Вы тут

«Сучасны міліцыянер — вельмі творчы чалавек»


Як мы памятаем, Шэрлак Холмс любіў граць на скрыпцы ў вольны час. Тым самым ён знаходзіў сябе не толькі ў сферы раскрыцця злачынстваў, але і ў творчасці. Гэтым шляхам ідуць і сучасныя міліцыянеры. Але як гэта адбываецца? Пра культурнае жыццё беларускіх органаў унутраных спраў — наша гутарка з начальнікам цэнтра культурна-выхаваўчай работы МУС маёрам міліцыі Антонам Санкевічам.


— Сваю гісторыю мы адлічваем з 15 лістапада 1920 года. Менавіта тады была створана культурная камісія міліцыі БССР. У архівах захаваліся пратаколы нарад, на якіх прымалася рашэнне аб адкрыцці клубаў. Цікава, што хоць у тыя часы Мінск быў па насельніцтве амаль на два парадкі меншы, чым цяпер, але менавіта тады ў нашым горадзе былі адкрыты ажно два клубы міліцыі. Сучасны ж цэнтр культурна-выхаваўчай работы быў створаны ў 2009 годзе пасля шэрагу рэарганізацый.

І гэта не проста будынак, дзе адбываецца пэўны творчы працэс або дэманстрацыя яго выніку. Наша місія ў тым, каб паспрыяць супрацоўнікам, якія не маюць дастатковай колькасці вольнага часу, развіць у сабе культурны пачатак, а таксама дапамагчы ім далучыцца да самастойнага вывучэння дзяржаўных і сусветных здабыткаў у гэтай сферы.

Адзін з кірункаў дзейнасці цэнтра шырока вядомы і па-за межамі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта музей ведамства, дзе сабрана мноства цікавых экспанатаў.

— Нядаўна мы стварылі анлайн-экскурсіі па нашым музеі. А зараз рыхтуем 3D-тур. Таксама пашыраем магчымасці аўдыягіда. Пакуль што ён працуе на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Зараз запісваецца гукавое суправаджэнне на кітайскай. А за гэты год мяркуем дадаць да яго яшчэ тры мовы — нямецкую, французскую і іспанскую. Справа ў тым, што нас наведвае вельмі шмат замежных гасцей, у тым ліку ў складзе дэлегацый.

Але галоўнае рэчышча працы цэнтра палягае ў правядзенні разнастайных сацыякультурных мерапрыемстваў. Гэта ўся работа, якая датычыцца святкавання памятных і дзяржаўных дат, дзён стварэння падраздзяленняў ведамства. А менавіта — пачынаючы ад распрацоўкі сцэнарнага плана, усіх нюансаў правядзення і заканчваючы практычнай часткай яго ўвасаблення.

— Наколькі папулярная самадзейнасць у беларускай міліцыі?

— Так павялося, што чалавек у пагонах нярэдка асацыюецца выключна са спецыялістам, які мае нейкі інструментарый і спецыфічную колькасць навыкаў, дастатковых для раскрыцця злачынства і аховы грамадскага парадку. Але насамрэч міліцыянер — адна з самых творчых прафесій. Раскрыць складанае злачынства без творчых здольнасцяў практычна немагчыма. І нас вельмі радуе, калі яны развіваюцца праз сцэнічнае ўвасабленне. Напрыклад, у вакальным жанры ці ігранні на музычных інструментах. І творчы патэнцыял у нашых міліцыянераў сапраўды велізарны. Мы пастаянна ў гэтым пераконваемся, калі праводзім конкурсы майстэрства, тыя ж гала-канцэрты.

У складзе Міністэрства ўнутраных спраў зараз дзейнічаюць тры заслужаныя калектывы. Адзін з іх — духавы аркестр ГУУС Мінгарвыканкама. Два іншыя маюць дачыненне да ўнутраных войскаў — узорна-паказальны аркестр і ансамбль песні і танца.

Творчыя конкурсы мы ладзім для таго, каб чалавек пераадолеў псіхалагічны бар'ер перад сцэнай. Бывае так, што хтосьці добра іграе для родных і блізкіх на гітары, а вось каб выйсці з тым жа рэпертуарам перад незнаёмымі людзьмі... Для таго мы самі выязджаем на месцы і адбіраем будучых канкурсантаў.

