Вы тут

Валерый Малашка: На ўліку ў кабінетах у нарколагаў каля 7,7 тысячы чалавек


У Мінску прайшла чацвёртая міжведамасная каардынацыйная нарада па пытаннях удасканалення ўзаемадзеяння ў сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыкі і лячэння наркаманіі.


Як адзначыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, за апошнія некалькі гадоў шэраг дзяржаўных органаў і грамадзянская супольнасць прыкладалі максімум намаганняў для таго, каб стабілізаваць сітуацыю. І сёння можна казаць аб тым, што колькасць нарказлачынстваў і асоб, якія іх учынілі, значна зменшылася. Зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Але наркапагроза ў краіне застаецца надзённай праблемай. Міністэрства ўнутраных спраў на комплекснай, сур'ёзнай аснове ацэньвае ўсе выклікі і пагрозы, звязаныя з гэтай сітуацыяй.

— Што датычыцца дэкрыміналізацыі нарказлачынстваў у якой бы там ні было форме, то на сённяшні дзень гэта рабіць немэтазгодна і нават шкодна, — падкрэсліў Ігар Шуневіч. — І, на нашу думку, змяненняў у крымінальным заканадаўстве не патрабуецца. Сёння трэба весці гаворку аб удасканаленні аператыўна-вышуковай дзейнасці, пытанняў рэабілітацыі, рэсацыялізацыі і прафілактыкі.

Аналіз сітуацыі ў сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў сведчыць, што абстаноўка працягвае заставацца кантраляванай і досыць стабільнай. Тым не менш праблема не страчвае сваёй актуальнасці. Нягледзячы на наяўныя станоўчыя тэндэнцыі, можна канстатаваць недастатковую выніковасць прафілактыкі наркаманіі і нарказлачыннасці. Формы і метады некаторых мерапрыемстваў страчваюць эфектыўнасць, а часам даюць зваротны эфект, што прыводзіць да высокай ступені латэнтнай наркаманіі. Пра гэта, напрыклад, сведчыць істотная розніца паміж колькасцю афіцыйна зарэгістраваных наркаспажыўцоў і спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў, якія звярнуліся па дапамогу ў грамадскія арганізацыі.

У сваю чаргу, міністр аховы здароўя Валерый Малашка паведаміў:

— Колькасць наркаспажыўцоў застаецца досыць высокай. На ўліку ў кабінетах у нарколагаў застаецца каля 7,7 тысячы чалавек. Гэта тая праблема для грамадства, якую мы павінны вырашаць. І адна з сітуацый, якую мы будзем разглядаць, гэта тэма латэнтнага захворвання. Маюцца на ўвазе людзі, якія не стаяць на ўліку ў органах унутраных спраў або ў медыцынскіх установах. Мы павінны знайсці механізмы, якія дазволяць нам працаваць з гэтай катэгорыяй.

— Людзей стрымлівае ў звароце па медыцынскую дапамогу дастаткова жорсткае заканадаўства, — заўважыў Валерый Малашка. — З іншага боку, медыкі павінны працаваць з нарказалежнымі не арыентуючыся на сіндром, а бачыць праблемы канкрэтнага чалавека, медыцынскія і сацыяльныя. У гэтай частцы мы сёння актыўна змяняем як наркалагічную службу, так і работу спецыяльных кабінетаў метадонавай тэрапіі, дзе нарказалежным аказваюць дапамогу як урачы, так і сацыяльныя работнікі, псіхолагі і юрысты.

Для аказання практычнай дапамогі нарказалежным і сузалежным людзям створаны адзіны інфармацыйны рэсурс «РОMОGUT.BY». На ім акумулюецца ўся інфармацыя, неабходная для тых, хто сутыкнуўся з праблемай. Тут размешчаны пералік арганізацый, якія займаюцца лячэннем і рэабілітацыяй нарказалежных, і кантакты
ўсіх устаноў, што аказваюць сацыяльную дапамогу і паслугі па працаўладкаванні. Праект створаны па ініцыятыве МУС пры падтрымцы Упраўлення па наркотыках і злачыннасці ААН.

Акрамя таго, у рамках рэалізацыі праекта ў кастрычніку 2018 года на базе Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей афіцыйна пачаў сваю работу кол-цэнтр па аказанні дапамогі нарказалежным і іх сем'ям. Па нумары + 375 (017) 311-00-00 усе, хто пажадае, кругласутачна і без выхадных, могуць звяртацца да кваліфікаваных спецыялістаў з пытаннямі прафілактыкі і лячэння наркаманіі.

Сяргей КУЛАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.