Па словах загадчыцы Навасёлкаўскага філіяла Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Наталлі Стасюкевіч, майстар-класы праводзяцца амаль штодзень. Асаблівы ажыятаж назіраецца напярэдадні Вялікадня. Бо велікодныя караваі такія ж вядомыя, як і вясельныя. Аб гэтым гавораць і іх назвы: «Пасха», «Крыжык», «Мазурка», «Пляцёнка» – такія пірагі прызначаецца для частавання валачобнікаў. «Бабкіны пірагі» аздоблены фігуркамі звяроў, іх выпякаюць, каб частаваць дзяцей.
Але дзеці і самі жадаюць паспрабаваць сябе ў гэтай справе. І такая магчымасць ёсць. Для гэтага трэба дамовіцца з этнагасцёўняй, якая знаходзіцца ў вёсцы Навасёлкі Слонімскага раёна. Мясцовыя школьнікі ўсё актыўней наведваюць гэты цікавы куток.
— Мы праводзім анімацыйныя праграмы для розных катэгорый дзяцей. Гэта экскурсія па этнагасцёўні, расказ аб гісторыі паўлаўскіх караваяў. Расказваем пра інвентар, у тым ліку, звязаны з печкай. Праводзім старажытныя гульні і конкурсы. Потым праходзіць сам майстар-клас па вырабе каравайных нарыхтовак, мы іх называем «шышкі». Дзеці з задавальненнем робяць і ружы, і васількі, і птушкі. Потым усе яны кладуцца на бляху і ставяцца ў печ. Пасля выпякання кожны можа забраць з сабой сваё печыва, а дзеці частуюцца гарбатай з паўлаўскімі караваямі, — распавяла Наталля Стасюкевіч.
Такія майстар-класы вельмі папулярныя сярод вучняў, у тым ліку, малодшых школьнікаў. Гэтым разам у аграгарадок Навасёлкі прыехалі трэццякласнікі Слонімскай сярэдняй школы № 5.
Усе ўдзельнікі майстар-класа атрымліваюць па кавалачку цеста. Яго майстрыхі рыхтуюць літаральна за некалькі гадзін да прыезду вучняў. Яно, у адрозненні ад саміх караваяў, проста здобнае, без дражджэй. Гэта свайго роду нарыхтоўкі для будучых караваяў — елачкі, лісцікі, падкоўкі, птушкі, каласкі, ружачкі, васількі... Яны ўпрыгожваюць потым самі караваі. Такія нарыхтоўкі выпякаюцца ў першую чаргу. Слонімскія вучні пад кіраўніцтвам гаспадыні этнагасцёўні якраз і збіраюцца іх рабіць.
— Дзеці вельмі стараюцца, — кажа Наталля Міхайлаўна. — Калі не вельмі атрымаецца, можна цеста змяць і зрабіць лепш, нашы гаспадыні — памочніцы падкажуць, як правільна «ляпіць» цеста. Усе імкнуцца зрабіць як мага прыгажэй, бо свае вырабы дзеці забіраюць з сабой, ім важна паказаць бацькам гэты твор.
Этнагасцёўня — стылізаваная сялянская хата з самай сапраўднай цуда-печкай. У ёй і выпякаюць тыя самыя паўлаўскія караваі, якія вядомыя далёка за межамі Слонімскага раёна. Чаму Паўлаўскія? Бо вытокі выпякання здобы бяруць свой пачатак з вёсак Паўлаўскага сельсавета. У адной з іх мясцовыя жанчыны ў 1980-х гадах на базе клуба стварылі аматарскае аб’яднанне «Чараўніцы-каравайніцы». У кожнай гаспадыні быў свой рэцэпт каравая, які пераходзіў з пакалення ў пакаленне.
Асаблівасць слонімскіх караваяў у тым, што тут захавалася лакальная традыцыя выпякаць з выкананнем тутэйшых звычаяў і павер’яў, з песнямі, жартамі і прымаўкамі, якіх каравайніцы прытрымліваюцца гэтак жа, як і канкрэтнай рэцэптуры.
На пасхальныя караваі абавязкова наносяцца сімвалы, як правіла, гэта літары «Х» і «У»- Хрыстос Уваскрос. Такі пірог гаспадыні нясуць у храм. Таксама паўлаўскае печыва можна набыць падчас велікодных кірмашоў. Сёлета такі кірмаш праходзіў у Гродна. Дзякуючы рэцэптуры прыгатавання, якую гаспадыні трымаюць у сакрэце, булка доўга не чарсцвее, можа захоўвацца некалькі тыдняў. Што датычыцца заказаў, іх на свята няшмат, звычайна мясцовыя гаспадыні самі пякуць бабкі і караваі, кажа Наталля Стасюкевіч. Заказы таксама прымаюцца, але на больш значную партыю.
У 2016 годзе паўлаўскія караваі атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Брэндам вёскі Навасёлкі стала свята «Паўлаўскі каравай».
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота — Слонімскі цэнтр культуры
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.