Веданне палажэнняў Канстытуцыі дапамагае ў працы і юрыстам-міжнароднікам, і адвакатам.
Працэс нарматворчасці вельмі складаны і скрупулёзны. Вялікую ролю ў ім адыгрывае навуковы складнік. І гэта нездарма: перш чым стварыць якуюсьці прававую норму, а тым больш новую сферу адносін, трэба вывучыць шмат дакументаў, існуючую практыку, думкі ў грамадстве, замежнае заканадаўства...
— Мы ж у гэтай справе часта не першапраходнікі, таму навошта вынаходзіць веласіпед? — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Ганна Шпак.
— Таму імкнёмся запазычваць лепшыя напрацоўкі і адаптаваць іх пад нашы рэаліі. Паколькі дзяржава наша маладая, то нарматыўна-прававая база будавалася вельмі інтэнсіўна. Тысячы дакументаў, зацверджаных за гэты час, і сфарміравалі цяперашняе прававое поле. Але галоўнай базай законнасці па-ранейшаму застаецца Канстытуцыя.
Так, артыкул 8 Асноўнага Закона краіны прысвечаны міжнароднаму праву. Згодна з ім, Беларусь можа дабравольна ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх. Таксама не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі. Але як Мінюст удзельнічае ў рэалізацыі гэтых палажэнняў?
— У Законе «Аб міжнародных дагаворах» замацаваны нормы аб падрыхтоўцы міністэрствам адпаведнага заключэння, дзе нормы дакумента аналізуюцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, — паведаміў начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Аляксей Алёшын. — Без гэтага дагавор заключыць немагчыма. Таму мы выступаем у ролі аднаго з гарантаў рэалізацыі міжнароднага права на тэрыторыі Беларусі.
Між іншым, летась былі падрыхтаваны да падпісання праекты міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе з Сербіяй, Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, Паўднёвай Карэяй і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. Праекты адпаведных дагавораў цяпер узгадняюцца з многімі краінамі. У іх ліку — Эстонія, Латвія, Славенія, Інданезія, Кувейт...
Нормы Канстытуцыі фактычна кіруюць жыццём кожнага, дапамагаюць вырашаць спрэчныя пытанні, абараняць свае правы.
— У прыватнасці, артыкул 62 Канстытуцыі стаў для адвакатаў адным з базавых, — запэўнівае старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц. — Напрыклад, у Крымінальна-працэсуальным кодэксе не прапісана, што адвакат мае права прысутнічаць пры допыце сведкі. І таму яму кажуць: «Выбачайце, але мы вас туды не дапусцім». На што адвакат бярэ Канстытуцыю і кажа: «Выбачайце, вось у артыкуле 62 напісана: «Кожны мае права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў любы момант». І менавіта дзякуючы гэтаму нам удаецца абараняць нашых кліентаў больш якасна...
Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што Асноўным Законам краіны ўрэгулявана дзейнасць усіх сфер грамадскіх адносін. Але спецыялісты прыходзяць да высновы: існуючыя заканадаўчыя нормы неабходна ўдасканальваць адначасова з развіццём грамадства і дзяржавы. Таму, як будуць яны змяняцца — пакажа час.
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.