Вы тут

Паўднёвы вецер прынясе нам майскае надвор’е


Так цёпла ў першы месяц вясны яшчэ ніколі не было, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Першую хвалю суперцяпла зацягне да нас ужо ў пятніцу. У гэты дзень надвор’е будуць вызначаць атмасферныя франты з Заходняй Еўропы, днём на заходнія раёны распаўсюдзіцца вобласць павышанага атмасфернага ціску. Воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы, днём месцамі магчымыя навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёвы, удзень з пераходам на заходні ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад 4 да 10 цяпла, максімальная днём 12–18 градусаў вышэй за нуль. Атмасферны ціск ноччу істотна не зменіцца, раніцай і днём будзе расці.

У суботу і нядзелю наша краіна апынецца пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску і цёплых паветраных мас, якія распаўсюджваюцца з паўднёвага захаду Еўропы, толькі 30 сакавіка ноччу па поўначы адаб’ецца ўплыў малаактыўнага фронту.

У суботу пераважна без ападкаў, толькі ўначы месцамі па поўначы краіны невялікія кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёва-заходні, паўднёвы ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу 1–7 цяпла, у паўднёва-заходніх раёнах да 9 градусаў, днём будзе ад 14 градусаў па поўначы да 23 цяпла па паўднёвым захадзе краіны.

У апошні дзень сакавіка пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер паўднёвы, паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра ўначы 4–11 цяпла, а ўдзень ад 18 да 25 градусаў.

Тым часам

«На Заходняй Дзвіне, у вярхоўях Дняпра і Сожа захоўваецца рост узроўняў вады. Рост узроўняў вады назіраецца на Заходняй Дзвіне каля гарадскога пасёлка Сураж і на ўчастку Ула — Полацк, Дняпры каля Магілёва, Сожы на ўчастку Крычаў — Слаўгарад з сутачнай інтэнсіўнасцю да 21 сантыметра. На астатнім працягу вышэйназваных рэк, а таксама на Віліі, Бярэзіне і Прыпяці назіраецца спад узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1-5 сантыметраў. На Прыпяці каля вёскі Чэрнічы і Петрыкава ўзроўні вады перавышаюць небяспечныя высокія адзнакі на два і 29 сантыметраў адпаведна», — расказалі ў Белгідрамеце.

Па даных МНС, адзначаюцца затапленні прыбярэжных тэрыторый у большасці раёнаў Гомельскай вобласці і ў асобных раёнах Магілёўскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. У найбліжэйшыя дні, паводле інфармацыі гідролагаў, на Заходняй Дзвіне, у вярхоўях Дняпра і Сожа рост узроўняў вады захаваецца, аднак інтэнсіўнасць яго паменшыцца, на астатніх рэках краіны будзе пераважаць спад.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.