Вы тут

Ураджай без аўралаў


Свята «Дажынкі» ў Жлобіне за тры дні наведала некалькі тысяч чалавек. Нягледзячы на халоднае надвор'е, жыхары і госці горада адпачылі з размахам і задавальненнем.

На галоўнай сцэне «Дажынак» падвялі вынікі жніва. Самы вялікі ўраджай на рахунку Мінскай вобласці — амаль 1,7 мільёна тон збожжа. Лепшай па ўраджайнасці з гектара стала Гродзеншчына. А бясспрэчны лідар па колькасці пераможцаў — Брэсцкая вобласць. Сярод раёнаў у лідарах Баранавіцкі, Віцебскі, Буда-Кашалёўскі і Магілёўскі. Самай высокай ураджайнасці дасягнулі ў СПК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна — 85 цэнтнераў з гектара.

Пераможцы жніва-2013 атрымалі свае ўзнагароды. 12 аўтамабіляў дасталіся самым лепшым хлебаробам краіны. Іншыя атрымалі грашовыя прэміі. Перадавікі жніва з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне святочнай сцэны і новенькіх аўтамабіляў. У інтэрв'ю казалі пра цяжкасці, але ж галоўнае — пра надвор'е, якое сёлета перашкаджала працы практычна ва ўсіх рэгіёнах.
І пасяўную праводзілі позна, і дажджы ішлі падчас уборачнай занадта часта...

1380579148815_1-38

І ўсё ж само паняцце «бітва за ўраджай» сышло ў мінулае. Галоўныя сельскагаспадарчыя кампаніі — сяўба і жніво — зараз праходзяць без аўралаў, у звычайным планавым рэжыме. Ужо месяц таму ўсе гаспадаркі практычна ў агратэхнічныя тэрміны завяршылі масавую ўборку збожжавых каласавых, своечасова праведзена сяўба азімых культур.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

лічыць, што «Дажынкі» маглі б стаць турыстычным брэндам, прыцягнуць у тым ліку беларусаў, якія пражываюць за межамі краіны, а таксама жыхароў суседніх славянскіх краін.

Ужо сёння свята прыцягвае ўвагу замежных гасцей. Мы сустрэлі тут і расіян, і кітайцаў. І ім было цікава ўсё тое адметнае, нацыянальнае, што захавалася ў народзе. Гэта тычылася і адзення, і народных промыслаў, і песень, пад якія іншаземцы прытанцоўвалі, саграваючыся...
Што ж да жыхароў Жлобіна, то яны асабліва ўдзячныя за фантан, які... спявае. Струмені вады «танцавалі» пад мелодыі з дынамікаў, што выклікала захапленне ўсіх гледачоў.

Яшчэ адзін святочны падарунак многія ацэняць літаральна днямі. На ўчастку Асіповічы — Жлобін завершана электрыфікацыя чыгункі. А гэта адзначае, што час шляху да Мінска скараціўся. Электрычкі, якія рухаюцца з хуткасцю 160 кіламетраў у гадзіну, дазволяць эканоміць паліва на суму да $11 мільёнаў у год.

Новая жлобінская гасцініца «Дняпроўская жамчужына» на 114 месцаў была пабудавана ўсяго за пяць месяцаў. З навінак сэрвісу — боўлінг-клуб, більярдавая, бар. Дарэчы, гасцініца стала часткай комплексу, як і новы ўніверсальны спартыўны цэнтр побач з Лядовым палацам і аквапаркам. Зала можа змяшчаць да 1,5 тысячы гледачоў. Для развіцця гульнявых відаў спорту створана ўся інфраструктура. Напрыклад, сістэма сучаснага спартыўнага пакрыцця, устойлівая да механічных пашкоджанняў. Такое «начынне» дазваляе прымаць спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. Ужо зараз трэніравацца сюды прыязджаюць не толькі нашы, але і расійскія спартсмены.
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду да канца года ўнесці прапановы па новым фармаце правядзення фестывалю-кірмашу «Дажынкі». Магчыма, свята будзе праводзіцца ў кожным раёне, у адным з аграгарадкоў. Тады праз 10-15 гадоў у краіне з’явіцца вялікая колькасць добраўпарадкаваных па самым апошнім слове сельскіх населеных пунктаў.

Дарэчы, удзельнікі свята падкрэслівалі, што для іх вельмі важна, акрамя ўсяго іншага, мець магчымасць для абмену вопытам. Майстар вытворчага навучання Марына Манецька, якая прыехала з Калінкавічаў, напрыклад, натхнялася ідэямі ў народных майстроў. Намеснік старшыні Лоеўскага райвыканкама Наталля Каурава лічыць вельмі важнымі стасункі паміж людзьмі. Кажа, што любое свята па-сапраўднаму аб'ядноўвае.

Тры дні грымелі «Дажынкі» ў Жлобіне... Горад металургаў, а цяпер і аграрыяў, перадаў эстафетную палачку наступнай сталіцы свята ўраджаю. У 2014 годзе гаспадарамі рэспубліканскага фестывалю-кірмашу стануць жыхары Гарадка Віцебскай вобласці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.