Вы тут

«Едзьце прама і ўгору!»


Працяг вандроўкі «Славацкімі шляхамі Янкі Купалы».

Герб мястэчка Святы Юр — вершнік на кані, які дзідай працінае сімпатычнага тоўсценькага цмока. Цмока нават шкада...

Вобраз святога апекуна прысутны ў мястэчку паўсюдна. (Пісьменніца Людміла Рублеўская нават вырашыла перанесці сюды дзеянне адной са сваіх гістарычных кніг.) Асабліва ж уражвае фарны касцёл Святога Юра ХІІІ стагоддзя. Алтар, выраблены з пясчаніку невядомым майстрам, паказвае сцэны з жыцця святога — дасканала выпісаны нават валасы і элементы адзення. Пад алтаром — старажытная дольная капліца, у двары касцёла — званіца, дзе дрэва захавалася з ХV стагоддзя. Дождж прымусіў затрымацца ў ёй, і беларусы ўзняліся на самы верх, да звона, адтуль і палілася над мястэчкам беларуская песня... Дарэчы, спяваць нашай дэлегацыі давялося і ўвечары, падчас сяброўскай сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй Модры. Купалле ж як-ніяк!

Але пакуль тое, айчынных творцаў павезлі далей па слядах Янкі Купалы — дэгуставаць святаюрскае віно ў мясцовай піўніцы. У дубовых бочках, выпаленых знутры, віно набывае асаблівы смак. У 1935 годзе савецкім журналістам і пісьменнікам у Святым Юры вельмі спадабалася. Праз 80 гадоў — нічога не змянілася! Гэтаксама не хацелі з'язджаць адсюль госці...

Аднак час быў рушыць у Модру (зрэшты, і Купала з дэлегацыяй туды выправіліся адразу пасля абеду), дзе наведалі кермічную майстэрню, галерэю Ігнацыя Бізмаера, усклалі кветкі да магілы паэта Людавіта Штура... Менавіта тут (вось містычнае супадзенне!) я атрымала электронны ліст ад Сяргея Панізніка, дзе паэт згадвае ўласнае наведванне Модры ў 1998 годзе і цытуе свае радкі: «Штур і Купала — след у след: // на пераловы // паэта выгукнуў паэт... // Мы ловім Словы».

[caption id="attachment_89649" align="alignnone" width="600"]Удзельнікі беларускай дэлегацыі Алена Ляшковіч, Анатоль Бутэвіч, Таццяна Сівец. Удзельнікі беларускай дэлегацыі Алена Ляшковіч, Анатоль Бутэвіч, Таццяна Сівец.[/caption]

У Модры мы таксама сустрэліся з мясцовымі творцамі. Падчас сяброўскай вячэры шчырая зацікаўленасць адчувалася з абодвух бакоў, таму і тэмы закраналіся вельмі вострыя: гісторыя Беларусі і Славакіі, пошук чытача, праца бібліятэк. Асноўная выснова, да якой прыйшлі літаратары і журналісты, — наша блізкасць, якую трэба ўмацоўваць узаемнымі перакладамі і сустрэчамі. Дарэчы, разумелі творцы адно аднаго без перакладу!

Ранкам чакалі Пешцяны. Тут, як аказалася, лечаць не толькі цела... Бібліятэка ў Пешцянах уразіла і сваімі багатымі фондамі, і прасторнымі заламі, і 90-гадовым узростам, і тым, што дзеці пачуваюцца цудоўным чынам, бо з кніжкай можна схавацца ў адпаведнай «мудрай норцы», паспаць на падушцы з партрэтам пісьменніка, а, зірнуўшы на ілюстрацыі, намаляваныя проста на сценах, хочацца ўзяць у рукі кнігу, аформленую таленавітай мастачкай.

Дарэчы, да чытання тут стаўленне асаблівае — кнігі можна выпадкова пабачыць і на падаконніку гасцініцы, дзе нас пасялілі, і напаткаць кніжную шафу ў гатэлі, дзе нумар каштуе паўтысячы еўра за ноч; вялікі кніжны збор ёсць і ў доме-музеі Івана Краска. Да візіту беларускай дэлегацыі кніг на беларускай мове тут не было, але гэтую гістарычную памылку айчынныя творцы выправілі.

Нашы папярэднікі, паводле сведчання газеты Slоvеnskе nаrоdnе nоvіnу, якое прыводзіць у сваёй кнізе «Янка Купала ў Славакіі» Мікола Трус, адчувалі сябе тут як дома, «і ўсё дзякуючы сардэчнаму прыёму, што быў такі, як толькі можна пажадаць: без вялікіх пышнасцяў і фармальнасцяў, гасціннасць была шчырай — сапраўды славянскай». Сучасныя творцы знайшлі ў Памятнай кнізе гатэля Thеrmіа Раlасе подпіс Янкі Купалы і пакінулі свае словы захаплення. Падчас вячэры з кіраўніцтвам гатэля абмяркоўвалася пытанне пра ўстаноўку бюста Янкі Купалы на тэрыторыі курорта. Застаецца толькі знайсці скульптара... А пакуль — на ўсход, да Марціна і Высокіх Татраў.

У мястэчку Марцін Купала не быў, але, мяркую, ад знаёмства з адным з важных культурных цэнтраў Славакіі не адмовіўся б. Беларускую дэлегацыю прывіталі ў Турчанскай галерэі, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі і пісьменнікамі. Гасцей пазнаёмілі з сучасным славацкім мастацтвам, распавялі пра цікавага аўтара Мікулаша Галанда, у работах якога можна прасачыць падабенства з творамі мастакоў Парыжскай школы з Беларусі.

Хутка апошні прыпынак — Высокія Татры. А горы, між іншым, усё вышэйшыя. Як сказаў нам той, хто тлумачыў дарогу: «Едзьце прама і ўгору!» І мы паехалі...

Але проста так завітаць у этнаграфічны музей «Ждзярскі дом» нецікава. Беларуская дэлегацыя апранула нацыянальныя строі! А зайшоўшы ў будынак, не змаглі стрымаць узрушаных воклічаў: «Дык мы ж у Вязынку трапілі!» Славацкая хата надта ж нагадвала нашу, беларускую, Купалаву... Гаспадары прапанавалі гасцям і расповед пра народныя традыцыі, і ўдзел у абрадзе, і адметную мясцовую кухню. У саміх жа Высокіх Татрах пасля сустрэчы са славацкімі калегамі і чытачамі чакаў сюрпрыз — пад'ём канатнай дарогай у горы. І там, на вяршыні, прыгадаліся радкі Янкі Купалы:

А на небе след цярэбе

Сабе сонца залаты,

Свеціць, грэе долы, горы,

Ў сэрцы шле агонь святы.

Таццяна СІВЕЦ. lim@zviazda.by

Браціслава — Мінск

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.