Вы тут

Пра герояў і наадварот. Чаму хтосьці праходзіць міма, а хтосьці спыняецца


Тралейбус ужо адыходзіў ад прыпынку і раптам рэзка — аж паваліліся адзін на аднаго пасажыры і адарваліся «рогі» — затармазіў. Народ абурана зашумеў, і толькі тыя, што стаялі на задняй пляцоўцы і ўсё бачылі, залямантавалі: «Чалавек пад коламі!» Дзверы адчыніліся, усе кінуліся глядзець, што там нарабілася. На бардзюры, які аддзяляе праезную частку ад тратуара, каля задняга кола тралейбуса ляжаў мужчына. Пад колы ён не трапіў, проста паслізнуўся, даганяючы транспарт, і ўдарыўся галавой аб бардзюр. Паслізнуўся, па ўсім відаць, не проста так: пах спіртнога ад яго быў чуваць за некалькі метраў. Але ляжаў ён зусім як нежывы — выпрастаўшыся, як струна, на тым бардзюры, з акрываўленым тварам. Усе — а людзей на тым прыпынку было нямала — прыгаломшана стаялі, перашэптваліся, хтосьці набіраў нумар хуткай. Але ні адзін з прысутных не падышоў, не дакрануўся, не паспрабаваў дапамагчы.


Фота: pixabay.com

Была ў тым цікаўным натоўпе і ваша пакорная слуга. Адчувала сябе надзвычай паскудна, але, ну хоць забіце мяне, не магла сябе прымусіць наблізіцца да няшчаснага, каб хоць памацаць пульс на шыі. А раптам ён сапраўды мёртвы — ад адной гэтай думкі станавілася вусцішна. А яшчэ гэта мярзотнае, дробязнае: а чаму я павінна? Вунь колькі людзей вакол…

Гэта жанчына на прыпынку не стаяла. Яна проста праходзіла міма. Зацікаўлена глянула, з чаго такі тлум, і тут жа кінулася да чалавека, што ляжаў на бардзюры. Нагнулася над ім, не баючыся запэцкаць доўгае светлае паліто. «Жывы, — выгукнула. — Чаго пасталі? Мужчыны, перанясіце яго на лаўку!» Усе, бы адышоўшы ад здранцвення, кінуліся дапамагаць. Пацярпелага пасадзілі на прыпынку, хтосьці з жанчын стаў выціраць яму твар вільготнай сурвэткай, іншая кабета дастала з сумкі валідол. Ён расплюшчыў вочы, няўцямна паглядзеў вакол, страсянуў галавой, памкнуўся ісці. Некалькі клапатлівых рук утрымалі яго — ужо ніхто не баяўся дакранацца да п’янага, але — жывога. Пад’ехала хуткая, і нават зусім натуральна было, што тая жанчына ў светлым паліто села разам з ім у машыну, тлумачы ці то нам, разявакам, ці то самой сабе: «Трэба ж сваякам ягоным пазваніць...» «Пэўна, сама доктар», — вымавіў хтосьці з натоўпу, які ўжо пачаў радзець. Усе згодна з палёгкай уздыхнулі і разышліся па сваіх справах…

Тая жанчына падалася мне надзіва знаёмай. Праз некалькі хвілін дайшло: я бачу яе ледзь не кожны дзень, проста яна без верхняй вопраткі і ва ўніформе. Яна працуе ў невялікай краме праз дарогу. Заўжды ветлівая, усмешлівая, купляючы ў яе прысмакі, нярэдка перакідваюся з ёй парай слоў. Выходзіць, яна ніякі не ўрач. Звычайная прадаўшчыца. Чаму ж тады?.. Навошта ёй усё гэта?

