Вы тут

Самым лепшым стаў Харлей!


Больш як 460 сабак з усіх абласцей Беларусі, а таксама з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Літвы, Латвіі, Польшчы бралі ўдзел у рэспубліканскай выставе «Залатая восень — 2013». Членамі журы былі эксперты з Польшчы, Украіны, Расіі і Літвы.

«Сабачая алімпіяда» прайшла днямі ў старажытным Віцебску — у культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо г.Віцебска «Дзвіна». Нягледзячы на тое, што ўваход на выставу для гледачоў быў платным, ахвотных убачыць на свае вочы элітных сабак знайшлося нямала. І надвор'е было прыемным — без дажджу. А колькі цікавага вакол! У выніку тыя, хто прыйшоў убачыць «арыстакратаў» з хвастамі, не пашкадавалі.

1380579078619_1

Вельмі цікава было назіраць за тым, як гаспадары рыхтуюць сваіх гадаванцаў да паказу на рынгу. Напэўна, хваляваліся больш, чым іх любімцы. Людзі папраўлялі сабакам прычоскі, зробленыя перад выставай, літаральна нешта шапталі ў вуха, каб толькі не падвёў і выйграў, абяцалі смачнае, калі пераможа... Некаторыя сабакаводы прасілі аўтара гэтых радкоў не фатаграфаваць іх і сабак да выхаду на рынг, бо вераць у прыкмету, што нельга фатаграфавацца да конкурснага паказу.
А як прыемна было глядзець на дам з сабакамі! У некаторых прыгажунь нават валасы былі «ў колер» з акрасам іх чатырохногага сябра. Адным словам, глядзеліся вельмі гарманічна.

1380579081690_2

Сярод сабак, якія выходзілі на рынг, былі прадстаўнікі парод, назвы якіх большасці людзей, далёкіх ад кіналогіі, невядомыя: японскі хін, сіба іну, пці брабансон, шы тцу, бішон фрызэ...
— Усяго тут каля 70 парод. Нашы выставы лічацца вельмі прэстыжнымі, праходзяць два разы ў год. Чарговая — вясной наступнага года, — расказвае Аляксандр САРОКА, старшыня савета віцебскага грамадскага аб'яднання «Кінолаг».


Цікава, што за «золата» і іншыя прызавыя месцы змагаліся сабакі розных узростаў: ад нядаўніх шчанюкоў, якія ўпершыню бяруць удзел у выставах, да «ветэранаў». Спаборніцтвы, такім чынам, праводзіліся сярод бэбікаў, юніёраў... А ўсяго былі выбраны пераможцы і прызёры ў 10 групах. Дарэчы, акрамя ўладальнікаў залатых, сярэбраных і бронзавых медалёў, для ўзнагароджання выклікалі і сабаку, які заваяваў чацвёртае месца. Суддзі такім «даюць шанц паверыць у перспектыву», адзначаюць, што ён — патэнцыйны «класічны» прызёр.
Бадай, самым захапляльным стаў самы першы конкурс — сабак і гаспадароў у строях, а лепш сказаць — у «вобразах». Сярод іншых на рынг выйшлі мама з малым і сабакам у вобразе панды. Апладысменты выклікалі гаспадар і сабака — «алені», «Салоха» і «чорт», «Карабас Барабас» з гадаванцам і гэтак далей. Выйгралі «панды».

1380579083971_3

Лепшым сабакам выставы стаў віцебскі мопс па мянушцы Харлей Дэвідсан.
— Ён — прадстаўнік ужо пятага пакалення мопсаў, якіх я гадую ў сваім пітомніку «Аса», яму 2,5 года. Сабакамі займаюся каля 20 гадоў, — расказвае Святлана Трутчанка, гаспадыня Харлея.
Спадарыня Трутчанка, калі аб'явілі, што яе Харлей — самы «круты», літаральна цалавалася з ім і падкідвала сабачку, як малое дзіця, а віншаванні прымала, быццам пераможца Алімпійскіх гульняў. Тыя, у каго няма пародзістага сабакі, наўрад ці зразумеюць, як прыемна быць уладаром сабакі №1 на такой прэстыжнай выставе.
Удзельнікі выставы з-за мяжы высока ацанілі ўзровень арганізацыі мерапрыемства. А тыя, хто ў першы раз прыехаў у Віцебск, падчас размовы з нашым карэспандэнтам падзяліліся вельмі прыемнымі ўражаннямі ад наведвання горада і гасціннасці мясцовых жыхароў. Некаторыя паведамілі, што збіраюцца ў наступным годзе прыехаць у Мінск — на чэмпіянат свету па хакеі. Праўда, з сабакам ці не — не ўдакладнілі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.