Вы тут

З чым ідуць на рэферэндум грамадскія назіральнікі


«Нашы назіральнікі будуць працаваць на кожным участку», — заявіў нядаўна старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда на пленуме Савета Мінскага гарадскога аб'яднання прафсаюзаў. А крыху раней, у канцы студзеня, Федэрацыя прафсаюзаў сумесна з іншымі грамадскімі аб'яднаннямі прынялі дэкларацыю ў падтрымку рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю і аб'явілі аб грамадскай ініцыятыве «Мы разам — за Беларусь!». Прафактыў і прадстаўнікі маладзёжнай, жаночай, ветэранскай арганізацый, «Белай Русі» сталіцы аднагалосна падтрымалі гэтыя ініцыятывы.


«Аб'ектыўнае інфармаванне людзей аб маючым адбыцца рэферэндуме, тлумачэнне прапанаваных норм па змяненні Канстытуцыі і шырокае назіранне за галасаваннем па ўсёй краіне — галоўныя кірункі нашай сумеснай з грамадскімі аб'яднаннямі работы, — падкрэсліў Міхаіл Орда. — Нашы назіральнікі (ад прафсаюзаў, БРСМ, «Белай Русі», Саюза жанчын, ветэранскай арганізацыі і іншых грамадскіх аб'яднанняў) будуць працаваць на кожным участку. Ужо сёння ў многіх рэгіёнах яны ў ліку першых акрэдытаваны для правядзення назірання. У выніку ў нас будзе абсалютна поўная і дакладная інфармацыя аб ходзе галасавання. Мы працуем адкрыта і галосна і будзем аператыўна інфармаваць грамадства аб тым, як праходзіць рэферэндум. Каб была аб'ектыўная інфармацыя аб гэтай найважнейшай падзеі і ніхто не маніпуляваў праз укідванні і фэйкі свядомасцю людзей».

Аб тым, з якім настроем ідуць працаваць на рэферэндуме назіральнікі, мы запыталіся ў іх саміх


Лідзія Валошка будзе назіральнікам на выбарчым участку вёскі Лінова Пружанскага раёна, назіраць за рэферэндумам вылучана райкамам прафсаюзаў работнікаў АПК:

— Разумею сваю адказнасць за працэс правядзення рэферэндуму, — гаворыць Лідзія Анатольеўна. — Нашы людзі гатовыя прыняць удзел у найважнейшай палітычнай кампаніі. Асабліва калі размаўляеш з вясковымі жыхарамі старэйшага пакалення, яны аднадушна выказваюцца, што галоўнае ў краіне на сёння — захаваць мір і спакой. Астатняе можна здабыць сваёй працай. І гэта яскрава прасочваецца на прыкладзе нашай вёскі, якая цяпер называецца аграгарадком. Я працую загадчыцай склада ў ААТ «Ліноўскае». Прыйшла сюды 42 гады таму маладым спецыялістам і адпрацавала ўвесь час у сельскай гаспадарцы. На маіх вачах сельгаспрадпрыемства набірала моц, паступова раслі ўраджаі, надоі, прывагі. Адначасова будавалася жыллё для працаўнікоў. Наша гаспадарка цяпер — гэта калектыў у 170 чалавек, для якіх найважнейшымі фактарамі з'яўляюцца зарплата, сацпакет, дабрабыт сем'яў.

У вёсцы функцыянуе і паспяхова развіваецца яшчэ адно прадпрыемства сістэмы АПК — Аранчыцкая птушкафабрыка. Там таксама даволі вялікі калектыў. Наколькі мне вядома, людзі атрымліваюць прыстойную зарплату, пастаянна вядзецца мадэрнізацыя і паляпшаецца вытворчасць.

У нас самы лепшы ў раёне дзіцячы садок, сюды ездзяць пераймаць вопыт з іншых устаноў адукацыі. Ёсць цудоўны Дом культуры, школа. Даволі развітая інфраструктура гандлю і бытавога абслугоўвання. Пакрысе развіваецца прыватны бізнес. Што паказальна, маладыя людзі бяруць участкі ў вёсцы і будуюць жыллё. Усё гэта важна, і трэба не страціць таго, што напрацоўвалася гадамі, а падтрымліваць і развіваць далей. Вось з такім настроем мы і падыходзім да рэферэндуму. Аб гэтым гаварылася, калі на сустрэчу з нашым калектывам прыязджаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Ляўчук.

Гутаркі праходзілі ў канструктыўным рэчышчы. Гаварылі аб надзённым, большасць членаў калектыву выказаліся за тое, што неабходна прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

Толькі аднойчы ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі, гадоў дзесяць таму, — працягвае Лідзія Анатольеўна, — таксама ў якасці назіральніка. Цяпер маю намер прысутнічаць на ўчастку не толькі ў асноўны дзень галасавання, але і ў папярэднія дні. Законнасць і парадак павінны быць і ў дні датэрміновага галасавання.


Дар'я Міхалкоўская, педагог гімназіі № 10 г. Гомеля, будзе назіральнікам Цэнтральнай раённай камісіі ў абласным цэнтры:

— Упершыню бяру ўдзел у якасці назіральніка падчас правядзення галасавання. У якасці назіральніка вылучана ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Прымала актыўны ўдзел у дыялогавых пляцоўках па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі як на ўзроўні горада, так і вобласці і рэспублікі. Настрой на работу бадзёры. Рыхтую сябе да таго, каб спакойна, упэўнена, уважліва падысці да выканання сваёй задачы. Не сумняваюся, што ўсё пройдзе годна, з захаваннем усіх норм заканадаўства. У мяне няма асцярогі, што ў сваёй працы падчас правядзення галасавання магу сутыкнуцца з правакацыямі ці негатыўным стаўленнем да сваёй асобы. Для мяне асабіста ўдзел у рэферэндуме не толькі як чалавека, які пакіне свой голас, але і як назіральніка — вельмі адказна, бо ўсведамляю, якую місію мне даверылі. Думаю, што і як чалавек, грамадзянін, як спецыяліст у сваёй галіне пасля вопыту работы назіральнікам буду ўжо крыху іншай. Яшчэ хочацца сказаць, што для маладых людзей такі досвед важны, каб потым падзяліцца ім з аднагодкамі, стаць больш упэўненым у абгрунтаванні сваёй грамадзянскай пазіцыі.


