Вы тут

Стаўка на карысныя выкапні


У нашай краіне выяўлена 12 тысяч радовішчаў карысных выкапняў, з іх 1300 падрыхтавана для прамысловай вытворчасці. Геолагаразведачныя работы для пошуку новых радовішчаў вядуцца ў Беларусі ўжо досыць даўно. Гэтая дзейнасць важная для павышэння эканамічнага патэнцыялу краіны, а таксама для папаўнення мінеральна-сыравіннай базы краіны.


Як вядома, асноўныя работы па павышэнні геалагічнай вывучанасці тэрыторыі, нарошчванні мінеральна-сыравіннай базы краіны, удасканаленні тэхналогій здабычы і перапрацоўкі сыравіны вядуцца па Дзяржаўнай праграме «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021–2025 гады. Пра перспектывы здабычы карысных выкапняў у нашай краіне расказала кансультант упраўлення па геалогіі Галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Марыя Шастак.

Калійныя солі выйшлі ў «плюс»

У параўнанні з цяжкім 2022 годам летась здабыча калійных соляў вырасла ажно на 70 %. Гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы паспяховаму развіццю лагістыкі нашых паставак мінеральных угнаенняў за мяжу. Вырасла здабыча пяску для шкла — на 15 %, будаўнічага каменя — на 13 % і абліцовачнага — на 1 %. Гэта дазваляе зніжаць імпарт мінеральнай сыравіны.

Беларускія геолагі летась пасля сейсмаразведачных работ знайшлі новыя запасы нафты. Па словах Марыі Шастак, пасля работ на нафтаперспектыўнай структуры «Жукоўская» забяспечаны прырост рэсурсаў нафты (па катэгорыі D0) у колькасці 457 тысяч тон.

Як паведамілі ў Навукова-вытворчым цэнтры па геалогіі (НВЦ), усяго на пачатак гэтага года ў Беларусі адкрыта і разведана 96 радовішчаў нафты. У 2023 годзе «чорнага золата» здабыта 1,877 мільёнаў тон, што значна больш, чым у папярэднія гады. У НВЦ па геалогіі падлічылі, што на бягучы момант рэшткавыя прамысловыя вымальныя запасы нафты складаюць 44,8 мільёна тон. Толькі з 2015 да 2023 года адкрыта 14 радовішчаў нафты.

Што датычыцца інвестпраектаў, можна адзначыць праект «Беларуснафты» ў Маларыцкім раёне па здабычы і перапрацоўцы пяску на радовішчы «Хаціслаўскае». Пясок будзе выкарыстоўвацца для гідраразрыву пласта і павышэння аддачы пры здабычы нафты«, — праінфармавала Марыя Шастак.

Па базальтах ходзім

Па словах кансультанта, летась завяршыліся пошукавыя работы па выяўленні радовішчаў базальтаў з глыбінёй залягання да 100 метраў у межах Пінскай і Іванаўскай плошчаў Брэсцкай вобласці. Выяўлены рэсурсы базальтаў у аб’ёме 648 мільёнаў тон.
Варта нагадаць, што летась ва ўзаемадзеянні з Мінбудархітэктуры, Нацыянальнай акадэміяй навук, тэхналагічнымі ўніверсітэтамі Мінпрыроды арганізавала мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэнне пераліку здабывальных відаў карысных выкапняў, якія максімальна скарачаюць імпарт.

У тым ліку ўдасканальваюцца тэхналогіі здабычы карысных выкапняў і распрацоўкі радовішчаў. Так, распараджэннем прэм’ер-міністра Беларусі ў мінулым годзе быў зацверджаны пералік перспектыўных радовішчаў. У іх лік увайшлі радовішчы кааліну «Сітніца», бентанітавых глін «Астражанскае», базальтаў «Навадворскае», баксіт-даўсанітавых руд «Заазернае».

«Што датычыцца радовішча «Навадворскае», летась завершана дэталёвая разведка, яно падрыхтавана да прамысловага асваення. Па выніках распрацаванага тэхніка-эканамічнага абгрунтавання пацверджана мэтазгоднасць ўключэння гэтага радовішча ў распрацоўку са стварэннем горнаабагачальнага камбіната (ГАКа) магутнасцю 250 тысяч тон у год. Паралельна са стварэннем камбіната плануецца стварэнне некалькіх вытворчасцяў па выпуску прадукцыі з базальтаў: мінералаватных пліт, базальтавага бесперапыннага валакна, а таксама элементаў добраўпарадкавання. Прапрацоўваецца пытанне аб вызначэнні арганізацыі-заказчыка па праектаванні дадзенага ГАКа», — расказала Марыя Шастак.

Яна адзначыла, што запуск поўнага цыкла вытворчасці (распрацоўка кар’ера, будаўніцтва яшчэ трох прадпрыемстваў) дазволіць цалкам замясціць імпарт базальту ў нашай краіне ў аб’ёме 75-80 тысяч тон у год і стварыць не менш чым 400 працоўных месцаў.

Мел, пясок і гліна

Летась завершана дэталёвая разведка пяску для вытворчасці сілікатных вырабаў на ўчастку радовішча «Слабада» ў Мінскім раёне. Там былі падлічаны яго запасы ў колькасці 7,2 мільёна тон. «Гэтыя запасы будуць рэзервовай сыравіннай базай для Мінскага камбіната сілікатных вырабаў, бо радовішча размяшчаецца досыць блізка», — адзначыла Марыя Шастак.

