба мірнае жыццё напоўніць высокай якасцю»


Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстова. Па традыцыі ў гэты святы і радасны дзень Аляксандр Лукашэнка бывае ў храме. Сёлета Прэзідэнт наведаў царкву ў гонар Святога прарока Іаана Прадцечы Мінскай епархіі, якая знаходзіцца ў аграгарадку Шаршуны Мінскага раёна. Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у святочным богаслужэнні і запаліў свечку.


«Да гэтага мірнага, спакойнага, стваральнага жыцця нам трэба дадаць якасць». 

У кастрычніку 2020 года Прэзідэнт удзельнічаў у адкрыцці гэтага храма і, як заўважыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, асабіста клапаціўся аб тым, каб царква з’явілася ў гэтым месцы. 

«Калі мы з вамі адкрывалі гэты храм, пабудаваны, дарэчы, мусульманінам, падораны ім Царкве, вы тады запрасілі мяне наведаць гэты храм яшчэ раз, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — Вы ведаеце, у нас па краіне больш за дзве тысячы праваслаўных і каталіцкіх храмаў, мусульманскіх мячэцяў, іўдзейскіх намоленых месцаў, якія трэба было б наведаць, але я паабяцаў, таму прыехаў сёння да вас. Прыехаў, каб з гэтага светлага, добрага храма ад свайго імя павіншаваць усіх вас, усіх нашых беларусаў, нашых гасцей, усіх, хто мяне сёння пачуе, з самым добрым, светлым святам — Раством Хрыстовым». 

Прэзідэнт адзначыў, што часта кажа ў царкве аб тым, што ў нас ёсць як свецкія святы (Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці і іншыя), так і духоўныя: Раство Хрыстова, Пасха. «Яны прайшлі праз гады, яны ў нашых розумах, у нашых сэрцах, і, як паказаў час, вытравіць іх з нас немагчыма, бо яны вялікія», — падкрэсліў ён. 

Прэзідэнт адзначыў, што ўвогуле гэтыя гады (2020-ы, 2021-ы, 2022-і і 2023-і) былі няпростыя. «Але Гасподзь, напэўна, нас захоўваў і захоўвае: нам удалося мірна прайсці гэтыя гады, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — І тады, калі мы з вамі адкрывалі гэты храм, вы прасілі толькі аб адным (як быццам адчувалі, што гэта будуць складаныя гады) — каб на нашай зямлі быў мір. Усё астатняе мы здольныя сваім розумам, рукамі стварыць у нашай краіне. Так і адбылося. Пакуль. Дай Бог, каб і далей так было». 

Беларускі лідар звярнуў увагу, што з Года міру і стваральнай працы (па яго словах, без міру не можа быць стваральнай працы) мы пераходзім у Год якасці. «Нам трэба мірнае, спакойнае беларускае жыццё на гэтым маленькім астраўку, дзе мы сёння жывём, напоўніць высокай якасцю, зрабіць так, каб людзі былі задаволены, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Прачынаючыся раніцай і кладучы сваіх малых спаць увечары, каб людзі былі шчаслівыя, каб яны ганарыліся сваім жыццём. Вядома, фармальна скажу, але вы са мной пагодзіцеся: гэта ўсё залежыць толькі ад нас. Да гэтага мірнага, спакойнага, стваральнага жыцця нам трэба дадаць якасць, і ўсё будзе тады ў нас добра». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ад урада ён патрабуе клапаціцца пра эканоміку, усё астатняе бярэ на сябе кіраўнік дзяржавы. «Таму нам трэба прыкласці максімум намаганняў, каб мы маглі не проста вырабіць тавар (а эканоміка — гэта вырабіць і прадаць), але зрабіць гэта якасна, каб наш тавар купляўся — яшчэ лепш, чым сёння», — удакладніў ён. 

Прэзідэнт выказаў удзячнасць Мітрапаліту, усім свяшчэннаслужыцелям за дзеянні, якія яны здзяйсняюць у імя беларускага народа, нашай дзяржавы, царквы, у імя жыцця Беларусі. «Яны робяць вельмі вялікую справу, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Вядома, і ў гэты год ім прыйдзецца прыкласці нямала намаганняў для таго, каб Год якасці быў па-сапраўднаму якасным у кожным чалавеку. За тое, што нашы свяшчэннаслужыцелі робяць, яны заслугоўваюць павагі і ўдзячнасці».

«Нам трэба зрабіць усё, каб мы годна прайшлі, пражылі гэты год».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў гэтыя самыя складаныя ў яго жыцці часы, калі Прэзідэнт запатрабаваны ўсюды, ім сказана вельмі многае. Па яго словах, мы стаім на парозе змены пакаленняў. «Калі ўсё, што зроблена — дрэнна або добра (магчыма, не нам судзіць), нам не сёння – заўтра прыйдзецца перадаць падрастаючаму пакаленню — нашым з вамі дзецям, — падкрэсліў беларускі лідар. — Такое жыццё». 