Артур Селязнёў, загадчык архіва бабруйскага ААТ «Славянка», назіральнік участковай камісіі Ленінскага раёна Бабруйска:

— У якасці назіральніка выступаю не ўпершыню, ужо ёсць пэўны вопыт. Сутнасць місіі ў тым, каб адсочваць захаванне законнасці з абодвух бакоў — і камісіі, і тых, хто прыйшоў галасаваць. На жаль, не заўсёды бывае спакойна, 2020 год таму прыклад. Прыйшлося мець справу з несвядомымі грамадзянамі, якія знаходзіліся пад уплывам апазіцыйных структур і правакавалі дзейнасць выбарчай камісіі практычна на ўсіх участках. Для назіральніка галоўнае — праяўляць карэктнасць і тактоўнасць, бо самы галоўны на выбарчым участку — старшыня камісіі. Наша справа — не ўмешвацца, а толькі назіраць. А калі нешта пайшло не так, своечасова папярэдзіць яго. Здараюцца розныя сітуацыі: старшыня і члены камісіі могуць чагосьці не ўбачыць або сутыкнуцца з непрадказальнымі паводзінамі грамадзян. У мінулую выбарчую кампанію быў выпадак, калі чалавек у п'яным запале некалькі разоў станавіўся ў чаргу па бюлетэні. Было відаць, што ён спецыяльна распальвае атмасферу. Член камісіі папярэдзіла, што ён ужо прагаласаваў і павінен пакінуць тэрыторыю ўчастка. Той жа ёй пярэчыў, даказваючы адваротнае. Прыйшлося ўмяшацца і яшчэ раз нагадаць, што ён сваё права ўжо выкарыстаў.

Ведаю, што да некаторых назіральнікаў паступалі пагрозы, але мяне асабіста ніхто не запужваў. Я ў Бабруйску з'яўляюся старшынёй Саюза дэсантнікаў, сваю пазіцыю ніколі не хаваю — адкрыта выступаю за незалежнасць нашай дзяржавы і яе росквіт, за прыстойнасць і законнасць, за мірную будучыню нашых дзяцей. Закон адзіны для ўсіх, незалежна ад чыноў і званняў. Сёння я назіраю, што людзі настроены прыйсці на рэферэндум і прагаласаваць за сваю будучыню. Пасля тых негатыўных падзей, з якімі мы сутыкнуліся, усім хочацца міру і стабільнасці. Мы ведаем вопыт іншых краін, той жа Украіны, Сірыі, у справы якіх умешваюцца сілы звонку, сеюць непакой, нянавісць, правакуюць да канфліктаў. Таму нашы людзі поўныя рашучасці прагаласаваць за тыя дапаўненні і змяненні, якія ўнесены ў Асноўны Закон. Бо гэта гарант будучага мірнага жыцця нас і нашых дзяцей.


Ніна Тавостава, супрацоўнік Будаўнічага трэста № 20 г. Светлагорска, назіральнік участковай камісіі ўчастка для галасавання № 31 г. Светлагорска:

— У якасці назіральніка падчас правядзення рэферэндуму вылучана ад Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. У мяне ўжо ёсць вопыт такой работы. Таксама неаднойчы калектыў вылучаў быць членам участковай выбарчай камісіі і падчас выбараў Прэзідэнта, і на выбарах дэпутатаў. Рада, што атрымала акрэдытацыю ў якасці назіральніка. Зараз мы складаем графік дзяжурстваў падчас датэрміновага галасавання. Непасрэдна ў дзень правядзення рэферэндуму буду працаваць ужо з самага адкрыцця выбарчага ўчастка і да таго часу, пакуль не будзе скончаны падлік галасоў. У сваёй рабоце ў якасці назіральніка настройваюся на тое, каб уважліва сачыць за ходам выбарчага працэсу, але не перашкаждаць рабоце членаў выбарчай камісіі. Падчас работы ў складзе ўчастковай камісіі на Прэзідэнцкіх выбарах сутыкалася з фактамі, калі людзі спрабавалі некалькі разоў прагаласаваць на ўчастках. Але мы ўважліва сачылі за гэтым, правяралі, ці прагаласаваў чалавек на сваім участку па месцы рэгістрацыі, і ўсё прайшло дастаткова спакойна. Цяпер у якасці назіральніка я таксама буду звяртаць увагу на такія факты, сачыць за тым, як арганізаваны працэс. У свой адрас чакаю толькі добразычлівага стаўлення. Магу сказаць, што ў маім калектыве будаўнікоў усе традыцыйна досыць актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх выбарчых кампаніях, імкнуцца аддаць свой голас яшчэ на датэрміновым галасаванні.

За­пі­са­лі Нэ­лі ЗІ­ГУ­ЛЯ

На­тал­ля КАП­РЫ­ЛЕН­КА

Свят­ла­на ЯС­КЕ­ВІЧ

Фота і інфаграфіка: БелТА


Поўны тэкст Канстытуцыі чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.