А яна проста не можа інакш. Гэтаму не вучаць ні ў адной школе, ні ў адным універсітэце, і прафесія тут абсалютна ні пры чым. Як не мог інакш той брэсцкі таксіст, пра якога сёння напісалі ў многіх навінах. Яго заказчык папрасіў пад’ехаць на пэўны адрас, забраць пакунак і прывезці ў іншы раён горада. Таксісты не кур’еры, але падобныя заказы практыкуюцца, так што для яго гэта была звычайная работа. Але, прыехаўшы па перадачу, ён убачыў старую разгубленую жанчыну, якая аддала яму той пакунак. Да заказчыка ён яго не давёз: проста ў пэўны момант развярнуўся з паўдарогі і аддаў бабулі перадачу назад. Аказалася, у пакунку былі грошы — амаль дзве тысячы долараў, якія ў жанчыны выманілі махляры, каб нібыта выратаваць яе дачку ад адказнасці за ўчыненае ДТЗ. (Схема ўжо заезджаная, але, як ні дзіўна, людзі ўсё яшчэ на яе вядуцца.) Навошта тое было таму таксісту — вось у чым пытанне. Ехаў бы сабе і ехаў, перадаў бы той пакунак, атрымаў грошы за заказ. Што яму да той невядомай бабулі, да яе праблем?

Ён проста, як і тая прадаўшчыца, НЕАБЫЯКАВЫ. Якасць, прысутная яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад ці не кожнаму чалавеку, сёння, асабліва ў вялікіх гарадах, становіцца даволі рэдкай з’явай. Не, усе мы самі па сабе вельмі нават неблагія людзі, многія нават добрыя, чулыя, душэўныя. Са сваёй сям’ёй, са сваімі калегамі, са сваімі сябрамі і блізкімі. Але адгукацца на праблемы нейкіх зусім незнаёмых людзей... Дык іх, незнаёмых, вакол вунь колькі! На ўсіх не разарвешся. Да таго ж хай іншыя рэагуюць, чаму менавіта я? Іх таксама вакол шмат, хтосьці ды спыніцца, зверне ўвагу. Канешне, у кожным з нас яшчэ сядзіць наш вясковы продак, які нізавошта не прайшоў бы міма. Бо ўявіць апісаную ў пачатку сцэну ў вёсцы проста немагчыма, так проста не можа быць. Там і сёння нават самага лядашчага п’яніцу, які ўпаў па дарозе дадому, хтосьці абавязкова або клапатліва пакладзе на лаўку, або даставіць па месцы прызначэння... Дык вось гэтае вясковае «я» і цвеліць сумленне, і ад таго адчуваеш сам сябе надзвычай паскудна, бо не спыняешся, не падыходзіш, не рэагуеш. Але ж ганарлівы гараджанін бярэ верх — і ты не спыняешся, не падыходзіш, не рэагуеш... Ты ж не герой ніякі, звычайны чалавек — што з цябе ўзяць?

Памятаеце гісторыю, пра якую некалькі гадоў назад пісалі і расказвалі многія, — пра дзядулю дзесьці ў Заводскім раёне Мінска, які ледзь не памёр на люднай вуліцы. Дзядуля выйшаў у краму, на галалёдзе яго кіёк паехаў убок, стары паваліўся, а кіёк адскочыў — самому не дастаць. Без яго небарака падняцца не мог, таму пачаў прасіць дапамогі ў мінакоў, якіх у той час на вуліцы было нямала. Вы думаеце, хто-небудзь з іх дапамог? Усе толькі прыспешвалі хаду. І невядома, чым бы скончылася тая гісторыя, калі б не міліцэйскі патруль, які праязджаў міма. Хлопцы спынілі машыну, паднялі старога, выклікалі хуткую, пазванілі сваякам. Дзякуй богу, усё абышлося.

Так хочацца верыць, што тымі маладымі міліцыянерамі кіраваў не толькі службовы абавязак, а яшчэ штосьці, не менш важнае. Тое, што ўласцівае ўсім нам, але мы яго надзейна хаваем. Так надзейна, што самі і забываемся, што яно ў нас ёсць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.