Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» выйшаў на дзяжурства разам з патрульна-паставой службай


Вечар пятніцы — незвычайны час. Заканчваецца чарговы працоўны тыдзень, і пэўная частка грамадства адзначае гэтую падзею пры дапамозе моцных напояў. У тым ліку — і ў кампаніі дома. Час ідзе, пачынаецца ноч. Слова за слова, і гутарка можа перацячы ў сварку. Добрасумленным суседзям, якія таксама стаміліся за пяць дзён, слухаць скандал у кватэры побач не вельмі падабаецца. І пасля на выклік прыязджае міліцыя, каб суцішыць буяноў.


Такім здаваўся будучы рэйд увечары ў пятніцу па дарозе да Маскоўскага РУУС Мінска. На чарговую дванаццацігадзінную змену заступілі два дзяжурныя супрацоўнікі. Гэта міліцыянер-кіроўца патрульна-паставой службы прапаршчык міліцыі Дзмітрый Лысюк і камандзір аддзялення роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі старшы прапаршчык міліцыі Сяргей Шашко. Ім і належыць адпраўляцца па выкліках жыхароў Маскоўскага раёна ад сёмай вечара пятніцы да сёмай раніцы суботы.

— Чаго ў нас толькі не было! — згадваюць міліцыянеры. — І кацянят здымалі, і сабак адганялі. Пару разоў тэлефанавалі ў міліцыю са скаргай на... мух. Маўляў, яны гудуць і перашкаджаюць спаць. А аднойчы выклік ад 16-гадовай дзяўчыны завяршыўся прафілактычнай гутаркай з яе бацькамі. Мы адправіліся туды, думаючы, што там адбываецца вялікі скандал. Аказалася, што сястра выклікала міліцыю на малога брата з-за таго, што той... не хацеў аддаваць пульт ад тэлевізара. Давялося выклікаць на прафілактычную гутарку маці і тату, каб давесці ім, што малых трэба выхоўваць лепш.

Падчас дванаццацігадзіннай змены ў патрульна-паставой службы рэдка бывае менш за дзесяць выклікаў. Але, як запэўніваюць міліцыянеры, нейкай градацыі па днях няма. Сказаць, што ўвечары ў пятніцу тэлефон 102 ледзь не пераграваецца, а ў суботу, напрыклад, амаль увесь час маўчыць, — нельга.

Гісторыя з хэпі-эндам

І вось мы кіруемся ў квартал «хрушчовак» паблізу станцыі метро «Грушаўка». Мужчына прыехаў туды на таксі і паведаміў, што згубіў кашалёк.

Відавочна, што міліцыянеры выдатна ведаюць свой раён. Дзмітрый Лысюк упэўнена вядзе  службовы УАЗ па хітраспляценнях дваровых праездаў, не карыстаючыся ні картай, ні навігатарам. І вось, нарэшце, запаветная пяціпавярховая хрушчоўка. Але каля ўваходу ніхто нас не чакае. На шчасце, чалавек, які тэлефанаваў, пакінуў свае кантакты.

— Такое нячаста, але здараецца, — кажа Сяргей Шашко. — Бывае, што чалавек прыехаў дадому з чыгуначнага вакзала або аэрапорта і схамянуўся, што недзе пакінуў свае чамаданы. А вось, дарэчы, у пятніцу ўвечары і ў суботу раніцай мы сутыкаліся з тым, што колькасць паведамленняў пра забытыя рэчы ўзрастае. Тут жа ўсё проста: пасядзелі ўвечары ў бары, пасля паехалі дадому на тралейбусе, забылі недзе сумку. Як выйшлі і як дайшлі дахаты — не памятаюць. Раніцай наступнага дня прачынаюцца — а рэчаў і няма.

Тым часам да нас з пад'езда выходзіць мужчына гадоў пяцідзесяці. Кажа, што менавіта ён і выклікаў міліцыю.

— Вы толькі да пад'езда даехалі? — пытаецца Сяргей Шашко.

— Так.

— А можа, недзе на дарозе згубілі? Тут жа цёмна...

— Ды абышоў усё з ліхтаром, няма. Прагледзеў усю лесвічную клетку — таксама нічога няма. Я ж на пяты паверх прыходзіў.

— А калі ўбачылі, што кашалёк прапаў?

— Ды як у кватэру зайшоў.

— А як вы разлічваліся з таксістам?

— Ну... дастаў кашалёк з задняй кішэні, аддаў грошы, пасля палажыў назад. Прамахнуўся, відаць. Але дзе кашалёк? Я тэлефанаваў дыспетчару, ён звязаўся з кіроўцам. Той кажа, што ніякага кашалька ў машыне не было.

— Давайце зробім так: зараз мы падымемся з вамі, прагледзім усю лесвічную клетку, — кажа Дзмітрый Лысюк. — Тут на праездзе мы кашалька не бачым, на ходніку таксама. Калі не знойдзецца — давядзецца ехаць разам з намі ў РУУС.

Кашалёк так і не знаходзіцца. Па дарозе да ўпраўлення міліцыянеры раяць небараку як мага хутчэй заблакаваць картку, якая была ў кашальку.

...І якраз за некалькі хвілін да нашага прыезду ў дзяжурную частку РУУС прыйшоў 30-гадовы Аляксандр. З сабой ён прынёс кашалёк. Знайшоў ён яго акурат перад тым пад'ездам, куды прыязджаў на таксі наш папярэдні герой. Ён выходзіў з уласнага аўтамабіля і адчуў, што нешта трапіла пад нагу.