Прэзідэнт папрасіў быць уважлівымі ў гэты няпросты год. Па яго словах, да будучых прэзідэнцкіх выбараў на нас будуць трэніравацца. «І нам трэба выстаяць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба звярнуць асаблівую ўвагу на моладзь, якая не бачыла складаных часоў: ні ў савецкі перыяд, ні пасля распаду Савецкага Саюза. Яны не перажылі тое, што перажыло сярэдняе і старэйшае пакаленне. Ім трэба аб гэтым расказаць, ім трэба паказаць, каб яны цанілі тое, што нажыта нашай працай. Нам трэба зрабіць усё, каб мы годна прайшлі, пражылі гэты год».

Падышоўшы да галоўнай падзеі — электаральнай кампаніі — кіраўнік дзяржавы адзначыў, што варта годна паказаць сябе. Па яго словах, беларускі народ, які нацярпеўся, напакутаваўся ў сваёй гісторыі, мае права жыць па ўласных законах, а таму павінен прадэманстраваць, што мы гаспадары на гэтай зямлі.

«Страцім вёску — страцім дзяржаву».

Будучы ў сельскім храме, Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму вёскі. «Вы бачыце, што ў гэтыя няпростыя часы, мы робім нямала для таго, каб захаваць вёску, — звярнуў увагу ён. — Я не буду называць дзяржавы постсавецкага перыяду (я іх ведаю добра, за гэтыя гады ўбачыў, пабываў), якія разбурылі вёску. У гэтых краін будучыні няма. Страцім вёску — страцім дзяржаву. Яе проста не будзе. Таму я вам абяцаю, як чалавек, які вырас у вёсцы, ведае жыццё сельскага чалавека, складанасці і цяжкасці, я зраблю ўсё, каб захаваць нашу вёску, каб вёска (яна сёння — карміліца нашых людзей, фундамент нашай дзяржавы) была моцнай, магутнай і квітнеючай. Гэта не значыць, што мы забудзем гарады (гэта прамысловасць, без яе не можа развівацца тая ж вёска), мы будзем рабіць усё, каб развіваць нашу эканоміку. У нас ёсць для гэтага ўсё, нягледзячы на складаныя часы».

Віншуючы прыхаджан, а таксама ўсіх беларусаў са светлым святам Раства Хрыстовага, Прэзідэнт у першую чаргу пажадаў ім здароўя. «Здароўя, здароўя і яшчэ раз здароўя! Усё астатняе, як я кажу, мы купім, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Не купім — іншым спосабам здабудзем. Мазгоў у нас хапае, людзей таксама хапае — добрых і працалюбівых». Таксама кіраўнік дзяржавы пажадаў здароўя дзецям, каб яны заўсёды былі ў радасць. 

Аляксандр Лукашэнка перадаў у падарунак храму Святога прарока Іаана Прадцечы ікону Божай Маці «Дзяржаўная». Ікона выраблена майстрамі іканапіснай майстэрні Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў традыцыйным для беларускай школы іканапісу стылі, ва ўнікальнай тэхніцы васковай тэмперы. 

У царкоўных летапісах захаваліся шматлікія сведчанні таго, як добрая сіла іконы Божай Маці «Дзяржаўная» змяняе жыцці людзей. Перш за ўсё да яе звяртаюцца тыя, хто пакутуе ад хвароб. Святыня дазваляе хутчэй пераадолець хваробу і справіцца з яе наступствамі. Акрамя таго, да аблічча Прачыстай Дзевы звяртаюцца хрысціяне, якія мараць знайсці вернага спадарожніка жыцця, стварыць моцную і шчаслівую сям’ю, абзавесціся дзецьмі. Прыхаджане просяць ад Дзяржаўнай іконы Божай Маці міру і спынення войн.

«Каб усё было якасна і ў духоўнай сферы»

У сваю чаргу, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падзякаваў Прэзідэнту за добрыя пажаданні. «Мы маем магчымасць цяпер толькі ў некаторай ступені спазнаць аб тых думах і перажываннях, якімі напоўнена душа Прэзідэнта і ў свята, і тым больш у будні, — адзначыў Уладыка. — Гэта перажыванні аб цяперашнім і будучым нашай краіны, аб жыцці грамадства і кожнага чалавека паасобку». 

Мітрапаліт нагадаў аб значэнні Раства Хрыстова, якое з’яўляецца найвялікшай падзеяй у жыцці ўсяго чалавецтва. «Гасподзь дае людзям, усяму чалавецтву, свае вялікія і багатыя міласці, — падкрэсліў Уладыка. — Ëн прыйшоў для выратавання роду чалавечага. Нам у Год якасці застаецца толькі звяртацца да гэтых дароў божых, прыкладаць, вядома, сваю працу, клапаціцца, каб усё было якасна не толькі на ўзроўні прамысловасці, а і ў духоўнай сферы, каб прыносіла добры плён». 

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падарыў кіраўніку дзяржавы ікону Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Ікона таксама створана ў іканапісных майстэрнях Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Свяціцель Мікалай Цудатворац з’яўляецца адным з найбольш шануемых святых. Прычым ён шануецца ўсімі хрысціянскімі канфесіямі, аб чым сведчыць вялікая колькасць храмаў, асвечаных у гонар Мікалая Цудатворцы. Свяціцеля Мікалая яшчэ пры жыцці празвалі Цудатворцам. Лічыцца, што і пасля смерці ён працягвае хадзіць па свеце і рабіць цуды. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.