Вы тут

Чым Касцюковіцкі раён цікавы патэнцыйным інвестарам?


Летась у Магілёўскай вобласці была зацверджана праграма, якая павінна даць дадатковы імпульс развіццю эканамічнага патэнцыялу сямі паўднёва-ўсходніх раёнаў вобласці. Указам №235 прадугледжаны сур'ёзныя льготы і прэферэнцыі, прывабныя для бізнесу і цікавыя насельніцтву. У рамках праекта «Паўднёвы Усход» «Звязда» на працягу года расказвала пра гэтыя раёны і чым яны могуць быць цікавыя патэнцыйным інвестарам. Мы пабывалі ў Чэрыкаўскім, Слаўгарадскім, Краснапольскім, Клімавіцкім, Хоцімскім, Крычаўскім раёнах. А сёння наведаем апошні — Касцюковіцкі.


Та­кой гас­ці­ні­цы мо­гуць па­зайз­дрос­ціць ін­шыя ра­ён­ныя цэнт­ры.

Гандлёвы цэнтр, басейн і фотаэлектрастанцыя

Праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна станоўча паўплывала на Касцюковіцкі раён. За апошні год ён стаў больш утульным, прыгажэйшым.

— У канцы лістапада ўведзены ў эксплуатацыю 60-кватэрны жылы дом, жыхары якога крэдытуюцца згодна з Указам № 235 пад 1%. Частка навасёлаў — шматдзетныя сем'і, — кажа намеснік старшыні Касцюковіцкага райвыканкама Мікалай Патапенка. — Наогул будаўніцтва жылля немалаважнае пытанне для нашага населенага пункта. Налета будзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне 20-кватэрнага дома. Паралельна з будаўніцтвам вядзецца капрамонт жыллёвага фонду, рэканструкцыя дарожнай сеткі. У будучым збіраемся зрабіць 4-палоснай цэнтральную дарогу па вуліцы Камсамольскай.

Сёлета адсвяткаваў сваё наваселле загс, які пераехаў з райвыканкама ў асобнае памяшканне. Цяпер гэта сучасны аб'ект. У аграгарадку Шарэйкі рэканструявалі спартыўную залу для сярэдняй школы. Да Новага года ў Касцюковічах плануецца запусціць у дзеянне плавальны басейн у ФАКу. Налета прадугледжваецца адкрыццё ўніверсальнай спартыўнай залы на 751 месца, залаў для заняткаў боксам, аэробікай, трэнажорамі, лазні сухога пару і буфета.

Раён надае вялікую ўвагу альтэрнатыўным крыніцам энергіі. Сёлета інвестар з удзелам нямецкага капіталу ўзвёў паміж Касцюковічамі і цэментным заводам фотаэлектрычную станцыю магутнасцю 1,5 МВт. У будучым плануецца запусціць яшчэ дзве такой жа магутнасці кожная. У бліжэйшых планах — будаўніцтва кацельнай, якая знізіць затраты на атрыманне цеплавой энергіі і яе транспарціроўку.

Вядзецца будаўніцтва сельскагаспадарчых аб'ектаў, якія не толькі забяспечаць раён мясам і малаком, але і дадуць магчымасць пастаўляць прадукцыю ў іншыя рэгіёны. Прадпрыемства «Сялецкае» будуе ферму на 320 галоў буйной рагатай жывёлы, а «Машавое Агра» — радзільнае аддзяленне для ацёлу кароў. Гаспадарка цэментнага завода «Цэмагра», якая забяспечвае свінінай Касцюковічы і Крычаў, пабудавала памяшканне для ўтрымання свіней на 684 месцы, стварыўшы 8 працоўных месцаў для абслуговага персаналу. У хуткім часе тут збіраюцца пабудаваць цэх паўфабрыкатаў.

Мі­ка­лай Па­та­пен­ка лі­чыць жыл­лё­вае бу­даў­ніц­тва ў ра­ё­не прыярытэтным.

У раёне модна быць шматдзетным

Новы загс расчыніў дзверы на Дзень Незалежнасці краіны, і з гэтага моманту ў яго сценах зарэгістравалі свае адносіны 65 пар. Умовы сапраўды дастойныя: прасторная зала для роспісу, памяшканне для фуршэта. Тут жа праходзяць урачыстыя рэгістрацыі немаўлят — новых жыхароў раёна. На Дзень маці, напрыклад, іх адбылося чатыры.

