Вы тут

Споведзь партызана


На працягу ўсяго перыяду Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі вялікую дапамогу рэгулярным часцям аказвалі партызаны. Аляксандр Кірыленка памятае, як, быўшы партызанам атрада імя Чкалава, разам з аднапалчанамі ён набліжаў той доўгачаканы дзень... Дзень вызвалення.

1384403760410_1

— Быў чалавек — не стала чалавека: хапун хапануў, — успамінае Аляксандр Аляксеевіч, як казалі пра тых, хто пайшоў у партызаны. — Я пайшоў ноччу. Ніхто не ведаў. Толькі праз некаторы час употай прыйшоў дахаты і расказаў маці, дзе я, каб не думала, што мяне забілі. У партызаны мяне паклікаў муж маёй стрыечнай сястры. Якраз арганізоўваўся атрад імя Чкалава.

Аляксандр Кірыленка родам з вёскі Негаўка, што ў Буда-Кашалёўскім раёне. Калі пачалася вайна, яму ішоў сямнаццаты год. Іншыя прыпісвалі сабе хваробы, каб толькі не ісці на фронт. Ён жа — гады, каб стаць партызанам.

У атрадзе юнак хадзіў у разведку, дабываў якую-ніякую зброю, прыносіў ежу... «На адным месцы ніхто не стаяў. Партызаны — гэта рух. Вось і рухаліся. Пераначуем у адным месцы, на другі дзень шукаем іншы прыстанак. Так дайшлі і да Рэчыцы, — расказвае ветэран вайны і працягвае: — За ўсю вайну ўдзельнічаў у розных аперацыях. Толькі найбольш моцны бой быў якраз у гэтых мясцінах, у Лазаўскім лесе. Мы тут былі не адны: дыслацыраваліся ў лесе і іншыя атрады. Відаць, пра гэта даведаліся немцы. Пра тое, што яны ідуць у лес, нам данесла разведка. Мы занялі абарону. Разлічвалі, што на танках ім цяжка будзе нас дастаць. Памыліліся: гітлераўцам удалося прарвацца. Цяжкі быў бой. Мы былі вымушаны адступаць.

Усе разбегліся хто куды. Я адарваўся ад сваіх. Раптам чую стогн, кінуўся туды. Гляджу: у лагчыне ляжыць паранены немец. Ён быў без зброі. Для мяне, хлапчука, нарэшце, настаў момант праявіць сябе. Па партызанскіх правілах я павінен быў яго забіць. Не змог. Думаю: навошта яго забіваць, калі ён можа быць карысным? Я яму скамандаваў «Рукі ўгору!» і пад дулам сваёй вінтоўкі павёў у атрад. Думаў, што буду пакараны за тое, што не забіў. А не! Мне аб'явілі падзяку. Камандзір палоннага дапытваў. Што з ім было потым, не ведаю».

...Цікавы выпадак адбыўся якраз перад вызваленнем Рэчыцкага раёна. Ля горада стаяў нямецкі гарнізон. Там былі амаль адны паліцаі. «Не даваў гарнізон гэты нам праходу, — узгадвае былы партызан. — Трэба было яго разграміць. Мы разумелі, што яны ўзброены лепш. Але нам удалося. Мне ад паліцаяў застаўся конь. Ён мне потым і выратаваў жыццё: плаваць я не ўмеў, а фарсіраваць Дняпро прыйшлося».

1384403763731_2

Успамінае Аляксандр Кірыленка і тое, як удзельнічаў у аперацыі па падрыве воданапорнай вежы ў Буда-Кашалёве. Самым цяжкім тут было знайсці выбухоўку.

— Дзе ўзяць тол? Самі плавілі са снарадаў. Адкручвалі ўзрывальнікі, так сказаць, абясшкоджвалі. Потым ужо бяспечныя снарады закладвалі ў бочку, залівалі яе вадой і ставілі на агонь. Ад вялікай тэмпературы тол са снарадаў выходзіў. Потым жалязякі выкідалі, а тол клалі ў спецыяльныя каробачкі з бяросты, якія таксама рабілі самі. Гэта і была наша выбухоўка.

...Пасля вызвалення Рэчыцы Аляксандр Аляксеевіч трапіў у дзеючую армію: у мінамётны полк. Тут атрымаў і першае раненне: у руку. Асколак і сёння не дае яму забыць вайну. Другім раненнем «узнагародзіў» «Андруша» (нямецкі мінамёт кшталту «Кацюшы». — Аўт.). Асколак трапіў у скронь — цудам выжыў. Дзень Перамогі сустрэў у Германіі. Распісаўся на Рэйхстагу. Узнагароды — медаль «За ўзяцце Берліна», ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і іншыя — нагадваюць ветэрану пра тое, што жыццё прайшло не дарэмна, а нам, зусім яшчэ зялёным, што няма нічога горшага за вайну.

Праязджаючы праз вёску Ровенская Слабада, мы здалёк заўважылi помнiк. На пастаменце — невядомы салдат са складзенымi рукамi i з апушчанай галавой. Глядзiць унiз i быццам смуткуе па ўсiх тых, хто пахаваны ў брацкай магiле, што знаходзiцца побач.

Вечным сном тут спяць вайскоўцы, якiя загiнулi пры вызваленнi Рэчыцы i Рэчыцкага раёна. А дакладней, вёсак Роўнае, Ровенская Слабада, Бязуеў, Бярозаўка, Андрэеўка, пасёлкаў Стражынскi, Храбры i iншых населеных пунктаў. Перазахаванне астанкаў салдат-вызваленцаў у агульную магiлу адбылося ў 1964 годзе. Адразу паставiлi i помнiк.

На мармуровай плiце ўвекавечаны iмёны 385 воiнаў. Насамрэч iх значна больш. Таму i вядуцца пошукавыя работы, высвятляюцца iмёны тых вайскоўцаў, якiя загiнулi пры вызваленнi рэчыцкай зямлi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў.

Тычыцца гэта i ўсяго перыяду Вялiкай Айчыннай. Летась выяўлена i ўвекавечана 166 раней не вядомых прозвiшчаў чырвонаармейцаў i ахвяр мiнулай вайны, якiя загiнулi i былi пахаваны на тэрыторыi Рэчыцы i Рэчыцкага раёна. Сёлета такiх iмён 159.

— Усяго на тэрыторыi нашага рэгiёна знаходзiцца 97 брацкiх i iндывiдуальных воiнскiх пахаванняў, — зазначае навуковы супрацоўнiк Рэчыцкага краязнаўчага музея Наталля СЯРНОВА. — 87 з iх адносяцца да перыяду Вялiкай Айчыннай вайны. У iх пахавана 12 726 чалавек. Дарэчы, 28 воiнскiх пахаванняў унесены ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублiкi Беларусь.

Вераніка КАНЮТА, Марына БЕГУНКОВА (фота).
Рэчыцкі раён.

Аўтары выказваюць вялікую падзяку за дапамагу ў падрыхтоўцы публікацый намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама Дзмітрыю ДРЫГУНУ і Аляксею КАЛЬЧУКУ, а таксама навуковаму супрацоўніку Рэчыцкага краязнаўчага музея Наталлі СЯРНОВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.