Вы тут

Максім Фадзееў хоча падрыхтаваць артыста для «Еўрабачання» ад Беларусі


Еўрапейскі вяшчальны саюз і Нацыянальная тэлекампанія Украіны нарэшце вызначыліся з горадам, які прыме конкурс «Еўрабачанне» ў 2017 годзе.


Пераможцам адбору стаў, што зусім не дзіўна, Кіеў (нагадаем, украінская сталіца ўжо прымала шоу ў 2005 годзе, а таксама дзіцячы конкурс — у 2009 і 2013 гадах). Як плануецца, удзельнікі 62-га песеннага конкурсу выступяць на сцэне Міжнароднага выставачнага цэнтра, які можа змясціць да 11 тысяч гледачоў.

Таксама былі канчаткова зацверджаны даты правядзення жывых канцэртаў «Еўрабачання»: першы паўфінал пройдзе ў аўторак, 9 мая, другі — у чацвер, 11 мая, а фінал — у суботу, 13 мая.

Акрамя таго, выканаўчы прадзюсар конкурсу Джон Ола Санд абвясціў, што ў краін, якія жадаюць налета выступіць у конкурсе, ёсць час да сярэдзіны кастрычніка, каб падаць у аргкамітэт папярэднія заяўкі. Канчаткова ж спіс краін-удзельніц будзе сфарміраваны напрыканцы 2016 года.


Расійскі прадзюсар прапанаваў Беларусі падрыхтаваць артыста для «Еўрабачання»

Ліст з такой ініцыятывай вядомы прадзюсар і музыкант Максім Фадзееў напрыканцы мінулага тыдня накіраваў на імя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле слоў прадзюсара, ён хацеў бы зрабіць падобны жэст у знак удзячнасці за ўчынак беларускага спартыўнага функцыянера, які разгарнуў расійскі сцяг на адкрыцці Параалімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра.

У сваю чаргу, як расказаў сам Фадзееў выданню Lіfe.ru, ён адчуў жаданне зрабіць «што-небудзь прыкметнае» і для Беларусі. Выявілася гэта ў лісце да Прэзідэнта Беларусі, дзе прадзюсар прапаноўвае «абсалютна бязвыплатна падрыхтаваць ад вашай краіны расійскага артыста на конкурс эстраднай песні «Еўрабачанне» ў 2017 годзе, які таксама ўздыме сцяг Рэспублікі Беларусь над сваёй галавой». Канкрэтных імёнаў кандыдатаў у лісце не названа. Фадзееў дадаў, што, незалежна ад рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі на гэты ліст, ягоная павага да кіраўніка дзяржавы і да ўсяго беларускага народа не пахіснецца ні на імгненне.

Пра рэакцыю кіраўніка Беларусі на гэту прапанову пакуль што нічога не паведамляецца, а вось у творчых колах яна не выклікала захаплення. У прыватнасці, канцэртны дырэктар гурта «J:Mopc» Руслан Старыкоўскі апублікаваў у сацыяльных сетках адкрыты ліст у адказ, дзе выказаў думку, што расійскі прадзюсар проста імкнецца раскруціць свайго новага артыста за кошт Беларусі. Шчырая дапамога прадзюсара беларусам, на думку Старыкоўскага, магла б
заключацца ў напісанні якаснай аранжыроўкі для беларускіх артыстаў. Зрэшты, ці пачуў Максім Фадзееў гэты зварот, застаецца невядомым.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.