— З 212 дзяцей, якія нарадзіліся ў нас на 1 снежня, шмат хто з іх з'яўляецца трэцім або чацвёртым дзіцем ў сям'і, — удакладняе Таццяна Дравалёва, галоўны спецыяліст аддзела загс райвыканкама. — Тэндэнцыя нараджаць трэцяе дзіця захоўваецца ў раёне ўжо некалькі гадоў. Гэта сведчыць пра тое, што ўвядзенне дзяржпадтрымкі станоўча ўплывае на дэмаграфію ў краіне.

Ды і шлюбы, на погляд суразмоўцы, сталі апошнім часам больш трывалымі. А яшчэ моладзь больш цягнецца да народных традыцый. Некаторыя наогул жадаюць, каб галоўнае свята ў іх жыцці было замацавана на роднай беларускай мове. Таццяна ўзгадала, як рэгістравалі шлюб тутэйшы хлопец і ўкраінка. Правядзенне абраду на беларускай мове — іх прынцыповае пажаданне. Распісваліся, праўда, не ў вышыванках. Хаця, калі б была такая патрэба, служачыя ўстановы паклапаціліся б аб нацыянальным адзенні. Дарэчы, у Касцюковіцкім загсе ўзгадваюць, што прыходзілася распісваць інтэрнацыянальныя пары з расіянамі, украінцамі, азербайджанцамі, малдаванамі, нават ізраільцянамі і немцамі.

Сё­ле­та ра­ён­ны загс ад­зна­чыў на­ва­сел­ле.

Нумар для бізнесмена

У Касцюковічах ёсць тое, чым можа пахваліцца не кожны раённы цэнтр, — трохзоркавая гасцініца, якая была пабудавана 8 гадоў таму да 500-годдзя горада. Нумары, як той казаў, на любы густ і кашалёк. Адзін з самых танных — для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каштуе 26 рублёў. Ён якраз знаходзіцца на першым паверсе, абсталяваны парэнчамі, спецыяльнымі прыстасаваннямі. Да паслуг кліента халадзільнік, тэлевізар, камфортная мэбля. Ёсць нумар для гасцей бізнес-класа і нават рамантычны.

— У сярэднім запаўненне нумароў вагаецца ў межах 35—38%, — удакладняе начальнік участка бытавога абслугоўвання і гасцінічных паслуг Алег Ісмайлаў. — Па рэспубліцы гэты паказчык складае прыкладна ад 30 да 40% . Суткі пражывання абыдуцца ў 30 рублёў і больш, у залежнасці ад камфортнасці нумара. Дзякуючы цэментнаму заводу, у нас нядрэнны экспарт паслуг, бо да нас прыязджаюць і расіяне, і ўкраінцы, і немцы.

На жаль, паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўшчыны не вельмі прывабліваюць бізнесменаў з іншых рэгіёнаў, але тут ёсць свае. Раённая гімназія актыўна займаецца інавацыйнай дзейнасцю, больш як шэсць гадоў рэалізуе розныя праекты. Апошні — Цэнтр падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця Касцюковіцкага раёна — быў падтрыманы Праграмай ААН.

— На грошы, якія выдзелілі на гэты праект, мы набылі сучасныя прыстасаванні для адукацыі і энергазберагальнае абсталяванне са спецыяльнымі датчыкамі, — расказвае Алена Ісаева, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Касцюковіцкага райвыканкама. — Па сутнасці, гэта «разумны клас». Калі сюды прыходзяць займацца дзеці, тэмпература паступова павышаецца, а асвятленне становіцца больш яркім. Гэта наш мазгавы цэнтр, месца, дзе ініцыятыўная група навучэнцаў рэгенеруе ідэі. Напрыклад, узнікла неабходнасць прасунуць які-небудзь праект, арганізуецца канферэнцыя, праводзіцца семінар. Трэба ўмець стварыць каманду, дастукацца да настаўнікаў, улады.

Бізнес-кампанія гімназіі спецыялізуецца на вырабе пасцельнай бялізны, дошак для кухні — усё гэта выкарыстоўваецца для патрэб школ і дзіцячых садкоў. Яшчэ адна бізнес-кампанія, якая створана ў сярэдняй школе №1, займаецца хэнд мэйдам — робіць сувеніры. Школьнікі распаўсюджваюць свае вырабы падчас кірмашоў, хутка пачнуць працаваць на дагаворнай аснове з райпа і прадпрымальнікамі.

