Вы тут

Пратэрмінаваная запазычанасць


На вясковай вуліцы ў гэты час — да пачатку агародна-дачнага сезона, ды яшчэ і ў «немагазінны» дзень — сустрэць чалавека вялікая рэдкасць. Празрыстая бадзёрая цішыня звініць на сонечных промнях. Толькі шпакі са свістам носяцца з дрэва на дрэва, абжываючы свае дамкі і выганяючы з іх няпрошаных гасцей — вераб'ёў, якія ўзнімаюць з гэтай нагоды пакрыўджаны істэрычны вэрхал...


А тут на табе — дзве машыны — адна з «будкай», другая з люлькай-пад'ёмнікам, чалавек пяць незнаёмых дзецюкоў у іх прыехалі. Спыніліся каля Андрэевай хаты, пачалі засяроджана корпацца з нейкім рыштункам. Тут і сам Андрэй на машыне прымчаў, размаўляюць, нешта вырашаюць... Карацей, у лакальным маштабе нашай «Мурлындзіі» (як пяшчотна завуць вёску зімой, ранняй вясной і позняй восенню — калі няма дачнікаў — яе нешматлікія пастаянныя жыхары) — сапраўдная падзея.

Аказалася, дзецюкі на машынах — электрыкі, прыехалі праводзіць Андрэю ў хату электрычнасць, якую за месяц да таго абрэзалі за няўплату. Адзіны спосаб так кардынальна пакараць неплацельшчыка ў вёсцы — гэта не шчоўкнуць нейкім выключальнікам, а літаральна абрэзаць провад, што ідзе ад слупа на вуліцы да застрэшка хаты. Што, уласна кажучы, і зрабілі. А цяпер вось, калі справа ўладжана, грошы заплачаны, прыехалі тыя ж людзі рабіць усё з дакладнасцю наадварот — правады чапляць.

Не, вы не падумайце, Андрэй — не п'яніца і не лайдак. З тым, як ён з сям'ёй апынуўся ў нашай вёсцы і як пасля з'ехаў, — увогуле асобная гісторыя. Яму гадоў пад пяцьдзясят, калі не больш, а жонка маладзенькая і дачушка зусім малая. З імі жыве яшчэ яго сын-падлетак ад першага шлюбу. Андрэй забраў яго ў першай жонкі пры разводзе, пакінуўшы ёй сталічную кватэру. У новай «палавінкі» пасяліцца не было дзе, вось яны, рафінаваныя гараджане, з немаўлём на руках апынуліся ў драўлянай не вельмі дагледжанай хаце, якую пасля смерці дзядзькі-бабыля яго далёкія сваякі паспяшаліся прадаць. Вёска глядзела на гэтых навасёлаў са скептычнай цікаўнасцю: ці надоўга іх хопіць? Высветлілася: не надоўга, на паўтара года. Зімой у хаце холадна, колькі ні палі ў той печы, вада і ўсе выгоды на дварэ, малому ў школу тры кіламетры хадзіць і ў класе там два чалавекі, бацьку на працу ездзіць штодня ў Мінск на машыне накладна, а тут яшчэ і краму зачынілі, аўталаўка два разы на тыдзень прыязджае... Карацей, вельмі хутка гэта сям'я стала «як усе нармальныя людзі» — перасялілася назад у горад, а хату пакінулі пад дачу.

За электрычнасць, з'ехаўшы ўвосень, яны заплаціць проста забыліся (з кім не бывае?). Служба энергазбыту пачакала колькі належыць — і правады абрэзала. Гаспадар, прыехаўшы, як пацяплела, праведаць сядзібу, проста стаў перад фактам: святла няма. Пачаў тэлефанаваць і даведаўся, што трапіў у ганебныя спісы неплацельшчыкаў. Тут табе і штраф, і пеня, і лішнія клопаты: давялося ў будны дзень імчаць у вёску з працы аднекуль з-пад Асіповічаў, бо гэта абрэзаць правады могуць і без гаспадара, а калі цягнуць наноў — хто ж без яго возьмецца? А калі дадаць яшчэ, па сутнасці, бессэнсоўную работу брыгады электрыкаў, якія ехалі з райцэнтра за дваццаць восем кіламетраў спачатку рэзаць, пасля вешаць тое, што адрэзалі, — увогуле нешта вельмі падобнае на тэатр абсурду атрымліваецца...