— Каго б вы маглі назваць сярод персаналій?

— У Гомелі працуе оперупаўнаважаны, які жыве на вёсцы. Ён уласнаручна аднавіў некалькі старадаўніх гармонікаў. Разам з пажылымі людзьмі, якія там жывуць, ён рэканструюе аўтэнтычныя абрады. Сумесна з жонкай яны ткуць вопратку на старых кроснах. Можна згадаць оперупаўнаважанага з Магілёва. Калі ён яшчэ вучыўся ў інстытуце МУС, то ўдзельнічаў у шматлікіх творчых конкурсах, а неўзабаве будзе спяваць на святочным канцэрце. Таксама ў нас ёсць супрацоўнік, які вельмі прыгожа малюе. Напрыклад, ён уласнаручна аздобіў каляндар на 2021 год народнымі матывамі. Увогуле, для мяне сучасны міліцыянер выглядае як эстэтычна падкаваны, начытаны чалавек, які разбіраецца ў асноўных тэндэнцыях мастацтва, кваліфікаваны і адданы Айчыне.

Летась Аляксандр Аўраменка, саліст ансамбля песні і танца, быў ганараваны медалём Францыска Скарыны. А начальнік бюро пашпартызацыі насельцнітва УУС Магілёўскага аблвыканкама Віталь Астанковіч самастойна стварыў музычны дыск «Сцежкі кахання», на які змешчаны музычныя кампазіцыі на вершы беларускіх паэтаў ва ўласным выкананні.

Ёсць сярод нас і людзі, якія авалодалі жанглёрскім майстэрствам. Некаторыя супрацоўнікі шчыруюць на ніве дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У музеях абласных падраздзяленняў і ГУУС Мінгарвыканкама пастаянна ладзяцца выстаўкі нашых супрацоўнікаў. Таксама сярод міліцыянераў шмат людзей, якія спрабуюць сябе ў прозе, паэзіі. У нас вялікая колькасць аўтараў, як сярод ветэранаў, так і дзейных супрацоўнікаў. Спецыфіка нашай працы ў тым, што цікавая фактура набярэцца заўжды. А да 100-годдзя беларускай міліцыі мы выпусцілі альманах, у якім сабралі найлепшыя творы.

Апрача таго, сябруем з вядучымі тэатральнымі ўстановамі, мастацкімі калектывамі, рэжысёрамі, перыядычна запрашаем іх на нашы вучэбна-метадычныя зборы і прыязджаем самі да іх.

— Калі супрацоўнік міліцыі выходзіць на пенсію, ён працягвае займацца твор-часцю?

— Так, у нас вельмі трывалыя сувязі з ветэранскай арганізацыяй. Канешне, самы вядомы ў краіне міліцыянер, які з'яўляецца аўтарам шматлікіх цікавых кніг, — гэта кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Мы з ім вельмі актыўна супрацоўнічаем па многіх кірунках. Можна таксама згадаць Канстанціна Цыбульскага. Ён ветэран органаў унутраных спраў, зараз працуе ў Дэпартаменце аховы вольнанаёмным супрацоўнікам. А па-за рамкамі службы ён — паэт, які да таго ж спявае песні на ўласныя творы. У яго выйшла некалькі зборнікаў паэтычных твораў, ён член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Паэт Мікалай Оськін пэўны час служыў у чарнобыльскай зоне. Вярнуўшыся адтуль, ён пачаў пісаць пра ўбачанае.

— Ці заканчвалі міліцыянеры, якія шчыруюць на ніве творчасці, адпаведныя навучальныя ўстановы?

— Так, у нашых шэрагах ёсць супрацоўнікі, якія спачатку асвойвалі творчыя спецыяльнасці, але з розных прычын пайшлі служыць менавіта ў міліцыю. А ёсць і аматары, самавукі, якія вырошчвалі свой талент доўгія гады ў вольны ад службы час і дасягнулі неблагіх поспехаў.

Таму ўсё, што трэба для творчасці, у нас ёсць. Галоўнае — мець жаданне!

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота МУС

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.