Міліцыянеры тут жа апытваюць мужчыну, які згубіў кашалёк, пра яго колер і тое, што там было.

— Ну... там была картка зялёнага колеру, 50 долараў і 100 рублёў. А сам кашалёк цёмна-карычневы.

Месца і «характарыстыкі» знаходкі супадаюць цалкам. Пакінуўшы асабістыя звесткі, людзі разыходзяцца.

— Вы крыху спазніліся, — усміхаюцца ў дзяжурнай часці, даведаўшыся пра маю мэту візіту. — Тут у нас пару гадзін таму быў незвычайны выпадак. Дзве дзяўчыны, якія здымаюць кожная па пакоі, не падзялілі, каму належыць пакет са смеццем. Яны перастаўлялі пакет да дзвярэй візаві па чарзе. У рэшце рэшт яны пабіліся і... напісалі адна на адну заявы, паколькі маюць цялесныя пашкоджанні.

Колькі каштуе таксі?

Другі выклік вымушае нас ехаць у самы цэнтр горада. Міліцыю выклікаў таксіст. Кажа, што пасажыр адмаўляецца плаціць па выстаўленым рахунку.

Прыехаўшы ў двор, мы бачым, як каля аднаго пад'езда стаяць чарнаскурыя мужчына і жанчына ва ўзросце за 50. З дапамогай электроннага перакладчыка яны тлумачаць, што прыляцелі з Лондана.

— Яны ўбачылі, што трансфер з Нацыянальнага аэрапорта ў Мінск каштуе 30 рублёў, — расказвае таксіст Уладзімір. — Але гэта справядліва для службы, якая працуе пры самім аэрапорце. Я ж — прыватнік. Я не буду даваць круг у сто кіламетраў з аэрапорта ў цэнтр Мінска за такія грошы. І запрасіў з іх 150 рублёў. Тым больш што я спадара загадзя папярэдзіў: кіламетр каштуе тры рублі. Усё па таксометры. У выніку мы тут гандлюемся ўжо больш за 40 хвілін. Англічанін сказаў — «трэба выклікаць паліцыю». Вось тут я з ім і пагадзіўся ўпершыню.

Міліцыянеры пытаюцца: ці ўсё так? Замежнік пацвярджае. Але кажа, што справядлівая цана, на яго думку, — 50 рублёў. Таксіст тут жа зноў пачынае спрачацца. Маўляў, невялікі дысконт ён зрабіць можа, але канчатковы кошт 50 рублёў — гэта ўжо замала.

— Праедзьце з намі ў аддзяленне, — кажа Сяргей Шашко. — Кожны з вас выкладзе пісьмова свае прэтэнзіі, і будзем пасля разбірацца, хто з вас правы, а хто не.

Англічанін крыху разважае, пасля выцягвае з кашалька яшчэ некалькі купюр і аддае таксісту. Кажа, што канфлікт уладжаны і нікуды ехаць не трэба. Такой жа думкі прытрымліваецца і таксіст.

Больш выклікаў у гэты вечар нам не дасталася. Нейкі ціхі выдаўся пятнічны вечар. Можа, яно і да лепшага...

Дзякуючы ўзніклай паўзе Сяргей Шашко і Дзмітрый Лысюк расказалі некалькі кур'ёзных гісторый, з якімі сутыкаліся падчас службы.

Нядаўна іх выклікалі ў буцік аднаго з гандлёвых цэнтраў раёна. Два хлопцы хацелі скрасці футра. Калі прадавец убачыў, што маладыя людзі выходзяць не ў той вопратцы, у якой заходзілі, ён узняў трывогу. Пасля аказалася, што ў пакінутай у прымерачнай старой куртцы засталіся пашпарт і мабільны тэлефон аднаго з іх. 

Узімку паступіў выклік, што на вуліцы Гурскага бегае... голы мужчына. У той час да нас завіталі маразы, і слупок тэрмометра знаходзіўся каля адзнакі ў 10 градусаў марозу. Прыязджаюць — так і ёсць, па вуліцы бегае чалавек у касцюме Адама. Ну што ж рабіць — пасадзілі яго ў машыну, ён крыху адагрэўся. Пасля пытаюць: што здарылася? Мужчына расказаў дзіўную гісторыю. Маўляў, яго запрасілі да сябе знаёмыя. Пілі, гулялі, пасля выйшлі на вуліцу пакурыць. Раптам адзін з іх нібыта сказаў: «Распранайся і бяжы». Што было далей — мужчына не памятаў. Затое згадаў нумар мабільнага тэлефона жонкі. Яна і прыехала пасярод ночы ў РУУС на таксі разам з сабраным наспех камплектам адзення.

А завершым наш аповед трагікамічным выпадкам. Неяк жыхары аднаго з дамоў набралі нумар 102 і паведамілі, што ў адной з кватэр адбываецца страшэнны скандал. Жанчына буяніць, лятае посуд. Дзверы ў кватэру зачынены не былі. Міліцыянеры зайшлі і ўбачылі, як жанчына стаіць у касцюме Евы і крычыць: «Вы мяне так проста не возьмеце!» Паспрабавалі ўзяць за руку — а жанчына выслізгвае, таму што намазалася крэмам. Давялося выклікаць брыгаду хуткай псіхіятрычнай дапамогі. Яна і злавіла жанчыну пры дапамозе коўдры.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Забыты кашалёк і спрэчка з таксістам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.