Зразумела, плаціць трэба. Зразумела, меры да злосных неплацельшчыкаў трэба прымаць самыя жорсткія. Зразумела, усё зроблена паводле закона. Але ёсць адно маленькае «але», у законе не прапісанае, — чалавечы фактар. Чаму б тым, хто кантралюе плацяжы на ўзроўні раёна, элементарна не нагадаць гаспадару аб няўплаце? Дапусцім, калі гаспадар — дачнік, яго дакладных кантактаў можна не знайсці (дапушчэнне, трэба сказаць, не вельмі пераканаўчае ў ХХІ стагоддзі). Але ж можна патэлефанаваць на мясцовае аддзяленне сувязі (паштальёны ў вёсцы, як правіла, усё пра ўсіх ведаюць), якое ўпаўнаважана плацяжы прымаць, і спытацца: а што там у вас за грамадзянін N, які ўжо каторы месяц не плаціць? Можа, здарылася што: захварэў ці памёр, не дай бог? Ці проста забыўся (з кім не бывае?). І толькі пераканаўшыся ў тым, што чалавек плаціць не хоча і не збіраецца, прымаць катэгарычныя меры (чытай: траціць дзяржаўныя грошы, бо выезд той жа брыгады электрыкаў са спецабсталяваннем на немалую адлегласць каштуе, я думаю, не капейкі).

Я сама летась у падобнай дурной сітуацыі апынулася. Забылася, што трэба штомесяц уносіць абаненцкую плату за мамін вясковы тэлефон, якім паўгода ніхто не карыстаецца. Цана пытання была — семдзесят тысяч старых рублёў, але справа ў сакавіку ўжо дайшла да суда аб пазбаўленні нумара. Прычым суд, я так разумею, меркаваўся быць завочным, без адказчыка, бо шукаць бесталковую гаспадыню, якая тых семдзесят тысяч завінавацілася, ніхто нават не спрабаваў. Пакуль справу ўладжвала, тэлефон ужо паспелі адключыць назусім і беззваротна, таму, калі непаразуменне было выпраўлена, спецыяльна з райцэнтра прыязджалі два майстры нумар падключаць. (Пра маральныя выдаткі гаспадароў і пра матэрыяльныя дзяржавы ад гэтага непаразумення прамаўчу, каб не паўтарацца).

Прычым робіцца падобнае, варта зазначыць, менавіта ў вёсках і мястэчках, дзе людзі, як ні парадаксальна, адно пра аднаго ўсё ведаюць. У безаблічным вялізным горадзе на чалавечыя стасункі спадзявання няма — працуе аўтаматыка: пра тое, што час заплаціць за тэлефон, табе паведаміць металічны голас, пра запазычанасць па квартплаце напішуць у СМС...

А там, куды падобныя даброты цывілізацыі яшчэ не дайшлі, усяго толькі і трэба — зняць тэлефонную трубку і пацікавіцца: што там за сітуацыя ў грамадзяніна N, ці здаровы, ці, можа, памёр, не дай бог. Але ж «зняць трубку і пацікавіцца» ні ў адным нарматыўна-прававым акце не напісана, а значыць, і рабіць гэта зусім не абавязкова — можна адразу выпісваць штраф, рахунак, павестку ў суд.

І ці варта здзіўляцца, што з выкананнем таго ж дэкрэта №3 на месцах такіх агароджаў нагарадзілі? Чалавечы фактар, спадарства, чалавечы фактар...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.