— Зараз перад грамадствам стаіць задача падрыхтаваць канкурэнтаздольнага, мабільнага чалавека, — кажа Алена Ісаева. — І чым раней ён пачне зарабляць грошы, тым лепш. Нашы дзеці ўдзельнічаюць у інвест-уікэндах, міжнародным інвестыцыйным форуме «Млын поспеху», актыўна прэзентуюць сябе. Мы задаволены іх поспехамі.

На чым можна зарабіць

Тым, хто збіраецца пачаць свой бізнес, але яшчэ не вырашыў які і дзе, будзе карысна даведацца, што да паслуг інвестараў у Касцюковіцкім раёне маецца сем перспектыўных зямельных участкаў і тры капітальныя пабудовы. Тут зацікаўлены ў арганізацыі вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і канструкцый, стварэнні прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, па аказанні транспартна-лагістычных паслуг. У раёне ёсць магчымасць рэалізаваць праекты, якія датычацца аднаўляльных крыніц энергіі, перапрацоўкі адходаў, будаўніцтва гандлёвых цэнтраў. Ёсць добрыя ўмовы перапрацоўкі рыбы каштоўных парод, разліву пітной і мінеральнай вады і безалкагольных напояў, вырошчвання гародніны.

Адзін з прыкладаў паспяховай рэалізацыі інвестыцыйнага праекта — новая лінія нарыхтоўкі торфу на цэментным заводзе. У выніку створана чатыры новыя працоўныя месцы, а галоўнае — на 50% знізіліся аб'ёмы закупкі вугалю.

— Летась прыватнае магілёўскае прадпрыемства «ДрэваПіл» арганізавала ў раёне вытворчасць паліўных брыкетаў, а сёлета заключаны дагаворы яшчэ з двума інвестарамі на будаўніцтва гандлёвых цэнтраў для сеткі крам «Дамашні» на 20 новых працоўных месцаў і «Еўраопт» на 15 месцаў, — расказвае пра дзейнасць Указа № 235 начальнік аддзела эканомікі Касцюковіцкага райвыканкама Святлана Смолікава. — Акрамя гэтага, у нас зарэгістраваліся і плануюць пачаць сваю дзейнасць ААТ «Вугальная кампанія» і ТАА «Тапаз Маркет»..

Даведка «Звязды»

Касцюковіцкі раён займае плошчу 1,5 тысячы квадратных кіламетраў і мяжуе з Хоцімскім, Клімавіцкім, Краснапольскім раёнамі Магілёўскай вобласці, а таксама Суражскім, Гардзееўскім, Краснагорскім раёнамі Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. На яго тэрыторыі пражывае 24 412 чалавек, у тым ліку ў Касцюковічах — 15 872 чалавекі. Раён перасякае чыгуначная дарога Орша—Унеча, сетка аўтамабільных дарог звязвае райцэнтр з Клімавічамі, Краснаполлем, Хоцімскам, Чэрыкавам, Суражам. Тут жа праходзіць адгалінаванне нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. Край багаты на цэментную сыравіну, цэглу, будаўнічыя пяскі, жвір, торф. На 43% раён пакрыты лясамі. На яго тэрыторыі маюцца ландшафтна-паляўнічы і гідралагічны заказнікі мясцовага значэння. Воднае багацце прадстаўлена ракой Бесядзь і яе прытокамі Сураў, Жадунька, Дзеражня, Зубр. Ёсць таксама азёры — Святое, Ціменскае, Нівонскае, Стаючае.

А яшчэ Касцюковіцкі раён ганарыцца сваімі знакамітымі землякамі. Тут нарадзіліся шэсць Герояў Савецкага Саюза, якія ўславілі Касцюкоўшчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх ліку і аўтарытэт усіх дэсантнікаў — знакаміты дзядзя Вася, генерал Васіль Маргелаў, родапачынальнік войскаў ПДВ. Касцюковіцкі край апеты ў творах славутых ураджэнцаў у галіне літаратуры і мастацтва Беларусі. Сярод іх народны паэт БССР Аркадзь Куляшоў, пісьменнікі і паэты Іван Чыгрынаў, Васіль Хомчанка, Алесь Пісьмянкоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Антон Бархаткоў. Дарэчы, пра Камунары. Каб вы не блыталі, гэта адно і тое ж, што і Касцюковічы. Камунарамі назвалі чыгуначную станцыю, якая з'явілася ў 1923 годзе. Гэты факт у сваёй творчасці адлюстраваў Аркадзь Куляшоў. «Ёсць станцыя такая — Камунары,/Не верыш мне, на карту глянь, таварыш:/Уніз ад Оршы, кожнаму знаёмай,/Стаіць яна ля роўных рэек сёмай».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.