Паводле яе слоў, таксама выяўлены перспектыўныя ўчасткі мелу, які можа выкарыстоўвацца для вытворчасці цэменту, у радыусе 40 кіламетраў ад ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Гэтыя ўчасткі могуць быць рэзервовай сыравіннай базай на перспектыву для развіцця гэтага прадпрыемства.

Акрамя таго, праведзены работы да вывучэння радовішчаў пяску, які выкарыстоўваецца ў шкляной галіны. У асноўным радовішчы размешчаны паблізу ААТ «Гомельшкло» — філіяла Гомельскага ГАКа. Выяўлены найбольш перспектыўны ўчастак — радовішча «Усохскае».

Спецыялісты займаліся і ўдасканаленнем тэхналагічных рашэнняў у галіне здабычы і перапрацоўкі глін радовішча «Крупейскі сад» у Лоеўскім раёне. Яго распрацоўвае «Лоеўбудматэрыялы». Даследаванні пацвердзілі, што на глыбіні 6-8 метраў залягае пласт глін, якія прыдатныя для вытворчасці керамічных вырабаў. «На жаль, пласт залягае досыць глыбока. Рашэнне аб здабычы будзе прымаць кіраўніцтва прадпрыемства ва ўзаемадзеянні з Мінпрыроды, Гомельскім аблвыканкамам у залежнасці ад эканамічных паказчыкаў, запатрабаванасці і магчымасці здабычы глін», — дадала Марыя Шастак.

Таксама ў 2023 годзе даследавалі радовішча кааліну «Сітніца». Па даручэнні ўрада радовішча плануецца да ўводу ў распрацоўку ў 2024 годзе. Пачаліся і работы па даследаванні радовішча бентанітавых глін «Астражанскае», цяпер яны працягваюцца. «Да канца 2025 года па ўсіх радовішчах, названых у пераліку, будуць падрыхтаваны тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні мэтазгоднасці ўводу ў распрацоўку», — удакладніла прадстаўнік Мінпрыроды.

На думку Марыі Шастак, беларускія прадпрыемствы імкнуцца больш выкарыстоўваць айчынную сыравіну, павялічваць аб’ёмы яе здабычы, рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты. «Фіксуецца павелічэнне здабычы шкляных пяскоў, калійных соляў, будаўнічага і абліцовачнага каменя.

Планы на перспектыву

Сёння геолагі ў пошуку новых радовішчаў карысных выкапняў адкрываюць «усю табліцу Мендзялеева», але пытанне ў тым, што вялікую іх колькасць распрацоўваць эканамічна не выгадна.

Напрыклад, як расказаў начальнік аддзела геалогіі і мінералогіі крышталічнага падмурка філіяла «Інстытут геалогіі» НПЦ па геалогіі Алег Піскун, у краіне ёсць залежы берылію, які актыўна выкарыстоўваецца ў авіяцыйнай галіне і металургіі. Ёсць адкрытыя яшчэ ў часы СССР залежы іншых металічных руд, але размешчаны яны на глыбінях, якія не дазваляюць здабываць іх з прыбыткам. Ці, напрыклад, ёсць у нашых глыбінях рэдказямельныя металы, а таксама золата, плаціна, медзь і серабро. Толькі размешчаны яны на глыбіні 5-6 кіламетраў.

Але ёсць і тыя карысныя выкапні, здабыча якіх выгадная. Распараджэннем прэм’ер-міністра зацверджаны пералік радовішчаў карысных выкапняў, перспектыўных для новай распрацоўкі. «На 2024–2025 гады ў рамках дзяржпраграмы чакаецца прырост прагнозных рэсурсаў нафты ў колькасці 550 мільёнаў тон, пяску для вытворчасці шкла — 19 мільёнаў тон, гліны тугаплаўкай — 6,9 мільёна тон», — прывяла зацверджаныя планы прадстаўнік Мінпрыроды.

Інтэрактыўная карта мінеральна-сыравіннай базы

Таксама працягвалася геалагічнае карціраванне тэрыторыі краіны. «Такія працы спрыяюць павышэнню ўзроўню геалагічнай вывучанасці Беларусі і аблічбоўкі даных. Выпускаюцца карты новага пакалення. Геалагічнае карціраванне дазваляе сфарміраваць новае ўяўленне аб геалагічным будынку нашай краіны з улікам забудовы, змены ландшафту. Выкарыстанне гэтых карт будзе спрыяць больш дэталёвай прапрацоўцы далейшых даследаванняў, вывучэнню новых перспектыўных плошчаў», — звярнула ўвагу прадстаўнік Мінпрыроды. Усё гэта трэба, але...

Каб мець аператыўную, даступную і актуальную інфармацыю аб стане мінеральна-сыравіннай базы, у краіне па даручэнні ўрада і Мінпрыроды пачата распрацоўка інтэрактыўнай карты. Сёння сістэма праходзіць тэставую эксплуатацыю і да канца года будзе запушчана ў адкрытым доступе. Як адзначыла дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускі дзяржаўны цэнтр па геалогіі» Марына Васілюк, дадзеная сістэма дазволіць вырабляць выбарку па розных крытэрыях тых ці іншых участкаў нетраў, адлюстроўваць іх на картаграфічнай аснове і аўтаматычна фарміраваць аналітычныя даведкі аб стане выбраных аб’ектаў або аб стане мінеральна-сыравіннай базы абранага рэгіёна.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.